На пачатку ягонай службы ў аддзеле, калі ён яшчэ не набраўся пэўнага вопыту, было некалькі выпадкаў, што ўзнагароду зніжалі, і тое выклікала абурэнне партызанаў. Але здарыўся і выпадак, калі ордэн падвысілі адразу на тры ступені. Гэта калі замест «Айчыннай вайны» партызану-снайперу далі ордэн Леніна. Тады ён ажно спалохаўся, бо прычынай таго стаў недагляд машыністкі, якая замест 28 забітых снайперам фашыстаў выдрукавала 82. У аддзеле быў вялікі спалох, але нядоўгі: скаргі з месца не паступіла, бо хутка і камандзіра таго снайпера няблага ўзнагародзілі.
Зноў жа трэба ўлічваць, каго ўзнагароджваюць. Калі радавых партызанаў, ну там падрыўнікоў, разведчыкаў ці падполыячыкаў, можна ня дужа дбаць — гэтым што дадуць, тое і добра. А калі камбрыгаў ці камісараў? Не дай Бог камісару брыгады аформіць меншы ордэн, чымсьці камбрыгу. А то прышлюць голы тэкст кшталту: вёў вялікую палітмасавую работу па згуртаванні партыйнай арганізацыі атраду (ці брыгады), натхняў масы на выкананне задачаў, пастаўленых таварышам Сталіным у загадзе нумар такім. А дзе канкрэтыка? Начальства патрабуе канкрэтыку. I тады начальнік аддзелу капітан Гусакоў сядае за стол і піша: сакратар падпольнага бюро (райкаму, абкаму, акружкаму) у самы рашучы момант бою асабістым прыкладам павёў людзей у контратаку, сам лёгшы за кулямёт, знішчыў 127 эсэсаўцаў, астатніх абраціў у бегства. Тое падабалася і гарантавала ўзнагароджанне высокім ордэнам Чырвонага Сцягу. Звычайна герой і не падазраваў, каму абавязаны, думаў: непасрэднаму начальніку, які прыслаў на яго малапісьменную цыдулку. Але капітан Гусакоў не мае ніякіх ні да кога прэтэнзіяў, ён выконваў свой вайсковы абавязак — не болей.
Трошкі, праўда, рабілася крыўднавата, Кусала самалюбства. Столькім героям ён забяспечыў урадавыя ўзнагароды, а сам як атрымаў летась ордэн Чырвонай Зоркі, так з ім і хадзіў, нібы які камандзір узводу, а не працаўнік Цэнтральнага штабу. Можа, з тае прычыны ён і папрасіўся ў гэтае дэсантаванне, хоць і разумеў, колькі яно ўтойвае небяспекі. I яго зразумелі. Генерал Кругляк з аддзелу кадраў аўтарытэтна сказаў: едзь! Вернешся — узнагародзім. Што ж, дзякуй. Трэба толькі вярнуцца.
Была, аднак, у гэтай яго камандзіроўцы і яшчэ адна асаблівасць — пільная нутраная патрэба рэабілітавацца, ці што? Мабыць, у адным канкрэтным выпадку, афармляючы высокі ордэн, ён перастараўся. Увогуле ўсё адбылося гладка і паспяхова, начальнік атрымаў узнагароду, яго віншавалі і нават надрукавалі ў газетах. А потым… А потым таго начальніка ўзяў асобы аддзел, а Вярхоўны Савет ануляваў сваю ўзнагароду. Пачалося расследаванне, Гусакова выклікалі, дапытвалі. Не тое, каб наклалі спагнанне, ды ўсё ж узялі пад падазрэнне. Тут ён прызнаўся найперш самому сабе, што спудлаваў, паспяшаўся. Мабыць, ніколі не трэба спяшацца, самому дзешавей абыдзецца. Але ж тады хто ведаў? Усё ведаюць хіба адны органы…
Косця таксама акрыяў душой, калі ўбачыў знаёмае возера. Тут яны летась спыняліся, як ездзілі на станцыю, паілі каня. Праўда, што знаходзіцца па той бок возера, хлопец ня ведаў, але напрамак на Багавізну адсюль вызначыў пэўна. Толькі ці далёка было да яе, сказаць таго ён не мог.
Па балоце ён ішоў разам з камандзірам, між куп’я па імшарыне тое было няцяжка. Санітарная сумка трохі муляла на ягоным плячы, ды нішто; ужо ён яе як-небудзь данясе. Тым больш, адпачыўшы ў цяньку пад кустом. Каб яшчэ што-небудзь з’есці. Але ежы тут не было, апроч хіба журавінаў. Ды хіба журавінамі пад’ясі?
Горш тое, што хацелася піць.
Можа, і дзіўна будзе каму гарадскому, што тут, на балоце, не было дзе напіцца, але пэўна так. Рэчка болей ім не трапляла, а вада з-пад імху была дужа непрывабная — рудая, з балотнай церухой, такой не пап’еш. I ён мусіў трываць, адно імкнучыся наперад, каб як-небудзь дапнуцца да берага гэтага бясконцага балота. Ён быў упэўнены, што Багавізна блізка.
Адпачыўшы на купіне, яны зноў рушылі па хмызняковай імшарыне. Але неўзабаве збавілі хаду і нават спыніліся — камандзір здорава праваліўся праз мох у багну, спярша адной, а затым і абедзвюма нагамі. Косця памкнуўся яму памагчы, ды і сам загруз босымі нагамі да самых каленяў. Тут яны агледзеліся, што наперадзе? Наперадзе аказалася яшчэ горш — пачыналася сапраўдная багна з асакой, аерам, вадзянымі вокнамі і дрыгвой.
Але што было ім рабіць? Ці, можа, вяртацца назад, ці спрабаваць прабірацца па гэтай дрыгве? Вяртацца, вядома, нікому не хацелася, і камандзір, пару разоў вылаяўшыся, сказаў:
Читать дальше