— Па дарозе выключаецца, — раздумна сказаў Гусакоў і зноў упіўся вачыма ў карту. Стараселля там не было. Значыць, да іхняга ўрочышча яшчэ давядзецца патопаць.
Тумаш тым часам развязаў сваю валізу і дастаў пару сухароў. Злавіўшы на сабе хлапечы позірк, адзін сухар працягнуў Косцю.
— На, пачастуйся гасцінцам з Масквы, — прамовіў ён і тут жа змоўк пад прыдзірлівым позіркам камандзіра.
— Не надта афішуй свае гасцінцы. Паняў?
Так, ён зразумеў і адразу страціў ахвоту частаваць хлопца. Значыцца, не дазваляюць. Што ж, ці першы раз… Самому болей застанецца, як некалі казалі ў танкавым корпусе.
Старшына Агрызкаў таксама ўпарыўся за дарогу і быў ня супраць, каб гадзіну спачыць, але адчуваў, што камандзір не дазволіць. Бы заведзеная спружына, камандзір пнецца да мэты і, пакуль яе не дасягне, не супакоіцца і нікому спакою ня дасць. Мабыць, такі ўжо чалавек. Усё, аднак, ускладнялася яшчэ і тым, што ў яго канкрэтнае заданне, атрыманае вусна з забаронай дзе-небудзь запісваць ці нават адзначаць. Агрызкаву сказалі, куды яны павінны прыбыць, але толькі прыблізна — урочышча Багавізна, дзе базавалася кіраўніцтва партызанскае зоны. Урочышча вялізнае, нават не ўсё змясцілася на карце, але ўжо дайшоўшы да яго, яны знойдуць той пункт, што ім трэба. Ісці ўвогуле было бяспечна, ніхто за імі не бег, засад не было, хлопец вёў спраўна, і яны маглі б спачыць дзе ў вёсцы. Папіць малачка, а то і чаго іншага…
Пасядзеўшы трохі над картай, Гусакоў зноў злосна вылаяўся і ўстаў на ногі.
— Старшына, а ну адыдземся!
Агрызкаў падняўся, і яны трохі адышліся ў алешнікавыя зарасьнікі, каб іх не пачулі Тумаш і Косця.
— Ты ўпэўнены, што хлопец не падвядзе? — ціха запытаў Гусакоў. Агрызкаў паціснуў плячыма.
— Быць упэўненым тут ні ў чым нельга. Але — вядзе…
— А думаеш, ведае — куды?
— Мабыць, ведае. Ён жа тутэйшы.
— Тутэйшы! У тым і праблема. Бач, як гэтых тутэйшых купляюць? Зямлёй!
Старшына на тое не адказаў, ён адно пазіраў на спатнедага камандзіра і думаў: ну чаго мандражыш, падазраваеш? Кепскі табе праваднік, дык ідзі ў вёску, знайдзі лепшага. Але ж, мабыць, зноў пашлеш старшыну?
— Ты во што, — сказаў Гусакоў. — Прыйдзем — пра хлопца ні слова. Нават і органам. Паняў?
— Я дык паняў. Але…
У позірку камандзіра ледзянела падазронасць, і Агрызкаў, можа, упершыню падумаў: ці не здагадваецца ён, хто такі старшына на справе? Мабыць, яму як камандзіру групы сказалі ў штабе даставіць старшыну на базу і ўсё. А хто навошта — наўрад ці ён дапытваўся, тым болей, што, калі і сказалі, дык і ведаць нікому не належыць. Рэжым сакрэтнасці. Зрэшты, нават для разумнага чалавека было няпроста сцяміць, хто такі старшына, ужо хоць бы з тае прычыны, што Агрызкаў прысланы з развед-дыверсійнага аддзелу штабу. Значыць, дыверсант-разведчык, што для старшыны і няблага. Ужо ён не будзе тут нічога тлумачыць і ні ў чым апраўдвацца. Хай гэты капітан лічыць, як хоча.
Хаця, калі ён не дурань, дык разумее. Але навошта тады тузае старшыну, гуляе ў сакрэтнасць. Выпрабоўвае, ці каб падстрахавацца? Аднак старшына яму не падстрахоўшчык.
— Сумняваешся? Во і я сумняваюся, — сказаў, счакаўшы, камандзір. — Вот жа становішча, маць яго растакую!..
Так ні пра што канкрэтна не дамовіўшыся і ўвогуле не паразумеўшыся, абодва вярнуліся на палянку. Тумаш з Косцем ляпіва грызлі маскоўскія сухары, і камандзір адразу скамандаваў:
— Пад’ём! Патопалі далей. Ты, — павярнуўся ён да Косці, — вядзі! Але не туды завядзеш — пяняй на сябе. Паняў?
Косця не адказаў, толькі насупіўся з непрыемнасці ад камандзіравага дакору.
У хмызняковым гушчары яны натрапілі на зарасьнікі спелага малінніку — буйныя сакаўныя ягады вінаграднымі гронкамі звісалі з галінастых, у рост чалавека сцяблін. Шкада, не было калі іх збіраць, толькі на хаду, адбіваючыся ад камароў, яны паспыталі па колькі ягадзінаў. У лесе надвячоркам камары бы азвярэлі і, здавалася, за кожным кустом толькі і чакалі людзей. Хмары іх віліся над галовамі, кусалі лоб, твар, рукі, лезлі нават у нос і вочы — быццам згаладнеўшы, прагнулі чалавечай крыві. Косця, можа, прывыкшы, не надта на іх зважаў, затое астатнія адбіваліся ад іх аберуч, — то адной, то другой рукою. Хлопцу зрабілася крыўдна найперш на самога сябе, бо сапраўды ён неяк перастаў пазнаваць мясцовасць і часам блытаўся, у якім накірунку трэба ісці. Іншая справа — па дарозе, той шлях ён памятаў добра. Але ж камандзір сказаў, што па дарозе нельга, і ён бадай што пакутна перажываў недасканаласць уласнай памяці. Хіба пайсці ў вёску і папытацца? Але ці пусцяць аднаго ў вёску?
Читать дальше