I ўсё-такі нечага ў ім не разумелі — гэта бачыў нават я. Так, жарсткаваты, можа, залішне, але затое i смелы, i затое касачовец ведае, што яго параненага не кінуць, як здараецца часам у іншых, a ўжо з засады сарвацца, пабегчы без каманды — такога ў нас не бывае. Храбры не пабяжыць таму, што ён храбры, а баязлівец — бо ён баязлівец i ведае, што лёс ягоны вырашаць будзе Касач.
Але гэтая яго незразумелая, іранічная да ўсяго — i дрэннага i добрага — усмешка! Яна ўсіх i ўсё па-крыўднаму раўняла: здаецца, Касач бачыць, помніць цябе толькі ў той момант, калі ты ў яго перад вачамі. I кожны раз як бы ўпершыню заўважае.
Зрэшты, іншых гэта, магчыма, мала бянтэжыла. Але ж я быў закаханы!
Вось я стаю на пасту каля штабной зямлянкі: лагер паволі засынае, рассядланыя коні пад стрэшкай гучна хрумстаюць канюшынай. Нехта ідзе да штаба, шастаючы падмерзлым сухім лісцем. У халодным змроку пазнаю мажную, у кароткім кажусе i вушанцы постаць Касача. Як належыць, аклікаю: «Хто ідзе?» — грозна, радуючыся, што ён чуе мяне, мой партызанскі вокліч, але i саромеючыся трохі. Бо я пазнаў яго, i ён ведае, што я пазнаў яго — нібыта гульню прапаноўваю.
— Пароль! — патрабую, ужо цішэй.
А ён ідзе на мяне з цемені, моўчкі, не суцішаючы хады. Я клацаю затворам, але тут жа кажу:
— Гэта вы, таварыш камандзір?
Як яшчэ не закрычаў: «А, пазнаў, ага!»
Касач рашуча падышоў, пагардліва, як палку, адвёў убок маю вінтоўку.
— Чаму не страляў?
Гульня дык гульня — ён вось якую мне прапаноўвае!
— Я ж адразу пазнаў вас.
— Калі не спыніўся, не назваў пароля — бі!
— Я ж…
— Не мае значэння, — Касач блізка i ўважліва зазірнуў у мой разгублены i пакрыўджаны твар, усміхнуўся: — Двое сутак гаўптвахты.
Мабыць, каб зразумеў, што вайна — гульня сур'ёзная, злая.
Але i тут касачоўцы рабілі, давалі папраўку на характар свайго камандзіра. Удзень на гаўптвахце сапраўды моташна, няўтульна: нары з альховых жэрдак прыбіраюць, стой ці сядзі на кукішках у прамерзлай зямлянцы, дыхай у каўнёр, прапахлы бацькоўскім тытунём… Але затое ноччу! Ноччу ў цябе ўсе прывілеі, падкрэслены клопат каравульнага ўзвода.
Цікава, расказалі Касачу хаця б пасля вайны, як кармілі гаўптвахту ca штабнога катла?
Я сам у гэтым удзельнічаў, калі надаралася стаяць на пасту каля кухні. Стаіш i ведаеш, што неўзабаве з'явяцца. (Брынканне кацялкоў замест пароля.)
— Глядзі добранька, калі пастаўлены! — захліпнецца смяшком які-небудзь Рыжы ці Зуёнак, a ў самога ўжо рукавы закасаны па локаць. Хапае з меншага катла кавалкі мяса, дзьмухае на пальцы, а ты, вартавы, яму яшчэ i кацялкі трымай: адзін — для гаўптвахты…
…Касач сядзіць у мяне за спіной, той жа, але i зусім іншы. Урэшце, я не ведаю які.
Нешта сваё, добрае i благое, аддавалі мы тады гэтаму чалавеку, нешта наша ён нёс у сабе.
А зараз сваё адабралі, узялі сабе, а ён нібы той, ранейшы, але ўжо i другі.
Па-рознаму ўсё гэта людзі пераносяць. Каторыя страшна здзівіліся б i пакрыўдзіліся: быў гаспадар над жыццём i смерцю, а цяпер кожны мае права жыць, быццам цябе i не было над ягонай воляй, лёсам. Іншы жыве i ўсё прымярае: ды ўчора, ды я мог, ды цябе ж!..
Касач не здаецца мне такім. Ен умеў камандаваць. Але не думаю, што ўвесь быў у гэтым. Яго іранічная, часам нават недарэчная ўсмешка — гэта нейкі погляд збоку на тое, што ён рабіў так умела i цвёрда. Бадай, рахункі ў яго былі не з аднымі немцамі, але i яшчэ з чымсьці. З самою вайной, ці што? Ці не таму ён — менш касачовец, чым усе мы: не збліжала яго з людзьмі справа, якую ён так дакладна i цвёрда рабіў. Так, мы яму аддавалі нешта сваё, нёс ён у сабе i наша. Але не вясёлую зухаватасць, як Косця-начштаба, а нешта зусім іншае. Магчыма, чалавечую патрэбу помсціць вайне вайной жа — за тое, што табе выпала з ёю спазнацца. Калі я, вядома, не ўскладняю Касача. Але i спрошчваць яго таксама нельга.
Але ж, праўду сказаць, сённяшняга Касача я i зусім не ведаю.
Усю дарогу ён маўчыць. Разам з Глашай маўчыць. Калі яна яго ўбачыла, на твары яе, магчыма, нічога не адбілася. Тварам людзі вучацца валодаць, але рукі скажуць усё — на маім плячы была яе рука.
Я заўсёды лічыў сябе пачварай, нават калі вочы былі. Быццам можа чалавек з вачамі быць пачварай. Зрэшты, да сустрэчы з Глашай мяне гэта не цікавіла. A калі ў атрад трапіў, дык нават дужа сабе падабаўся. Вінтоўка, граната — партызан! Якой яшчэ прыгажосці ад чалавека трэба!
А потым глянула на гэтага партызана дзяўчынка, засмяялася на ўсю вуліцу — i ўсё перамянілаея.
Дзень той выдаўся, бы назнарок, сыры, халодны, шэры. Сена пада мной, якое я ўзяў на залітым паводкаю лузе, таксама было сырое, зляжалае. На высокім, нічым не ўціснутым возе ехаў я вясковай вуліцай, выглядаючы, у якой хаце мне папалуднаваць. I раптам убачыў Касача: вярхом на дужым, злосным жарабку, а за ім — ад'ютант у рамянях i гусарскіх бакенбардах. Пакуль я любаваўся намі, касачоўцамі, неўпрыкмет, лёгка (у думках, вядома) перасадзіўшы Жэньку на свой воз, а сам ускочыўшы на яго каня, я зусім забыў пра свайго шыраказадага «Герынга» , а ён, фашысцкая морда, мне i падстроіў. Раптоўна адчуў, што воз нахіліўся, што зараз саслізгну, спаўзу разам з сенам, паволі i непазбежна, якраз у вясковую лужыну.
Читать дальше