Мабыць, ён доўга праляжаў пад грушкай, а цётка ўсё не падыходзіла да плота, калупалася на сярэдзіне бульбоўніку. Тады Агрызкаў падняўся і, затуліўшы за бокам аўтамат, паціху пайшоў да гародаў. Кабета пакуль што ня бачыла яго і ён змушаны быў ціха гукнуць:
— Цётка, можна вас на мінутку?
Спалохана войкнуўшы, кабета згледзела яго за плотам і кінулася па бульбоўніку да падворку. Агрызкаў нягучна вылаяўся. Далей стаяць тут было небяспечна, бо чорт ведае, што наробіць тая кабета? Тым болей, калі можа стацца, што гэта сядзіба паліцая ці старасты. I ён, усё затуляючы сабой аўтамат, памалу пайшоў уздоўж плота, беручы ўбок, бліжэй да палеткаў. Добра ці не, але на гародах і на падворках быццам нікога не было і ніхто тут не згледзеў яго. Трымаючыся наводдаль, Агрызкаў памалу пайшоў у другі канец вёскі — да выгану.
Трохі яшчэ прайшоўшы па канцы агародаў, ён набрыў на нейкую сажалку з абтаптанымі жывёлай берагамі, здаецца, тут быў выган, ва ўсякім разе збажына тут канчалася. I праўда, за парослым альшынамі раўком, відаць было, пасьвіўся невялічкі статак — некалькі кароў хадзілі па сенажаці, збоч сноўдала жаночая постаць. Здаля былі чутныя абураныя покрыкі на кароў, якія, падобна, нахабна мкнуліся да жытнога. Мабыць, варта было туды падысці, падумаў Агрызкаў, мяняючы накірунак — ад вёскі ў поле.
Дзеля таго, каб патрапіць да статка, трэба было пералезьці равок, па крутаватым схіле якога трушком збег Агрызкаў. А як вылез на той бок раўка, адразу ўбачыў незаўважанага здаля пастуха. То быў хлопец-падлетак у даўгаватай, выпушчанай на штаны кашулі і насунутай на лоб вялікай, мабыць, бацькавай кепцы. Стоячы ля краю жытняй нівы, ён раздумна сцёбаў па траве кароценькай пужкай.
— Прывет, парань! — дружалюбна, амаль радасна сказаў Агрызкаў. — Не палохайся, я — партызан. Цябе як зваць?
— Косця, — разгублена прамовіў падлетак.
Косця тым ранкам устаў рана, пабудзіла маці, — падышла радоўка на пасту. Праўда, прачнуўся не адразу, і маці аж тройчы гукала яго з варотцаў у паветку, дзе ён спаў на сене. А як прачнуўся, кароў ужо выганялі, іхняя Красоля, падоеная, стаяла на падворку. Косця ўзяў з-пад страхі раменную пужку і, як быў, босы, у адной кашулі, пагнаў карову на выган.
Радоўка яму сёньня выпала з бабай Аўгустай, старой, але рухавай кабетай, якая, аднак, заўсёды дужа крычала-сварылася на неслухмяных кароў ды і на свайго памочніка-падпаска. Падпасак, ведама ж, быў у бабы Аўгусты на пабягунстве — то ідзі адвярні тую, то не пушчай гэтую. Ды чаго марудзіш, не бяжыш, малады ж яшчэ, бяжы скарэй!.. Не любіў Косця пасьвіць кароў з бабай Аўгустай, ды так выходзіла, што менавіта з ёй часцей за ўсё і выпадала.
Сама найгорш было пасьвіць каля жытнога, куды цераз узьмежак увесь час наравілі ўлезьці каровы. Тут Косця крыху пабегаў за ранак, пакуль згаладнелыя за ноч каровы трохі пад’елі, паспакайнелі, і ён нарэшце аддыхаўся якраз на жытнёвай мяжы.
Косця пасьвіў кароў, бегаў за імі, ляскаючы па касцістых азадках кароткай пужкай, але думкамі быў далёка ад гэтых кароў і гэтага поля. Болей за ўсё на свеце Косця любіў чытаць кніжкі — дзіцячыя, прыгодніцкія ці не надта цікавыя з класікі — абы-якія, каб толькі чытаць. Да вайны ён перачытаў, мусіць, усё, што было ў дзьвюх шафах школьнай бібліятэкі, але цяпер бібліятэкі ня стала, як і самой школы, што згарэла ў першую ваенную. восень. Другую зіму Косця не вучыўся, што трэба было, рабіў дома, памагаў па гаспадарцы маці. Апроч яго ды маці, болей працаўнікоў у іх не было — Віцька яшчэ малы, а бацька… Бацьку як змабілізавалі зімой у паход па зброю, дык і прапаў. Можа, застаўся на фронце і цяпер недзе ваюе ў Чырвонай Арміі. А можа, дзе ўжо загінуў па шляху да фронту. Сусед Казлюкевіч прыплёўся па вясне з адною рукою на перавязі, казаў, што шмат іх пагінула ў Віцебскіх варотах, дзе немцы наладзілі пастку і білі з кулямётаў на лёдзе возера. Там шмат паклалі іх, бяззбройных партызанаў, што мкпулі па той бок фронту, — па зброю і боепрыпасы, якія меліся прынесці ў нямецкі тыл. Ды рэдка каму пашчасціла прынесці хоць сваю галаву. Як таму ж Казлюкевічу.
З кніжкамі цяпер была поўная нявыкрутка, чытаць не стала чаго. А дзе ў каго захавалася якая кніжка, дык курцы падралі на цыгаркі. Скурылі і ўсе падручнікі, што ў каго з дзяцей засталіся ад даваеннай школы. Добра, што ў Косці курыць не было каму, і ён свае схаваў у паддашшы. Усё ж, думаў, вайна скончыцца, і ён пойдзе ў шосты клас. Калі б не вайна, скончыў бы ўжо восьмы. Тым часам падрасце Віцька які будзе адбываць надакучныя радоўкі, а яму хопіць і дарослай працы — капаць гарод, касіць сена, малаціць снапы ды цягаць з лесу дровы. Каня ж у іх не было. Хіба што вернецца з фронту бацька…
Читать дальше