I Галілей, няўзнак уставіўшы гэтае слова, кінуў на Гвардыяна пільны, цікуючы погляд. Той адвярнуў убок адзеравянелы раптам у тупой абыякавасці твар і загаварыў з падазронай паспешнасцю, як завучанае:
— Калі тое было? Дзе той жарабок? Яго даўно ўжо і звання няма... Навошта я буду трымаць яго? Я і з адным канём, будучы, упраўлюся на сваёй гаспадарцы...
Галілей як не падскочыў з радасці. Гвардыяна ён канчаткова ўжо меў у руках — уся знадворная яго амбіцыя разляцелася ўдрузг. Няма жарабка — значыць прадаў. Прадае, хітрунец, размантачвае, пакуль не позна. Дрыжыць, уецца, як пераціснуты гад. А з выгляду яшчэ харабруе!..
Галілей адчуваў ужо поўную перавагу над Гвардыянам. Настрой яго цалкам змяніўся, і, не чакаючы запрашэння, ён смела ператрусіўся цераз хату і сеў у пышнае крэсла на покуці.
— Кхе-кхе... А ў калгас кулакоў не прымаюць... ага... і высяляюць каторых злоснейшых, каб, значыцца, не заміналі. Як вы ўважаеце, Цімафей Міронавіч?
Цімафей Міронавіч відочна траціў спакой. Ён напружваў усе свае сілы, каб трымаць на твары сваю тупую адзервянеласць. Плоскія алавяныя вочы яго пачыналі трывожна шныпарыць па баках, нібы шукаючы нейкае апоры.
Галілей наступаў:
— А ў нас, Цімафей Міронавіч, мусіць, не будзе калгаса? Ага... Навошта ён нам? Што?
Адылі тут Гвардыян акрыяў. Надаўшы свайму пергамiнаваму твару адумысловы, відаць, загадзя нарыхтаваны на падобны выпадак выраз пакорнае дабрамыснасці, ён зважна растлумачыў:
— Калектывізацыю вядзе савецкая ўлада, супроць яе няможна ісці. Хто супроць калгаса — той вораг савецкае ўлады...
Галілей успомніў Пацяроба i ціхенька засмяяўся: добрага знайшоў сабе суровы старшыня аднадумца! А Гвардыян падумаў, што Галілей смяецца з ягонае надмернае прыхільнасці да савецкае ўлады, і троху нервова дадаў:
— Як загадае ўлада пайсці ў калгас, дык і пойдуць усе! Каму гэта, будучы, захочацца перціся на ражон!
Ага! Вось яно якое тут аднадумства!
— А як не загадае? Га, Цімафей Міронавіч? Як тады?
Гвардыян нехаця буркнуў:
— Як хто захоча... Вольнаму воля...
— А шалёнаму поле?..
I Галілей закхекаў у задушшы дзіўнага недарэчнага смеху і, не кідаючы смяяцца, схапіўся з крэсла, паспешна пабег да дзвярэй.
Цімафей Міронавіч Гвардыян, скрывіўшы твар у пачварную, шырока расцягнутую, жабіную грымасу, праводзіў яго калючым ненавісным поглядам.
Галілей, вясёлы, зухаваты, дробна трусіўся ў Сівалапы.
У брыгадзіра Зеленюка ён заспеў цэлую грамаду камсамольцаў. Яго сустрэлі з шумнай, бязладнай прыветнасцю.
— А, Галілей! Вялікі вынаходца зямлі сівецкае! Ганаровы калгаснік! Патомсцвенны камсамолец! Просім да нас, у нашу кампанію!..
Галілей строга зірнуў на іх і, абабраўшы сабе ў куточку зацішнае месца, зацяўся ў глухім суровым маўчанні. Камсамольцы далі яму спакой і заняліся сваімі справамі. У іх мова ішла пра сівалапаўскі калгас, думка аб якім, зарадзіўшыся ўчора ўвечары ў хаце былога партызана і чырвонагвардзейца Якуба Лакоты, сёння ўжо буяла пышнаю рунню, захапляючы ўсё большыя ды большыя колы сівалапаўскае грамадскасці. З напорнай юнацкай парыўчатасцю хлопцы перасігнулі ўжо цераз парог першапачатковых арганізацыйных захадаў і лёталі быстрымі думкамі ў ружовых, але туманных яшчэ перспектывах будучага росквіту. Яны ўжо мелі добра наладжаную гаспадарку, узнятую на нябачаную вышыню дасягненнямі агранамічнай навукі, спрэс абагуленая жывёла стаяла ўжо ў іх у новых, крэпкіх, як звон, стадолах, у спецыяльна пабудаваным гаражы блішчалі няўкорнай чысцінёй і спраўнасцю сельскагаспадарчыя машыны. А з паўвярсты ад Сівалапаў, на прыгожым вясёлым узгорку, над саменькай рэчкай Сіўцом, яны будавалі ўжо трох-, а можа, нават і чатырохпавярховы дом пад агульнае памяшканне для калгаснікаў...
...Дзе ты калі затрымаеш шклівую маладосць у вузкім, сурова абмежаваным і часам нудна-шэрым коле надзённае неабходнасці! Вырвецца ўсё роўна і паляціць на лёгкіх, хоць і няпэўных яшчэ крыллях-лятунках, каб адразу, спопрыску ўрынуцца ў самую яснату шчаснае будучыні!..
Галілей слухаў-слухаў ды неўзаметку і пацюпаў дробненькім трухам за маладымі імклівымі крыллямі ды — дармо што стары! — а троху-патроху і перагнаў іх, і набудаваў у сваім зацішным куточку такіх дзівосаў, што, пэўна б, сам памёр ад здзіўлення і страху, каб раптам убачыў гэта ў сапраўднасці. I ўжо не чуў нічога, не бачыў навокал сябе, ужо не было яго тут, непакойнага Галілея,— блукаў недзе сярод дзівосных сваіх пабудоў.
Такі ўжо смешны характар у гэтага чалавека, зусім не стасоўны да старых яго год!
Читать дальше