Тумаш заснуу адразу, як толькі паваліўся долу, і, здалося, яго тут жа піхнулі ў бок — уставай. Фельчар нават не адразу сцяміў, хто гэта і дзе ён. Аказалася, будзіць яго Агрызкаў, які стаіць над ім і штосьці ціха гамоніць.
Фельчар борздзенька сеў на траве і азірнуўся. Ну і месцечка яны выбралі для начлегу! Балота не балота, але і не лес — нейкая хмызняковая няўдобіца, парослая крапівой. Мабыць, ад яе ці, можа, ад камароў надта свярбелі рукі і твар. Ужо сьвітала ці, можа, і зусім развіднела, але тут, у алешніку, было змрачнавата, смярдзела грыбной мухаморнай сырасцю, і ён настыла скалануўся са сну. Камандзір насупроць поркаўся ў сваім шматкаштоўным рэчмяшку, хлопчык Косця з маркотным выглядам стаяў зводдаль, чакаў.
— Доктар, у цябе сухарыка не засталося? — папытаўся Агрызкаў. — То дай пагрызьці. А то ў нас пуста.
Тумаш развязаў сваю не новую, з дзіркамі, атрыманую ў шпіталі тарбіну, дастаў спадыспаду два акрышаныя сухары. Адзін сухар старшына разламаў напалам, палавіну працягнуў Косцю. Той пакруціў галавой.
— Не хачу.
— Думаеш малінай пітацца? — сказаў старшына і схаваў сухар у кішэню. Побач падняўся на ногі і камандзір. Ён па-ранейшаму быў заклапочаны, нават раззлаваны з твару, начапіў на сябе майно — кірзовую сумку і рэчмяшок, дбайна паправіў гімнасцёрку пад дзягай з цяжкавата абвіслай кабурой. Увогуле ношку камандзір меў, мабыць, лягчэйшую за іхнія, падумаў фельчар, беручы з долу замакрэлую ад расы вінтоўку. Грузу ў яго ўсё ж набіралася болей за ўсіх.
— Хочаш, дам панясці, — сказаў ён да Косці, трымаючы за почапку санітарную сумку. Косця нясмела ўзяў яе аберуч, быццам паважыў.
— Не цяжкая, самы раз будзе, — запэўніў фельчар, зірнуўшы ў бок камандзіра, які строга пазіраў на яго. Але не сказаў нічога.
Хрумкаючы сухары, яны выбраліся з кустоўя на ўчарашнюю дарожку.
У хмызняковым наваколлі стаяла золкая ранішняя цішыня, неба ўгары паволі святлела, але сонца яшчэ не было відаць. Каля вушэй ціха зудзелі камары, але не так, як учора звечару. «Мабыць, яшчэ не згаладнелі», — падумаў Тумаш. I яму чамусьці прыпомнілася, як колісь гэткім жа росным раннем ён хадзіў з вудай на возера — парыбачыць. Тады ён быў малады, нядаўна скончыў фельчарскую вучэльню і на пару з доктарам Дашкевічам рабіў у местачковым медпункце. Быў халасты, вадзіўся з местачковымі дзеўкамі і неяк аднаго лета ўлёг у рыбалку, тым болей што адразу за местачковай аколіцай разлеглася невялікае маляўнічае азярко з трысняговымі берагамі. У адным месцы трысьнёг расступаўся, і на нешырокай пясчанай водмелі каля дарогі купалася ў поўдзень і надвячоркам галасістая местачковая дзятва. Тумаш абраў сабе рыбацкі закутак наводдаль, ля дуба, паваленага бабрамі ў ваду, дзе часам браліся краснапёркі і акунькі. Але як калі. Рыбак з Тумаша быў ня надта ўдачлівы, часам за ўвесь ранак прыносіў якіх пару плотачак — кату на сьняданак. Калі-нікалі, аднак, шчасціла болей. Аднойчы ён паставіў рэкорд — тузін акунькоў, якіх і засмажыў якраз на дзень уласных народзінаў і запрасіў на пачастунак калегу — доктара Дашкевіча. Дашкевіч быў чалавек у гадах, жыў халасцяком і кватараваў у сварлівай яўрэйкі Голды, з якой апошнім часам не размаўляў, пасварыўшыся і назваўшы яе прагнай жыдоўкай. Болей пра ягоныя адносіны з гаспадыняй фельчару не было вядома, ды ён і не пытаўся пра тое, заняты сваімі клопатамі — дзяўчатамі, дочкамі Лейбы Модаля, у кватэры якога нядаўна пасяліўся. Адносіны доктара з фельчарам былі адно службовыя, чыста афіцыйныя, — такія запачаткаваў негаваркі, амаль заўсёды маўклівы Дашкевіч. Цікава, што ён ніколі і ні з кім не піў — ні на працы, калі прымаў хворых, ні на выкліках у вёсках, нават калі ездзіў да парадзіх. Тое не ўсім падабалася ў мястэчку, некаторыя не любілі доктара, казалі: ганарысты, грэбуе простым чалавекам. А тут на дні народзінаў калегі нечакана для фельчара выпіў, — можа, нават цэлую шклянку гарэлкі, бутэльку якой адмыслова для таго Тумаш купіў у сельпоўскай краме. I раптам доктар зрабіўся гаваркім, бы што ў ім прарвалася, — столькі ён нагаварыў за той вечар маладому фельчару, з жарам і болем, — і пра іхнюю занядбаную працу, і пра класавую барацьбу і калектывізацыю, пра ворагаў народу і нялюдскія органы. Аказалася, у горадзе арыштавалі доктаравага сына, навукоўца-хіміка, і бацька быў упэўнены, што бязвінна. Тумаш спярша аж спалохаўся, спрабаваў пярэчыць, не пагаджацца, але разумеў, што пярэчыць марна, доктар гаварыў праўду. Толькі пра тую праўду ў мястэчку не гаварыў ніхто, усе разумелі, але баяліся, нашто было гаварыць і доктару Дашкевічу? Хто не ведаў, што калгаснікі галадаюць, што інтэлігенцыя запалохана і прыцяла вушы, што над усім пануюць органы, якія ўзялі ў свае кіпці і партыйнае кіраўніцтва. У раёне ўжо сёмы сакратар райкама партыі, шасцёра ранейшых рэпрэсаваныя. Але рэпрэсавана і безліч калгаснікаў, дырэктар школы і дзве настаўніцы. Нашто было гаварыць пра тое? Ці доўга з такімі поглядамі можна было гуляць на волі?
Читать дальше