А на печы ў цёплым таварыстве кошкі і тараканаў ваўтузяцца і шэпчуць малыя. Чаго ў іх толькі няма там! I вялізныя будынкі-камяніцы, як у горадзе, і каўзель, і ліха ведае колькі зайцоў, лісіц, і школа, і піянерскі атрад, і дзядзькава скрыпка, і нават калгас. У іх там такая раскоша, што мімаволі прыслухваецца да іх з таемнай зайздрасцю шчырая дванаццацігадовая папрадуха. Адылі гэта яе не цікавіць, ані не цікавіць, бо яна ж вялікая ўжо.
I дрэмле ў хацёнцы спрадвечная, горам прыгбаная ціхасць.
Дзе гэта бачыў Карызна такую карціну? Ба, ён не так пытаецца, — дзе ён не бачыў гэтае карціны?
Гэта — вобраз яго дзяцінства. Такі ўрос ён у ягоную памяць, такі ён цешыць часам нутро балюча-салодкімі ўспамінамі. Далёкія, шчаслівыя гады! Іх трэба праклясці, іх трэба вырваць з сэрца, іх трэба згнесці, растаптаць у пух і прах. Любіць іх — значыць любіць сваё гора, сваё няшчасце, сваё беспрасветнае рабства. Супроць іх жа ён змагаецца цяпер разам з сваёй партыяй, супроць іх ён гартуе сваю вялікую нянавісць. I дармо што аплятаюць яны яму ногі ліпучым багавіннем гнілых пачуццяў, — ён парве гэтыя путы, будзе вольным.
Раптам ён, нібы падштурхнуты кім, азірнуўся. Ён ішоў паўз вялікі Гвардыянаў дом. У вокнах чыстае палавіны мігцела няроўнае брудна-чырвонае святло. Не іначай гарыць там адна лямпадка. Ці гэта з кулацкае скнарасці, ці з набожнасці.
Карызну працінае вострая злараднасць.
— Ага! Молішся? Чуеш небяспеку? Дажыўся нарэшце? Чакай, яшчэ будзе табе. Яшчэ ў кроў абернецца табе людскі пот, з якога ты спажываў! Кулак пракляты...
Ён сціснуў зубы і вышукваў як найлюцейшую, як найбальнейшую лаянку. Адылі і сам добра цяміў, што лае не толькі Гвардыяна, а і самога сябе.
Ужо ішло да яго трывожна-назойлівае, як бразгат у вокны, душэўнае мітушэнне.
Неўзаметку ён выйшаў аж у самы канец Сіўца. Тут разняволены вецер ужо на ўсю сваю сілу, на ўвесь разгон махаў чорнымі волкімі скрыдламі, і махрастыя канцы іх сцёбалі па твары едкім макроццем. Была доўгая адлега, і млын у лагчыне паміж Сіўцом ды Сівалапамі шумеў з трыумфальным задорам, юрліва захлынаючыся ў збытку вады. Мабыць, укляпаўся стары, падумаў, што прыйшла да яго вясёлая гарачая маладзіца-вясна, дык шалеў у старэчым пале сваім. Але да вясны было яшчэ далёка.
Карызна стаяў у жорсткім абвеве ветру, і вецер, здавалася, разганяў яго цяжкія думкі. Было легка стаяць пад яго ўдарамі, акунуўшыся ў пустую бяздумнасць.
Раптам з ветрам уляцеў у самае вуха яму знаёмы голас:
— Карызна! Што ты тут робіш?
За плячамі ў яго стаяў Зелянюк. Карызна не бачыў твару ягонага, але адчуваў, што на ім трымціць ужо тая загадкавая, а цяпер яшчэ, пэўна, і здаволеная ўсмешка. Злавіў на месцы злачынства.
Карызна адказаў безуважным тонам:
— Проста прайшоўся вось па вуліцы. Нешта галава троху баліць, дык выйшаў праветрыцца. Мокра стала на дварэ. Адлега.
— А я быў у нардоме: глядзеў на рэпетыцыю новае п'есы. Нішто п'еска, акурат пад пару. Добра грае гэта настаўніца, Вера Засуліч. Мы ішлі разам з ёй, я праводзіў яе дахаты. Слаўная дзяўчына!..
«Ну ён жа смяецца, ён жа відочна кпіць з яго, гэты блазнюк! Што яму такое сказаць, каб назаўсёды адбіць ахвоту ад гэтых кпінаў?»
Але не ўпраўляецца ён прыдумаць што-небудзь, як Зелянюк, кінуўшы свой падчэплівы тон, прыхіляецца да яго і таемна шэпча, не стрымліваючы свайго гарачага, чыста юнацкага захаплення:
— Ці ведаеш, Карызна, што робіцца цяпер у нашым ціхім, сонным Сіўцы? Га? Не ведаеш? Дык вось... Няма тае хаты, дзе б не бушавала цяпер, як у катле. Мяркуюць, спрачаюцца, даводзяць адзін аднаму, лаюцца. Ужо ўсе ведаюць, што ў нядзелю будзе сход, што сход будзе рашучы, канчатковы, і ўсе рыхтуюцца да яго. Прайсці так па вуліцы — усё здаецца спакойна, ціха, як і ўчора, заўчора, як і год таму... Праўда? А тым часам, наўдачу, каб перажываў калі стары Сівец гэткае ўзрушэнне...
Карызна недаверліва маўчыць. Адкуль ён ведае? Не іначай вымудраé ўсё гэта яго маладая жвавая фантазія. I Зелянюк, нібы чуючы яго сумненні, тлумачыць яму:
— Сёння ад поўдня ўсе нашыя камсамольцы, усе актывісты працуюць па хатах. Пайшлі да дзядзек, да цётак, да суседзяў, да знаёмых. I скрозь баламуцяць... Ха-ха-ха... Тым і не ў галаве, што іхні, каторага пляменнік, ці брат, ці сват, спраўляе ў яго ў хаце планавае заданне. Як, здорава, га?
Карызна згодзен, што гэта «здорава», а тым часам у нутры ў яго точыцца едкае нездаволенне. Усё робяць без яго, нават не парадзіўшыся з ім, нібы ён не адказвае за ўсю тут работу. I зноў, пэўна, угадаўшы ягоны настрой, Зелянюк тлумачыць яму, нібы просіць прабачэння:
Читать дальше