I ён завёў станавіта, мудрона, як такі і належыць сур'ёзнаму разважліваму чалавеку:
— Яжэлі ўсё натуральна і нефкасніцельна прааналізіраваць, дык яно, будучы, няма чаго, мужчынкі, крычаць. Таварышы, каторыя зноў жа з горада (далікатны зірк у бок Зеленюка) і каторыя, будучы, таксама нашы, свае, месныя працаўнікі (поўны пашаны жэст да Карызны), яны ж не так сабе гэта, як яно выражаецца, цапу-лапу. Кожны, будучы, з свайго розуму аб'ясняецца. I нам здаецца, што крычаць не трэба зусім, а трэба, будучы, паслухаць усе іхнія прадлажэнні, пракрасна абдумаць іх і, будучы, абмеркаваць. А можа, хто і пойдзе ў гэты калгас, што вы думаеце? Можа, і будуць ахвотнікі... Ты ж людзям не закажаш — калі ён, будучы, хоча пайсці, дык ён і пойдзе. Мы, канечна, не нафпроціў калгаса, але ж трэба паслухаць людзей, раз яны спецыяльна на гэта прыстаўлены...
Ён яшчэ пагаварыў троху ў гэткім самым тоне і спакваля пасунуўся на месца, з ног да галавы напханы здаволеннем ад свае «будучы, пракраснае» прамовы.
Ніхто не слухаў з такой увагай яго, на першы погляд, смяхотную і пустую гаварню, як Зелянюк. Ён упершыню ўбачыў гэтага славутага зубра і пёраканаўся, што звер ён люты і хітры. Цішыня і насмешлівая стрыманасць, якую выклікалі ягоныя словы, наяўна сведчылі, што яго пакуль што слухаюць і разумеюць.
Зелянюк страпянуўся. На бледным твары ў яго заіграла задорная самаўпэўненая ўсмешка. Ён быў страшэнна здаволены сходам. Усё ішло як мае быць. Аўдыторыя акурат дайшла да такога пункта, калі сама раз выводзіць свае сілы. Ён быстрым вокам азірнуў залу. З усіх бакоў з гушчы натоўпу на яго глядзелі знаёмыя твары, усміхаліся хітра і ўпэўнена, чакаючы сігналу. Яшчэ хвіліна, і загаворыць іначай сход, інакшымі, новымі словамі, і не пазнаць будзе гэтага збітага ў тупой упартасці натоўпу. Ха-ха! Ці не памылішся ты, Цімафей Міронавіч Гвардыян?
Тацяна настойна, мала не сілком злавіла Зеленюкоў погляд і, радая, весела яму падміргнула. Яна яшчэ будзе сёння ў прыгодзе, хай ён будзе спакойны аб ёй, яна яшчэ пакажа сваё!
Першы павінен пачаць Віктар. Так было ўмоўлена. Ягонае выступленне будзе ўсім за сігнал. Дзе ж Віктар? Дзе той Віктар? Трэба яму знак даць, каб выступаў.
Але выйшла зусім не так, як меркаваў Зелянюк. Пакуль ён шукаў вачмі Віктара, панура ўзняўся са свайго месца даўгі калматы Пацяроб, прыдыбаў да Карызны і, бачком схіліўшы да яго галаву, жаласна запытаў:
— Сымонка! Лупсянуць?
— Смалі, браток, толькі не надта.
Пацяроб зрабіў адпаведны жэст, які азначаў, што «мы разумеем усё дасканала», і адразу, з месца, нават не папрасіўшы слова ў старшыні сходу, загаласіў:
— Любачкі мае! Залаценькія! Што гэта вы сабе думаеце?..
Ён зрабіў мнагазначную паўзу, падчас якой дакорліва ківаў галавой, упяўшы погляд пад ногі сабе, усё ў тую няшчасную бабульку. Потым ураз узняў вочы і зірнуў цераз усіх у дальні кут.
—Гвардыян! Ты нас за дурняў маеш, ці што? (Паўза.) За дурняў маеш, кажу, га? (Гэтае «га» гучала зусім ужо грозна.) Ты няфпроціф (ён вельмі трапна перадражніў Гвардыяна) калгаса? Можа, хто і пойдзе? Га? Дазваляеш?..
Ён зноў мнагазначна памаўчаў і раптам завёў тонка, пранізліва, падчэпліва:
— Ты, любачка, ведаеш, хто гэта праводзіць калектывізацыю? Ты ведаеш, супроць каго ты ідзеш? Калектывізацыю праводзіць партыя і савецкая ўлада. Улада!..
Ён нахіліўся наперад і ціхенька, нават ласкава неяк, запытаў:
— Ты супроць савецкай улады?
Гвардыян нешта азваўся ў сваім кутку, пратэстуючы, але Пацяроб не слухаў яго. Ён рашуча сігануў на два крокі ўбок, нібы мяняючы ўстаноўку свае прамовы, і звярнуўся ўжо да ўсіх:
— Таварышы! Ці ж мы не сумленныя грамадзяне? Ці ж мы не лілі кроў за нашу родную савецкую ўладу? Няўжо мы пойдзем супроць таго, што праводзіць улада, каб нам жа, цёмным, дурным мужыкам, было лепей? Хто адважыцца — я пытаю, хто адважыцца з нас пайсці насупроць гэтага мерапрыемства, га? Хто пойдзе насупроць, я пытаю?
У мёртвай цішыні пачуўся самотны голас:
— Дык навошта нас на сходы цягаюць? Вывесілі б загад, ды і па тым.
Пацяроба ўцяло ў жывое.
— А!.. Нашто на сходы? Табе сходаў не трэба, ты супроць сходаў? Таварышы, гэта гаворыць класавы вораг, гэта — контррэвалюцыянер! Я ведаю цябе, залаценькі, я патраплю даць табе рады! Не бойся, любачка, не бойся!
З публікі пачулася ўжо некалькі пратэстанцкіх галасоў, якія яшчэ горш раздражнілі Пацяроба.
— Прашу мяне не перапыняць! Я не дазволю зрываць сходу! Я вас ведаю, кулацкія падпявалы! Ворагі класавыя — во хто вы!
Читать дальше