Гусакоў застаўся адзін, ён нервова лаяўся ў думках: вось жа халера! Не падумаў, што так можа ўсё стацца. Усё ішло ладна, яны без стратаў і сутычак дабраліся да мэты і — на табе; невялічкая балючая праблема. Даволі паскудны сюрпрыз! Але, можа, гэта толькі здаецца — праблема? Увогуле, — якая праблема? На акупаванай тэрыторыі. Аднаго чалавека. Хоць бы і хлопчыка. Немцы іх вунь колькі нішчаць кожнага дня — і хлопчыкаў, і дзяўчынак. Шкада, канешне, але ж бяспека партызанскага злучэньня важней. Адпусціш, а калі перахопяць немцы? Ужо ў гестапа ўмеюць выцягваць сакрэты. Не толькі ў падлеткаў-хлопчыкаў. А гэты старшына — не буду. Шкада. Быццам яму не шкада. Ці генералам, камандуючым на фронце не шкада гэткіх во ці трохі старэйшых хлопцаў, што тысячамі кідаюць у бой, і тыя не вяртаюцца, застаюцца ўгнойваць рускую зямлю? Мабыць, шкада. Але будзеш усіх шкадаваць, не дачакаешся перамогі. Сам ляжаш у зямлю.
Мусіць, што ляжаш сам — тое галоўнае. Для кожнага. I для яго таксама. Бо і ён у пастцы — хлопца ні пусціць, ні ўзяць з сабой нельга. Адразу ж прычэпіцца асобы аддзел: скуль? Хто дазволіў? А то і — хто ўнядрыў. Не, лепей за ўсё, калі хлопцу — хана. Можа, і для яго лепей таксама.
З хвойніку вылез Тумаш, маўкліва спыніўся воддаль.
— Тумаш, ты — бальшавік?
— Беспартыйны.
— Дзеці ёсць?
— Не-а. Не жанаты. Не паспеў…
Камандзір памарудзіў.
— Бяры хлопца, адвядзі ў кусты і стрэльні.
Тумаш моўчкі стаяў, бы глухі.
— Ну што маўчыш?
— Думаю, ці вы здурнелі?
— Здурнееш! — амаль закрычаў Гусакоў. — З вамі здурнееш! Што ж вы не разумееце, што я не маю права весці яго на базу? Там жа штаб усяго злучэння, што яны нам скажуць. Яны ж нас паставяць пад сценку, ты разумееш? Ці ты не ведаеш, што такое органы!
— А, органы…! I тут органы! — прабурчэў Тумаш. — Ну што ж… Маё дзела маленькае. Загадваеце — выканаю. Але я не адказваю. Вы…
Усё мармычучы нешта, ён палез у хвойнік, Гусакоў застаўся адзін. Яго ўжо здорава трэсла — ад мокрай апраткі, вечаровай золкасці, нервовага ўзбуджэньня ці ад усяго разам. Нядоўга пастаяўшы, ён таксама палез праз хвойнік на тое месца, куды яны вылезлі з балота і дзе заставалася яго ношка. Тумаша з хлопцам там ужо не было. Абапёршыся локцямі аб калені, на беразе сядзеў старшына; падобна, ён таксама калаціўся ад балотнае золі.
— Пайшоў?
— Павёў, — адчужаным тонам мовіў старшына. Побач ляжаў рэчмяшок камандзіра, а таксама санітарная сумка і валізка Тумаша. Вінтоўкі яго не было. Камандзір надзеў на плечы свой рэчмяшок, схаваў у сумку карту.
Яны пачалі чакаць — чакаць стрэлу. Ды стрэлу чамусьці не было. Уздоўж берагу, трывожна залопаўшы крыллем, паляцела кудысьці качка, за ёй неўзабаве другая. Ужо ці не павёў ён хлопца куды далёка, думаў Гусакоў. Усё ж фельчар франтавік вопытны і не павінен упусціць падлетка, калі той кінецца наўцёкі. Ды і не павінен пабегчы. Калі з ім ласкава, абыходліва, каб лішне не нерваваць перад стрэлам. Аднак жа трохі падазрона, што фельчар лёгка пагадзіўся. Усё ж, каб забіць чалавека, мабыць, трэба мець адмысловую рашучасць, якое вось Гусакоў не меў. Ён на вайне не забіў яшчэ ніводнага фрыца — не было нагоды. У гэтым сэнсе ягонае сумленьне чыстае. Хоць тое яго суцяшала.
Стрэлу яны чакалі, здалося, нясцерпна доўга — аж здрыжэліся абодва ад перанапругі. I стрэл нарэшце грымнуў — ня так і далёка, у хвойнічку. Глухаватае ў тумане рэха перакацілася цераз балота і заглухла. Мабыць, дасягла і ў іхні жаданы Барок. Ужо можна было б ісці па той бок хвойніку, але спярша трэба было дачакацца Тумаша.
Тумаш, аднак, усё не ішоў. Можа, заблудзіўся і павярнуў не ў той бок? А можа, куды падаўся? Калі наўцёкі?
Ужо і сцямнелася. Хвойны мысок зачарнеўся пакатым гарбом сярод дымнага туману над балотам. Страхавітае нецярпенне ўсё болей агортвала абодвух.
Яшчэ прадзіраючыся праз гушчар да Косці, Тумаш толькі дзівіўся, як у гэтых партызанаў усё хутка і проста.
Увогуле ў сваім жыцці ён пабачыў нямала агіднага і страшнага, на вайне таксама. Бачыў, як танкісты душылі на дарозе двух звязаных эсэсаўцаў, паволі наязджаючы на іх гусеніцамі. Рабілі тое прылюдна, напаказ пехацінцам-дэсантнікам, шмат якіх сабралася наўкола паглядзець цікавае відовішча. П’яны лейтэнант сядзеў на крыле трыццацьчацвёркі і ўзіраўся ў вочы звар’яцелых ад болю ахвяраў, голасна каментуючы, як у тых вылазяць вочы з арбітаў. Шмат якія вакол захапляліся, крычалі: давай астатніх! Астатнія, чалавек восем палонных з паабдзіранымі пагонамі, чакалі свае чаргі. Але то былі эсэсаўцы, зацятыя гітлераўцы, якія ўпарта ваявалі і нават перад смерцю раз-пораз кідалі ўгору рукі — хайль Гітлер! А другі раз нашыя самаходчыкі каралі ўласаўца. Пасадзілі на тоўсты, бы бервяно, ствольны тормаз свае 152-міліметровай гарматы, звязалі ўнізе ногі і стрэлілі. Толькі ашмоцце паляцела ў паветра ды крывавымі пляцкамі заляпіла твары тых, што сабраліся наўкола. Добра, фельчар стаяў убаку. А цяпер во ўбок не адыдзешся.
Читать дальше