Мястэчка тое было несамавітае паселішча пры возеры — некалькі брукаваных вуліцаў, аблепленых габрэйскімі халупамі, тры ці чатыры нарыхтоўчыя сельпоўскія крамкі, кузня і два вялікія дамы — школа ды пагранкамендатура, дзе другі год служыў Гусакоў. Мяжа праходзіла адразу ж за мястэчкам у лесе, для яе аховы там была збудавана новая пагранзастава на адзін пагранузвод. Але самым прыкметным збудаваннем у мястэчку была старадаўняя царква, купалы якой былі бачны здалёк — ці не з усяе акругі. Можа, нават і з таго боку, з-за мяжы, што ўжо было недапушчальна з меркаваньняў дзяржаўнай бяспекі. Царкву, канешне, у свой час зачынілі, папа арыштавалі, — тое было проста, за адну летнюю ноч. З царкоўнымі ж купаламі сталася горш — як было іх пабурыць? Тая справа дасталася лейтэнанту Гусакову з дзесяткам яго пагранічнікаў.
Каб разбурыць купалы, спярша належала выдраць з іх аграмадныя жалезныя крыжы, якія толькі з зямлі выглядалі лёгкімі, амаль бязважкімі ў вышыні. Дабіраліся да іх цэлы дзень — гэтак было высока і небяспечна. Самы адважны з яго каманды чырвонаармеец Сямёнаў, абвязаўшы сябе вяроўкай, палез са званіцы на дах, але праваліўся ў праіржавелую дзірку і дужа параніў нагу. Болей смелых не знайшлося, давялося лезці на купал самому. Раней ён і ня ведаў, якая гэта агідная справа — вышыня і колькі ён натрываецца страху, пакуль дабярэцца да таго хісткага іржавага крыжа. Але мусіў дабрацца. Найперш таму, што бачыў у тым свій абавязак маладога бязбожніка-бальшавіка, якога тыдзень таму прынялі кандыдатам у партыю. Зноў жа, з зямлі, з пляца, падворкаў і нават дзятва ад школы сачылі за яго антырэлігійным подзвігам, і там, ведаў ён, былі не толькі добразычліўцы. Мусіць, зманліва было ім убачыць, як ён сарвецца. Ды не сарваўся, марскім вузлом завязаў тоўстую вяроўку за аснову крыжа і злез на зямлю. Цягнулі крыж усёй грамадой — купка пагранічнікаў як асноўная сіла, якой памагалі местачковыя камсамольцы, усе партыйцы, а таксама некаторыя сяляне з навакольных вёсак. Цікава, што ніводзін яўрэй ім не памог, можа, таму, што сінагогі зачынілі раней. За той подзвіг на царкоўным купале Гусакоў атрымаў сваю першую адметнасць — знак «Выдатнік РСЧА», якім і ганарыўся да пачатку вайны. Можа, праз тую ўзнагароду пайшоў на павышэньне і прыдбаў новае званне. Але тое трошкі пасля.
Пыльная палявая дарожка, пакрывуляўшы сярод жытніх ніваў, спусцілася ў лажок з раўком; яны перайшлі раз’езджаную неглыбокую ручаіну і зноў узышлі на пагорак. Сонца ўжо ўзнялося высока і дужа паліла ў бясхмарным небе, гарэлі іх натруджаныя плечы пад цяжкаватымі, бы накладзенымі каменнем рэчмяшкамі. Усе спатнелі, прытаміліся, але Гусакоў не збаўляў хады, адно ўзіраўся наперад і па баках. На самым пагорку ён раптам ці не ўпершыню гучна вылаяўся: праз паўкіламетра наперадзе расцягнулася новая вёска, мяркуючы па ўсім, не маленькая — садкі, агароды, вулічныя прысады мкнулі да самага лесу. Не, у такую вёску ісці было нельга. Пра тое ён і гукнуў хлопцу. Косця нічога не адказаў, толькі заклапочана агледзеў поле, ячменныя ніўкі, бульбянішчы, раўчук з алешнікам; і бульбяным узьмежкам павярнуў убок — у абход вёскі. Блізка ў полі людзей не было, але далей, на вясковай аколіцы, мусіць, на тамашняй дарозе, паявіліся дзве брыкі, борзда кацілі кудысь у поле — мабыць, па сена. Неўзабаве яны схаваліся ў раўку, і камандзір з палёгкаю выдыхнуў.
Па дзённай гарачыні яны неяк дабрылі да лесу, які тут аказаўся дробным алешнікавым хмызняком, і ззаду незадаволена азваўся Тумаш:
— Можа б, прыпыніцца, га? Папалуднаваць!.. Мабыць, сапраўды тут можна было прыпыніцца, падумаў Гусакоў, перакусіць з таго пайка, што яны атрымалі ў Маскве. Праўда, ён сам не адчуваў голаду, толькі хацелася піць. Але дзе нап’ешся? Не з балота ж піць брудную ваду, шчэ падчэпіш якое халеры. Але найперш трэба было паглядзець на карту. Тым болей, што побач была вёска, назву якой, пэўна ж, ведае Косця.
Адышоўшыся ад узьлеску, яны прыпыніліся на невялічкай, абсыпанай смалянкамі прагаліне, скінулі з сябе ацяжэлыя за дарогу валізы. Тумаш адразу паваліўся, дзе стаяў, Агрызкаў спярша ўладкаваў на рэчмяшок задраныя ногі. Адышоўшыся трохі ўбок, Косця сціпла прысеў у траве.
— Якая то дзярэўня? — запытаўся ў яго камандзір.
— Стараселле гэта.
— Дык колькі да Багавізны?
Усе прымоўклі, чакаючы адказу на важнае пытанне. Трохі падумаўшы, Косця сказаў:
— Хто яго ведае. Можа, кілометраў з дзесяць. Каб па дарозе, я б сказаў пэўна. А так…
Читать дальше