У мужчынах штучна і рэдзенька засмяяліся. А бабы — мабыць, за іх ужо, за мужыкоў, — дружна накінуліся на Тацяну, закрычалі яшчэ горш, чым дасюль…
— А твой дзе? Куды ён цябе вучыць?
— Сама скруцілася ад свайго, дык ужо вычварае.
— Распусніца!
— Табе толькі калгас і трэба. Там многа будзе...
Тацяна стаяла моўчкі, глядзела на раз'юшаных баб не то здзіўлена, не то пагардліва. Кінула неўзаметку погляд на Зеленюка, і толыкi адзін ён пабачыў праз гэты погляд цяжкую, блізкую да роспачы крыўду, якую яна старалася схаваць пад знадворнаю безуважнасцю. I разам з крыўдай выліўся на яго з гэтых добрых чыстых вачэй ціхі, несвядомы дакор ці мо маўклівая просьба аб дапамозе.
Зелянюк парыўчата ўстаў, выйшаў на край сцэны і падняў руку, што хоча гаварыць. Яго, як свежага чалавека, паслухалі — прыціхлі ў падазронай цікавасці, гатовыя, калі што не ў лад, даць добрага гасу і яму — дармо што з горада прыехаў. Ён загаварыў спакойна, але тонкія вусны ў яго дробна дрыжалі ды левае вока стала зусім косае і зрабіла твар пустым, адчужаным.
— Хто з вас, цётачкі, хоча сказаць што дрэннае пра Тацяну? Хто яе ведае добра... Ну, кажы першая... Хто? Ты?
Ён наўгад тыркнуў у нейкую бабу і гэтым ёмка адбіў магчымасць новага агульнага выбуху. Баба спалохана адшаснулася. Зелянюк пратрымаў усіх у нясцерпна доўгай жорсткай паўзе і закончыў:
— Нашто дарма языком малоць. Крыкам ніякага сэнсу не дойдзеш... Будзем гаварыць спакойна. Хто хоча гаварыць — прасі слова ў старшыні сходу.
I, махнуўшы рукой на прэзідыум, пайшоў памалу, сеў на месца, і толькі потым ужо, як перасталі глядзець на яго, ён з палёгкаю ўздыхнуў, нібы зрабіўшы цяжкую работу, і здаволена ўсміхнуўся.
Сход пайшоў добрым ладам. Узяў слова Андрэй Шыбянкоў, Тацянін брат. Ён выйшаў да сцэны зважна, упэўнена і, перш чым гаварыць, з лёгенькай усмешачкай на прыгожым чарнявым твары азірнуў спакваля ўсю залу. З гзтага зразумелі, што праз немалыя гады бадзяння свайго па свеце ён не раз выходзіў з прамовамі, ды і не з абы-якімі. Можа, нават быў дзе за камісара? Хто яго ведае? Многа ляжыць цёмнага на яго смуглым, як у мурына, абліччы.
I праўда, Шыбянкоў загаварыў гучна, размашыста, гонка кідаючы перад сабой выразныя цвёрдыя словы. Гэтыя словы білі і сваім зместам і сваёй металавай паверхняй. Гаварыў ён пра тое, як кулакі — гэтыя найлюцейшыя, найгрубейшыя эксплуататары, пілі кроў з сялянскае беднаты, як яны абдзіралі яе, не спыняючыся перад астатняй сарочкай, як даводзілі да жудаснага ўбоства, мала не да галоднае смерці. Ён гаварыў аб помсце, аб расплаце за здзек, за пакуту, ён пагражаў блізкай расправай.
Усё, што гаварыў Андрэй Шыбянкоў, сяляне ўжо чулі ці адзін раз, нічога не было тут новага, нават словы былі абыклыя, многа раз чутыя, але самае страшнае было ў тым, што Шыбянкоў — усе гэта ведалі і адчувалі — мае на ўвазе пэўнага, усім вядомага чалавека. I калі ён, злосна бліскаючы вачмі, пагражаў кулакамі ў задні куток, дзе сярод блізкіх сваіх прыхільнікаў сядзеў Цімафей Міронавіч Гвардыян, усім рабілася троху жудасна, бо зусім жа блізка, усутыч, падступала яго справядлівая нянавісць. Здавалася, што во зараз, во тут і пачнецца тая невядомая страшная расправа.
Адылі ўсё абышлося спакойна. Шыбянкоў адкрычаўся і сеў на месца. Лакота запытаў сваім ціхім няроўным голасам:
— Хто яшчэ хоча слова?
Адразу нехта азваўся едка, віскліва, нібы не чалавек гэта гаварыў, а ўся, з цэлага мястэчка сабраная, злосць:
— Што там слова? Якое там слова? Каму тут трэба канечна гаварыць? Што я буду табе гаварыць, га? Што я буду гаварыць?..
I местачковая злосць аж захлынулася.
Гэта пачаў гаварыць чарнявы і злы Прахор, селянін маламожны, увесь сатканы з дзіўнае ўсеагульнае крыўды. Наўдачу, каб гаварыў ён свядома з кулацкае думкі, каб яны загадзя падгаварылі яго. Яго цяжка было нацкаваць — ён быў не толькі злы, а і ўпарты. Проста быў у яго ўжо такі абычай — выступаць заўсёды і ўсюды супроць.
— ...Ці прыйшлі яны паглядзець, як я пні карчаваў на лядзе, як сваімі крывавымі пальцамі раскалупваў кожны во гэткі кавалачак, каб пасеяць каліва збожжа? Ці прыйшлі, яны, га? Ці памаглі яны мне? Дабрадзеі вялікія! За чужым каркам усе разумненькія! Ого!..
Гэта была іскра ў бочку пораху. Цяпер ужо грымнулі з задніх куткоў мужчыны, загарлалі не горш за баб бязладным тлумным хорам:
— Нам добра і так!
— Хай свае аддаюць гаспадаркі!
— Жылі без калгасаў і будзем жыць!
I вось выступіў наперад Цімафей Міронавіч Гвардыян. Падняў руку, папрасіў слова. I айшоў наперад, як Шыбянкоў, да самае сцэны. На голым пергамінавым твары сваім нёс дзелавітую заклапочанасць, нават пакутна зморшчыў гузаваты лоб, што мела азначаць прыблізна такое: «Ну ці ж гэта мне дужа трэба было ісці гаварыць, турбавацца, каб не такое ліха. А то ж — крычаць, галёкаюць, як шалёныя... Трэба ж даць нейкае рады...»
Читать дальше