Валерый ГАПЕЕЎ
НЕАДПРАЎЛЕНАЯ АПОВЕСЦЬ
Паважаны рэдактар!
Ведаю, што Вы чакаеце рукапіс ад Віктара
Этроў, які ён Вам абяцаў, — аб актрысе Одры
Хэпбёрн. Вы не атрымалі і ўжо не атрымаеце ад
яго аповесць. Я адпраўляю вам гэтыя запісы, якія
патлумачаць прычыну таго, чаму Віктар не выканаў
абяцанне. Не ведаю, ці мажліва апублікаваць тое, што я Вам пішу,
але я вельмі спадзяюся на такі фінал.
Бо калі мае радкі пабачаць свет,
то жыхары пасёлка, якіх я пачаў шчыра паважаць
(як і Віктара), даведаюцца аб сапраўдных абставінах
трагедыі, што ўскалыхнула іх жыццё.
З павагай — карэспандэнт NewsAII.
***
«Ён нічога не расказаў
Віктар Этроў, абвінавачаны ў забойстве свайго суседа, 46-гадовага Дэвіда Хінта, у судзе адказаў толькі аднойчы аднаскладовым “так” — калі суддзя спытаў, ці прызнае ён сябе вінаватым. Прычына гэтага дзікага забойства так і засталася нявысветленай. Нагадаем чытачам: 3 лістапада каля 17 гадзін Віктар зайшоў у кавярню Лінды са сваім карабінам — ён гуляў па лесе. У гэты час там шмат дзікоў, таму ніхто не здзівіўся зброі, бо стрэлам можна адпудзіць звяроў і гарантаваць сабе бяспеку. Віктар замовіў, як звычайна, куфель цёмнага піва, сядзеў задуменны ў самоце. Праз нейкі час у кавярню прыйшоў яго сусед Дэвід. Ён пахваліўся сваім здабыткам (Вы чыталі пра гэта раней). І тут Віктар раптоўна ўзняўся з месца і стрэліў.
Куля трапіла Дэвіду ў галаву, ён памёр імгненна.
Віктар сеў на месца, і заставаўся сядзець безуважным да акаляючага свету, пакуль не прыехалі паліцэйскія.
Ні на адно пытанне следства і суда ён не адказаў. Не прамовіў ні слова і не змяніўся тварам, калі пачуў прысуд — электрычны стул...»
***
Я адкінуўся на спінку стула і ўтаропіўся ў манітор ноўтбука. Гэта тое, што я змагу заўтра пакласці перад рэдактарам. Да гэтага я выціснуў са здарэння ўсё, што мог: што Віктар і Дэвід во сем гадоў жылі мірна побач; што абодва былі закаранелыя халасцякі; што Віктар пра-цаваў праграмістам і быў паважаным спецыялістам і спагадным суседам, добрапрыстойным грамадзянінам, нядрэнным гаспадаром.
Я павінен быў грызці зямлю, але пакласці перад рэдактарам хоць бы адну версію. Версій не было. Бо не было жанчын, палітыкі, спрэчак за зямлю. Віктар і Дэвід не былі геямі.
Гэты беларус (Віктар Хітроў) панясе прычыну свайго злачынства з сабой. За што ён забіў?
Калі я не адкажу на гэтае пытанне любой, хай самай фантастычнай прыдумкай, абы каб пад ёй быў хоць адзін сапраўдны факт, мяне вышпурнуць з газеты. Таму што хтосьці з маіх калег-журналістаў нешта ды знойдзе...
Нельга ж лічыць удалым вывад пра тое, што ў Віктара адбылося кароткае вар’яцтва? Якім чытачам цікава чытаць пра дзеянні душэўнахворых?
Сядзець было бескарысна. Завёў свой старэнькі «форд» і зноў паехаў у пасёлак.
Прыехаў і зразумеў, што еду сюды толькі каб заспакоіць сумленне. Куды ісці? Да каго? Пад’ехаў да таго самага кафэ-бара ля раўчука. За раўчуком адразу пачынаўся лес.
У бары было ціха і пуста. Толькі адзін з жыхароў (за гэтыя дні я ўжо амаль усіх тут ведаў у твар) і барменка Лінда.
Мясцовым быў, здаецца, Эрні Х’юг. Гадоў пяцідзесяці, шырокі ў плячах, высокі — мясцовы асілак, у выцертай шэрай скуранцы.
Я ўзяў сваё піва, уключыў дыктафон у нагруднай кішэні пінжака, падышоў да століка.
— Не перашкоджу?
Эрні паглядзеў на мяне насмешліва і з агідай.
— Едзь прэч. Тут — бяда, а ты спрабуеш урваць кавалак патлусцей. Едзь, пакуль у цябе цэлыя сківіцы і рэбры.
— Гэта пагроза? — я прысеў насупраць Эрні. — Што я дрэннага зрабіў? Я ўсяго толькі хачу ведаць праўду.
— Ты хочаш зарабіць грошай на нашай бядзе. Праўды не ведае ніхто.
— Кожны зарабляе так, як умее, — паціснуў я плячыма. — Некаму ж трэба пісаць крымінальную хроніку ў газету. Шукаць адказы на пытанні...
Эрні зрабіў вялікі глыток, паставіў куфель на стол, зірнуў на рэшткі піва, зноў падняў куфель і перад тым, як прыпасці вуснамі да яго края, ціха, але выразна, як кропку ставіў, сказаў:
— Як жа я вас ненавіджу, пісарчукоў паганых. Вы множыце бяду, вы разбураеце тое, што дорага людзям... Нікому не ведаць праўды.
Читать дальше