Косця на тое не адказаў, толькі засмучоным позіркам глядзеў у балотную далячынь, бы маючы намер убачыць бацьку. Туды ж з добрым тварам зірнуў і Агрызкаў.
— Харашо! — сказаў старшына. — Каб яшчэ і пажраць. Кацялочак пярлоўкі. Га, доктар?
— Можа, табе яшчэ і катлет захацелася? — не надта добразычліва прамовіў Тумаш. — Прыйдзем — накормяць. Ужо ў партызанаў пярлоўкі знойдзецца.
— Гэта яшчэ як сказаць! Хаця, канешне, не з пустымі рукамі прыйдзем, праўда, камандзір? — цягнула на размову старшыну. — Цікава, а якія там у вас узнагароды? Медалі, мабыць?
Пэўна, каб надаць важнасць размове, Гусакоў вытрымаў паўзу, пакуль развязаў лямкі рэчавага мяшка. Вялікая кардонная ўпакоўка з узнагародамі была ў поўнай спраўнасці, хіба трохі пакамечаная, але пячаткі на яе баках значыліся выразна.
— Каб ты ведаў, — не толькі медалі. Сем штук Баявога Чырвонага Сцяга, ордэн Суворава, тры ордэны Леніна…
— А медалі? — цікавіўся старшына.
— Ёсць і медалі. «Партызану Айчыннай вайны» першай ступені трыццаць восем знакаў, другой ступені — шэсцьдзесят. Восем — «За адвагу» і пяць — «За баявыя заслугі».
— А «За баявыя заслугі» — каму? Папэжэ, мабыць? Ці ў партызанах няма папэжэ? Яны там усе з законнымі жонкамі…
На тое Гусакоў не адказаў — такі паварот гаворкі яму не падабаўся. Што і як у партызан, старшына пабачыць, як прыйдзе на базу. А то гэтыя роспыты былі надта падобныя на правакацыю.
— Да-а, будзе радасці партызанам, — сказаў старшына. — А вы, камандзір, узнагароджаны?
— Узнагароджаны, не бойся, — не надта ў тон адказаў Гусакоў.
— Нябось не меней, чым ордэнам Леніна?
— Не, не Леніна. Чым заслужыў, тым і ўзнагароджаны, таварыш старшына.
Старшына вольна адкінуўся на мяккі мох купіны.
— А я, ведаеце, яшчэ не. Не ўдастоіўся. Хіба ў партызанах палучу.
— Палучыш. У партызанах палучыш, — няпэўна азваўся Тумаш. — Ужо героя палучыш.
— Маю намер, — сур’ёзна зазначыў Агрызкаў. — Што ж — ваяваць ды не заслужыць узнагароду? Сам жа, мабыць, нахапаў у танкавых войсках?
— Дзе ўжо нам? Мы ж — медыцына, каб ратаваць вас, дужа хвацкіх. Вунь пад Мярэфай аднаго такога героя-камбата цягнуў пад агнём да дарогі, а ён на дарозе сканаў. Ну, думаў, за героя хоць медалёк падкінуць — дзе там! За што ж медалёк, калі сканаў, праўда?
— Гэта гледзячы, як сфармуляваць, — без ахвоты да размовы уставіў Гусакоў.
— Што сфармуляваць? — не сцяміў фельчар.
— Прадстаўленне. За адзін і той жа подзвіг можна медаль «За адвагу», а можна і Чырвоную Звязду. Гледзячы як аформлена.
— Слухай, доктар, вучыся, — зазначыў Агрызкаў. — Камандзір знае. Ён спец па фармулёўках.
Гусакоў прыпыніў размову, ён не надта любіў абмяркоўваць са староннімі свае службовыя справы. Што яны разумелі, гэтыя армейцы ці партызаны, з яго штабное спецыфікі, якую і ён спасціг не адразу. Спатрэбіўся час, праца і трыванне. Не абышлося без памылак і промахаў, — мабыць, як і ў кожнай адказнай справе.
Ва ўзнагародным аддзеле Гусакоў служыў без малога год — афармляў прысланыя з партызанскага тылу прадстаўленні, правяраў правільнасць фармулёвак і запісаў, вёў картатэку і строгі ўлік дакументаў на ўзнагароджаных. I ўсё — сакрэтна і абсалютна сакрэтна, як і належала ў адказнай штабной службе. Гэта толькі недасведчанаму магло здацца, што справа тая простая і для пісьменнага чалавека не мае вялікіх цяжкасцяў. Перадрукоўвай на добрай паперы прысланыя з часцей і злучэнняў рапарты, падкладвай у генералаву папку на подпіс ці зацвярджэнне — і ўсё. Часам забываюць, што ёсць яшчэ сакратарыят прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР, ёсць дзяржкантроль і парткам, ну і асобы аддзел — як і паложана — і ўсе кантралююць і правяраюць з правам ануляваць ці вярнуць на выпраўленне памылкі. У адным дакуменце, напрыклад, напісалі Ціхмянёў, а ў іншым Ціхмянеў. Невялікая недакладнасць, як быццам, а яму, начальніку аддзела, давялося атрымаць вымову. Якраз напярэдадні дня Чырвонай Арміі, калі ўсе ў штабе атрымалі віншаванні і падзякі ў загадзе, а ён у іншым загадзе — вымову. Вось табе і нязначная граматычная памылка.
Горш за ўсё, што ягоная служба неяк выпала з усіх статутаў і нічым не рэгламентавана, што давала яму шмат магчымасцяў для ініцыятывы, але змушала і рызыкаваць. Ад ягонага ўмельства і сумлення залежала шмат што, у тым ліку і вырашэнне галоўнага пытання: узнагародзіць ці не? Ягоны папярэднік Усачоў меў нешчаслівую руку і што ні аформіць — няўдала, вяртаюць назад ды яшчэ з рэкламацыяй, за якую яму — спагнанне. Яно і зразумела. Калі напісаць, да прыкладу, што камандзір атраду добра кіраваў боем, паспяхова ўзяў які населены пункт, дзе было забіта 12 паліцаяў і 2 узяты ў палон, — хто такому герою дасць ордэн Чырвонага Сцягу? Трэба трошкі паправіць, — зусім нязначна, але істотна. Найперш указаць сацыяльнае паходжанне камандзіра — тое, што ён з рабочай сям’і, што член ВКП(б). Калі беспартыйны, тое лепш не ўказваць, проста партыйнасць апусціць. Замест 12 забітых паліцаяў лепш указаць 21 гітлераўца. Розніца невялікая, а ролю іграе выдатную. Ну і абавязкова ў канцы дадаць (з чырвонага радка), што справе Леніна-Сталіна адданы, гэта галоўнае і дужа шмат значыць у вачах сакратарыята ВС, дзярж— і парткантролю, асобага аддзела таксама.
Читать дальше