Але ж тут — хлопчык. Не вораг і не партызан, можа, сын партызана. Узялі, пакарысталіся і — прэч. Бы якую анучу. I ўсё з меркаванняў бяспекі, сакрэтнасці, каб не прычыніць шкоды. Але каму? Тым, што сядзяць за балотам і бароняць краіну. I сацыялізм. I камунізм. Каб ім зручней і спакайней было бараніць, ён, беспартыйны фельчар, змушаны застрэліць хлопца. Тыя ж, канешне, страляць не будуць, яны таго сабе не дазволяць.
А ягонымі рукамі можна. Мабыць, чужымі рукамі ўсё можна — і забіць, і памілаваць.
Вось жа д’ябальская нявыкрутка! I што зробіш? Не выканаеш загаду, сам можаш атрымаць кулю ў лоб. Але і як выканаць?
Мабыць, зусім не прадчуваючы, што над ім навісла, Косця ў мокрай апратцы спакойна сядзеў сабе на сухім беражку і дробна тросся ад сцюжы. I як удзень — у сваёй велікаватай кепцы, якая адна і засталася ў яго сухая. Калі Тумаш вылез з хвойніку, хлопец запытальна ўгледзеўся ў яго — чаго, маўляў, тут марудзяць, не ідуць, куды трэба. Бо ж сапраўды Востраў Барок зусім побач, ён да яго прывёў, не заблудзіў, і тым быў амаль задаволены. Можа, нават чакаў падзякі ці ўзнагароды з ліку тых медалёў, што нёс камандзір. Хіба ж не заслужыў?
Тумаш, аднак, не чуў хлопцавых думак, ён дужа маркоціўся ад скрухі, бо не ведаў, як вымавіць тое слова, за якім пачнецца нялюдскасць. Ён ледзьве змусіў сябе прыціхла прамармытаць: «Ну, пойдзем!..»
Хлопец устаў, здрыгануўся і чакаў, яшчэ не ведаючы, куды ісці. Сваё ён адвёў, цяпер, мабыць, павінны весці яго. Толькі куды?
— А куды?
— Туды. У сасоннік, — перасмыкнуўшы абпаленымі вуснамі, прамовіў Тумаш. — Тут, недалёка.
Відаць было ў паўзмроку, як Косця няўцямна цепнуў плячыма, але пайшоў, — спярша па беразе, а пасля мусіў улезці ў гушчар, бо прайсці па беразе ўжо не было як — не стала і берага. Тумаш палез за ім следам. Ужо ўпоцемку, прабіраючыся праз калючы хвойнік, хлопец пару разоў прыпыніўся, мяркуючы, што фельчар яму штосьці скажа. Але фельчар не казаў нічога — фельчар усё думаў — дзе? Дзе яму стрэльнуць? У гушчары было цёмна і нязручна, ён мог не трапіць. А пасля з’явілася маленькая думка — можа, ён уцячэ? Уцячы было ўвогуле лёгка, і Тумаш бы яго не дагнаў. А можа, і не спрабаваў бы дагнаць, што ён, сабака? Ці які міліцыянт. Ён фельчар, медык, ягоны абавязак лячыць людзей, а не забіваць іх. Ды во змушаны…
Але хлопец не ўцякаў, спакойна ішоў да свае пагібелі, і фельчару аж зрабілася злосна. Трэба нарадзіцца гэткаму дурню! Ці ён не разумее?
А хіба ж усё разумеў Тумаш?
— А куды… куды мы ідзём? — упершыню з ціхай трывогай папытаўся Косця. Яны ўжо далекавата адышліся ад берага, ужо трэба было паспяшацца зрабіць, што загадана, а Тумаш усё не мог набрацца рашучасці і толькі мармытаў штось бездапаможнае. I хлопец, мабыць, адчуў штосьці нядобрае ў настроі гэтага чалавека.
— Куды вы мяне ведзяце? — ужо голасна, з надрывам, папытаўся Косця і стаў. «Ах, каб ты прапаў, дурань, — падумаў Тумаш. — Ну што з ім рабіць?»
— Слухай, — няцвёрда сказаў ён. — Ты — бяжы!
— Куды?
— Бяжы ты, халера на цябе. Не разумееш, ці што?
— Бегчы? Дзядзька, вы не партызаны? Вы не партызаны! — раптам праз плач закрычаў ён, бы штось зразумеўшы.
— Уцякай! — крыкнуў Тумаш. — Бяжы, ну!..
Мабыць, Косця ўсё ж зразумеў, што ад яго патрабавалася, і падаўся ў чорны гушчар. Тумаш аж уздыхнуў з палёгкай, падняў сваю СВТ і стрэліў угару. Стрэл грымнуў нечакана гучна, аж аглушыў фельчара. Той стаіўся, трохі счакаў, пакуль заглухла над балотам далёкае рэха, услухаўся. Хлопца ўжо не чутна было ў хвойніку, мабыць, можна было вяртацца на бераг. Але вяртацца туды не хацелася, і Тумаш стаяў, слухаў, чакаў, аж покуль здаля не данесліся выгукі ці, можа, яму здалося. Але — не здалося, бо зараз жа за імі грымотна пратрашчэла чарга, другая, дзве запар — гучнае водгулле разнеслася над балотам. Тумаш спярша прысеў, затым ускочыў і кінуўся ў другі бок, — да камандзіра з Агрызкавым. Але па ягоным шляху гучна зашчоўкалі кулі, ссечаныя імі галінкі сыпанулі з хвой. «Авохці мне, ну ўліп! Ну ўліп!» — стукала пякельная думка. Бегучы, фельчар усё чакаў — зрэжа, во гэтая зрэжа і яго. Ён і прысядаў у хвойніку, і бег, бы заяц, — блытана і не ўлад, абдзіраючы галаву і твар аб калючае голле.
Як выскачыў з хвойніку на вузенькі асакаваты бераг, кулі хвасталі воддаль, мабыць, цяпер па яго двух спадарожніках — рыкашэтам разьляталіся і візгалі над балотам — Тумаш прыпыніўся, лёг. Куды ж было бегчы? Хто і адкуль страляў, яму было ўсё роўна. Тыя ці іншыя, але яго намагаліся забіць, і ён мусіў ад іх ратавацца. Толькі дзе тут было ратавацца? Памарудзіўшы, ён шаснуў у балотную глыб, адразу праваліўшыся па сцёгны. Добра, што ягоная ношка — рэчмяшок і сумка — засталіся там, улегцы яму стала зручней. I ён пабрыў па багне, далей ад хвойніку, усё болей улазячы ў ваду. Вінтоўку, аднак, не кідаў, вінтоўка яшчэ магла спатрэбіцца. Хаця і не для паратунку — адчуваў, уратаваць яго магло толькі балота.
Читать дальше