Гэта яго шматзначнае «да-а-а» болей чым што іншае ўразіла, дык, мабыць жа, давядзецца ляцець. А ён у сваім жыцці ні разу не толькі не скакаў з парашутам, але і не сядзеў у самалёце. Нямала наездзіўся на фурманках і конна, калі пасвіў у дзяцінстве коней, пасля на аўтамабілях (вядома, у кузаве), наездзіўся на брані танкаў. Але не ў самалёце.
Аднак жа давялося.
У вялікай брызентавай палатцы пры святле сіняй лямпачкі іх пачалі ладкаваць па камандах.
Тады ўжо ля іх з Агрызкавым паявіўся гэты рашучы камапдзір Гусакоў, які з паперкай у руках адшукаў іх у гурце іншых і сказаў трымацца яго, не адставаць. Яны і трымаліся. Тоўпіліся ў палатцы, затым ля самалёту ў дальнім канцы аэрадрома, пры пасадцы — ля кароценькага дзюралевага трапа. У самалёце селі двума радкамі, чалавек васемнаццаць парашутыстаў, усе маўчалі. I Тумаш таксама маўчаў — што і каму ён мог сказаць? Абвясціць, што не ўмее скакаць з парашутам, але тое, мабыць, палічылі б за сімуляцыю, за няўклюдны намер выкруціцца ад небяспечнага задання. На тое ў Тумаша не ставала адвагі, і ён рашыў: як усе, так і ён. А калі разаб’ецца, дык, мабыць, тое яму і наканавана. Не згарэў на зямлі, дык загіне ў паветры. Ды і хіба разбіцца аб зямлю горш, чым згарэць у танку? Ці быць на шмаццё расшкуматаным артылерыйскім снарадам? Мабыць, адна халера. Да пагібелі ён даўно быў гатовы.
Але спачатку яму давялося нямала адпакутаваць з іншай прычыны.
Як яны падняліся ў паветра, Тумаш аберуч ухапіўся за берагі металічнае лаўкі і ўжо не выпускаў яе да канца палёту. Увесь гэты бляшаны самалёт трэсла, бы малярыйніка ў ліхаманцы. А пасля пачало яшчэ і кідаць угару і ўніз, сюды і туды праз усё неба. Тумаш думаў, званітуе, і з усяе сілы стрымліваў знаёмыя прыступы, бо было сорамна як доктару калі б першы не ўтрымаўся. Іншыя, як ён бачыў, пачуваліся не лепей, але маўчалі, трывалі. Ну дык і ён трываў. Палёт іх доўжыўся, здавалася, бясконца, некаторыя ўрэшце і званітавалі. I калі над кабінай пілотаў замільгала лямпачка, людзі бы нават з палёгкай заварушыліся, сцяміўшы, што пакуты канчаюцца. Затое пачаліся іншыя. Для Тумаша дык пэўна яшчэ куды горшыя.
З кабіны выйшаў тоўсты лятун у футравай камізэльцы, — штось гыркнуўшы, насцеж расчыніў самалётныя дзверы. Студзёнае начное паветра шырока шыбанула ў самалёт, парашутысты адразу паўскоквалі, канцы ад іх парашутаў ужо былі ўдзетыя на агульную вяроўку ўгары. I па камандзе «Пашол!» адзін за адным пачалі знікаць у чорным прадонні начы.
Праз хвіліну ў самалёце засталіся толькі яны ўтрох, іхні палёт доўжыўся яшчэ хвілінаў дваццаць. Нарэшце настала іхняя чарга, зноў расчыніліся страшныя дзверы, праз аглушальны роў матораў Гусакоў штось гукнуў да яго і, торкнуўшы кулаком у бок, выскачыў у ветраную цемру. За ім трэба было скакаць Тумашу. Але ён спалохаўся. Так спалохаўся, што яго бы спаралізавала, ён не мог ступіць кроку да прорвы-дзвярэй і сцяўся ля лаўкі. «Ну!» — вызверыўся тоўсты лятун. «Дык я не ўмею», — бязгучна прашаптаў Тумаш, і, мабыць, лятун пачуў тое, бо не паспеў ён яшчэ што падумаць, як атрымаў такога магутнага выспятка ў зад, што ў наступнае імгненне ўжо захлынуўся ў віхуры начнога паветра.
Усё далейшае, што з ім адбывалася, ён кепска памятаў, адчуў толькі, як паваліўся ў нейкую калючую траву — трава, мабыць, яго і ўратавала. Парашут яшчэ трохі пацягнуў яго па зямлі і паволі абвяў у зацішным прыцемку. Гусакоў з Агрызкавым, што прызямліліся раней, адшукалі яго на лузе, памаглі сабраць слізкія пухіры парашута. «Хутчэй, хутчэй, не адставай, матаем адсюль», — шэптам камандаваў Гусакоў.
I яны адматалі па начы, можа, кіламетры чатыры ці болей. Напаткаўшы балацявіну, хуценька патапілі ў ёй свае парашуты і шыбанулі далей за камандзірам, які ж, пэўна, ведаў, куды іх вёў. Аказалася, вёў не туды.
Лясная сцяжына неўпрыкмет вывела іх на гэткую ж лясную дарожку — крывулястую, з гразёй у нізкіх мясцінах, аброслую крапівой, лазняком і алешнікам. Хвойнік застаўся ззаду, пачыналася забалаць. Нікога паблізу не было, ніхто ім не спаткаўся. Косця асцярожна і моўчкі вёў камандзіра, які не пераставаў турбавацца: а ці туды яны ідуць?
Сапраўды, турбавацца была прычына. Гусакоў у думках усё лаяўся — трэба ж, каб гэтак не пашанцавала на самым пачатку. Перад палётам яго тузаў непакой — як давядзецца ляцець? Усё ж, хоць і ноч, а могуць спаткаць нямецкія знішчальнікі ці зенітны агонь над лініяй фронту. Ды і — само дэсантаванне. Гусакоў не прызнаваўся нікому, што і сам скочыў уначы першы раз, набраўся нямала страху, але страх давялося зацяць у сабе — іншага ў ягоным становішчы не выпадала. Якраз самае страшнае мінулася нечакана ўдала. Гэта пасля началося іншае — завязаўся вузел нейкіх недарэчнасцяў, якія дасюль невядома як развязаць.
Читать дальше