— Трэба выламаць палкі. З палкамі надзёжна! У блізкіх кустах яны павыламвалі сабе крывулякі-палкі, якімі пачалі пароць у мох і ваду — мацаць дно. Ботаў ужо не скідалі, не было патрэбы, бо там даўно ўжо чвякала і сіпела — набралася вады. Пакрысе намоклі і штаны — у Косці ажно да пояса. Босыя Косцевы ногі лёгка правальваліся ў дрыгву, затое лёгка і выцягваліся з яе. Не тое што ў Тумаша, які аднойчы згубіў свой кірзач. Пасля доўга лаяўся і шукаў у багне палкай, ды ўрэшце дастаў змакрэлай да пляча рукой.
Тут Косця зноў ішоў наперадзе — шукаў найлепшы кірунак, па якім брылі астатнія. Кожны крок даваўся яму цяжка. Спярша пароў у дрыгвяную кашу палкай — у адно, затым у другое месца, затым асцярожна ступаў туды і, калі не адразу правальваўся, хутка скакаў на два-тры крокі. А то кідаўся ўбок, каб не надта глыбока праваліцца. Камандзір за ім усё адставаў, губляў яго след і лаяўся. Косця адчуваў сябе вінаватым, але памагчы камандзіру не мог. Багна яна ўсюды здрадлівая, найлепш яе перайсці як мага хутчэй.
Мабыць, тое разумелі і астатнія, бо хоць зрэдчас і лаяліся, але ішлі за хлопцам. Тым болей, што наперадзе, трошкі ўбаку і зводдаль зацямнеўся нешырокі клінок маладога хвойніку, — падумалася: там будзе сушэй.
Косця брыў, прыкідваў на вока, куды ступіць, і шырока скакаў. Часам удала, а часам правальваўся аж да грудзей. Надвячоркам ён быў ужо ці не ўвесь мокры, перапэцканы чорнай тарфяной граззю. Ужо і санітарная сумка добра намачылася, як ён яе ні бярог ад вады. Тое яго болей за ўсё засмучала, але што зробіш? Іншыя таксама былі ўсе мокрыя з галавы да пят, з бруднымі рукамі і тварамі. Па гэткім балоце Косця яшчэ не хадзіў ніколі, не было патрэбы. Улетку сюды прыходзілі бабы па ягады, але збіралі іх там, дзе суха. Нашто каму было лезці ў багну? Зімой, як балота ўмярзала, мужыкі, можа, і пераязджалі куды на санях — каб напрасткі. А болей каму што трэба ў балоце?
Аднаго разу Косця недагледзеў і шухнуў у прорву ледзьве не з галавой. Хлопец спалохаўся — так можна і ўтапіцца. Ледзьве выбавіўшыся з прадоння, стаў на купіне, перакуліў сумку, у якую таксама набралася вады. Так стаяў колькі хвілін, пакуль з ягонай апраткі цурком сцякала вада, і думаў, што Рабінзону ўсё ж было лепш — той плыў па моры, у чыстай вадзе. I яшчэ ў яго быў сябар — Пятніца… Удвух заўжды не так, як аднаму, — у два разы лягчэй у кожнай бядзе. Было б добра, калі б учора з ім пайшоў яго сябра Лёнька, яны, пэўна, хутчэй бы завялі партызанаў у Багавізну. Ды Лёнька паехаў вазіць з бацькам сена, а Косця адбываў радоўку на пасце. Кепска, што ён нічога не сказаў нікому, Аўгуста там, пэўна, раскрычалася на ўсю вёску. З паўдня з ёй на пасту, канешне, пагнаў брацік Віцька. Малы яшчэ бегаць за каровамі, але больш няма каму. Косця любіў брата, можа, болей, чым маці, браў яго на возера вудзіць уклейкі, катаў на брычцы, як звозілі сена. А ўзімку расказваў прачытаныя кніжкі. Віцька заўсёды ўважліва, амаль зачаравана слухаў, а пасля ўвечары мкнуўся расказаць пачутае маці. Маці, аднак, слухала кепска — яна болей плакала.
Каб хутчэй прыйшоў бацька, было б лягчэй, а галоўнае — весялей дома. I Віцьку, і Косцю, і, пэўна, павесялела б маці. А то ўсё сварыцца і плача, плача і сварыцца. Праклятая гэта вайна! Яна забрала іх бацьку. I вучыцца няма як. Няма школы, настаўнікі параз’язджаліся хто куды. Некаторыя ў горад ці ў якую вёску. А настаўнік матэматыкі Пётр Максімавіч, кажуць, стаў паліцыянтам у раёне. Ціхі быў, добры вучыцель. Чаму так?
Далей яны ішлі так: Косця, які трохі прызвычаіўся да дрыгвянога шляху, далекавата адрываўся ад астатніх — ён бы разведваў накірунак, пракладаючы ў імшарыне блытаны, разварушаны ў гразі след. Прайшоўшы, здаля чакаў камандзіра, які брыў не дужа рухава, болей ашчадна і, дагнаўшы хлопца, хвіліну адпачываў на купіне побач. Тады Косця зноў лез у багну і брыў далей. У адным месцы не было і купіны, каб спыніцца, і хлопец ледзьве не плыў, па плечы пагрузшы ў чорнай з аерам вадзе. Ля зарасніку жоўтых гарлачыкаў неяк выбраўся на мяльчэйшае, уладкаваў на кусце сваю дашчэнту мокрую сумку і быў гатовы заплакаць, што гэтак няўдала завёў партызанаў. Думаў, камандзір яго вылае, як падыдзе бліжэй, і каб не слухаць лаянкі, зноў памкнуў у багну.
Так яны і прабіраліся — быццам перабежкамі на полі бою, як пажартаваў здаля старшына Агрызкаў. Малайцы партызаны, яшчэ сказаў ён, зашыліся так, што ніякі Пінкертон не знойдзе. Мабыць, так, думаў Косця, які таксама колісь чытаў пра Пінкертона, але цяпер чамусьці не адчуў жаднага захапленьня партызанскаю хітрасцю. Між тым хвойны грудок, куды яны трымалі накірунак, пакрысе набліжаўся. Хаця яшчэ доўга давялося ім боўтацца, правальвацца і караскацца на купіны, пакуль дасяглі цвярдзейшага пад нагамі. I не заўважылі нават, як за балотам села ў хмару нізкае сонца. Накаціўся вечар.
Читать дальше