Валерый ГАПЕЕЎ
Я РАЗМАЛЮЮ ДЛЯ ЦЯБЕ НЕБА
Казка для дарослых дзяцей
Мама — гэта нешта вялікае, пяшчотна-цёплае, з лёгкай незразумелай журбінкай у голасе, гатовае ўсё прабачыць, выслухаць і зразумець. Гэта вялікае пастаянна ахутвае Жэньку, яму лёгка і ўтульна.
Тата — гэта нешта рэзка-вуглаватае, строгае і прамое, як іх дом, цвёрдае, халоднае. Яно заўсёды насцярожанае, гатовае паправіць, асудзіць і нават накрычаць.
А яшчэ ёсць кплівае, яхіднае, якое адно і чакае моманту, каб пакрыўдзіць і зняважыць — гэта Мікіта.
І яшчэ… Пра гэта Жэнька нікому не кажа, нават маме, хоць яна іншы раз спрабуе знайсці і зразумець сярод усіх яго пачуццяў ды адчуванняў і гэты маленькі пухнаты камячок чагосьці дрыготка-далікатнага, які хочацца схаваць ад усіх, абараніць, зрабіць нешта добрае-добрае, каб яму, камячку, стала весела і радасна.
Гэта калі Жэнька нікога не бачыць, а толькі адчувае. А калі бачыць, тады мама — вельмі прыгожая жанчына. Жэнька ведае, чаму мама прыгожая: у яе добры генетычны патэнцыял — так усе кажуць. І таму ёй дазволілі нараджаць. Жэнька не разумее, што гэта такое, але яму і не трэба гэтага. Ён проста любіць глядзець на маму, але крадком. Празрыстае адзенне не хавае яе цела. Жэнька чамусьці бянтэжыцца гэтай адкрытасці, хоць мама толькі смяецца. А тата злуецца, кажа на Жэньку, што ён — мамчын сынок.
Тата — высокі і моцны мужчына. Калі Жэнька вырасце, ён павінен быць такім жа прыгожым, як мама, і дужым, як тата. Таму што ён — прадаўжальнік роду.
Праўда, яго трэба яшчэ выхаваць, як след, часта паўтарае тата. Інакш будзе дарма страчаны генетычны патэнцыял.
Калі Жэнька расплюшчвае вочы, тады той далікатны камячок становіцца проста Лінай. Дзяўчынкай з суседняга дома. Калі цямнее вялікае Сонца над галавой і Купал з белага становіцца шэрым, ён любіць глядзець на Ліну праз празрыстыя сцены іх дамоў. У Ліны пакой такі ж, як і ў Жэнькі, у тым жа куце дома. Толькі паміж імі пакой дарослых, і яны часта засланяюць сабой Ліну. Добра ббыло, каб людзі, якія жывуць у празрыстых дамах і носяць празрыстую адзежу, самі рабіліся празрыстымі. Калі ты захочаш.
А Мікіта — гэта хлопчык з дома праз вуліцу. Яго таксама Жэнька часта бачыць. Як толькі Жэнька глядзіць туды, Мікіта тут жа крывіць твар і паказвае яму, Жэньку, нейкія незразумелыя жэсты. Мусіць, для яго не раз ужо гучаў званок. Хай яму будзе горш — бо калі часта звініць званок, тады ў цябе менш шанцаў стаць сапраўдным грамадзянінам Купала. Так кажа тата.
— …І тады лепшыя сыны нашага народа вырашылі абараніць сябе і сваіх дзяцей ад немінучай смерці: стварылі Вялікі Купал ды запалілі ў ім Сонца. І стаў Купал выратаваннем для іх, для ўсіх, хто верыў у Вялікі Шлях. А ўсё астатняе загінула ў страшнай Цемры. Тысячы людзей самааддана працуюць сёння, каб працягвалася жыццё — адзінае жыццё сярод Цемры. І вы ўсе, маленькія грамадзяне Купала, павінны расці і вучыцца, каб змяніць потым сваіх бацькоў, каб працягнуць вялікую справу жыцця…
Жэньку не цікава. Ён ужо ведае пра ўсё гэта, бо нешта расказвалі ў дзіцячым садку, а больш тлумачыў тата. Жэнька цяпер у школе. Ён адчувае спакой мамы за яго, тата зусім пра яго не думае, калі працуе. Вакол Жэнькі — толькі Ліна, Мікіта і строгі Настаўнік. Ліна побач — яе можна крануць рукой. Жэнька баіцца, што яна адчуе яго, ён з усёй моцы спрабуе стрымаць у сабе моцнае пачуццё пяшчоты да яе, якое ўспыхнула невядома з якой нагоды. І яна адчула, забылася на голас Настаўніка, паглядзела на Жэньку і ўсміхнулася. Жэнька адчуў кволую, асцярожную пяшчоту ў адказ. І ў тое ж імгненне ўсё запоўніла сабой злосць і пагроза — гэта Мікіта, ён сочыць, адчувае.
— Уважліва слухайце мяне! — грозна прамаўляе Настаўнік.
Зваротная пяшчота згасае, а злосць толькі ледзь прытухае…
Дрэнна, што ты не можаш адчуваць усяго Настаўніка, а толькі яго строгасць. Але нічога, яны хутка вырастуць. Калі ім споўніцца па 16 гадоў, то замест дзіцячага абруча на назе, надзенуць на рукі бранзалеты сапраўдных грамадзян. І тады Жэнька будзе адчуваць не толькі маму, тату і сваіх сяброў, але ўсіх-усіх жыхароў Купала. Усе іх пачуцці. І ўсе будуць адчуваць твае. Тата кажа, што гэта завецца поўным уключэннем у адзінае эмацыйнае поле. І гэта вельмі добра калі ўсе людзі вакол адчуваюць адно аднаго. Тады нельга задумаць ліхое. Бо калі нехта задумае ліхое, Купал загіне.
…Дома Жэнька маляваў толькі алоўкамі: свой горад, увесь празрысты, з аднолькавых празрыстых дамоў-каробак. Маляваць горад было сумна, усюды аднолькавыя вуліцы разбіваюць яго на аднолькавыя кварталы. Тата кажа, што такое ўладкаванне горада аптымальнае. Што значыць — аптымальнае, Жэнька пакуль не разумее, але калі кажа тата — значыць, так трэба.
Читать дальше