Карызна нават не глядзіць на Зеленюка. Ён звяртаецца да ўсяе кампаніі і агалашае з наўмыснай гучнасцю:
— Гэтымі днямі, хлопцы, склікаем агульны сход у Сіўцы. Канчаткова і рашуча становім пытанне пра калектыў. Трэба нарэшце рабіць тут нейкі лад.
Хлопцы згаджаюцца, што ўжо пара. Ад старшынскага стала чуваць жаласны і пагардліва-цягучы голас Пацяроба:
— Даўно ўжо трэба было рабіць, мае даражэнькія. Менш слоў, а больш дзела. Па-бальшавіцку трэба, а не па-бабску. Працаўнікі...
У плаксівым Пацяробавым тоне гучалі стрыманыя ноткі трыумфу. Ці не пачуў ён, што набліжаецца кірмаш на ягоную вуліцу?
Зелянюк спакойна зазначыў:
— У нас яшчэ не арганізавана як належыць бедната. Мы не здолеем выступіць адзіным фронтам.
У гэтай спакойнай заўвазе, мабыць, было залішне цвердасці і катэгарычнасці, бо пільна настарожанаму да яго Карызну нібы нешта кальнула. Але не ўправіўся ён што адказаць, як шумна ўстаў ад стала і грамозна насунуўся на іх Пацяроб.
— А мой жа ты залаценькі! Гэта ж ты будзеш да налецця тут арганізоўвацца. Ну дадушы ж, да налецця... Любачка мая! Ці ведаеш ты, што гэта — селянін? Што больш ты марудзіш з ім, то ты менш чаго зробіш. Раз-два, і ў дамкі. Ці праўда, Цівунчык?
Дзядок, пэўна, звыклы да гэтых раптоўных зваротаў начальства, спакойна паківаў галавой, не адрываючы погляду ад паперы, і ўжо потым ускінуў паверх акуляраў здзіўленыя вочы, каб паглядзець, аб чым там справа.
Зелянюк неяк пуста зірнуў на Пацяроба і нічога яму не адказаў. Ён стаў сур'ёзны і заклапочаны. На вялікае дзіва Карызны, ён звярнуўся да яго раптам з простай таварыскай шчырасцю:
— Мы, Карызна, яшчэ ўправімся сёе-тое зрабіць з беднатой. Усё-ткі актыў у нас ёсць, і добры актыў. Ты канчаткова наважыў рабіць гэтымі днямі сход?
Карызна памеркаваў.
— Зробім давай у нядзелю. Праз два дні... Добра?
У гэты момант Пацяроб закрычаў, як апантаны:
— А бабачкі, а любачкі! Не пускайце марозу да нас! Родненькія, акалеем!...
У сельсавеце ўзняўся амбарас — увайшла цэлая гурма баб на чале з Тацянаю і Верай Засуліч. Усе былі ружовыя з марозу, свежыя, вясёлыя крэпкай, здаровай весялосцю. Вера Засуліч — меншая сярод усіх і зграбнейшая — проста ззяла ўся маладой несутрымнай радасцю. Яна адразу знайшла вачмі Сымона Карызну і паслала яму такую слаўную ўсмешку, што ў яго зайшлося сэрца ад прыемнасці.
Тацяна, хукаючы ў прыгаршчы, падышла да Зеленюка і пачала дакладваць:
— Вось мы ўжо і сход свой сёння зрабілі. Каб ты толькі бачыў, што гэта быў за сход — пацеха адна. Сышліся бабы ды давай сварыцца, лаяць адна адну. Чысты смех! Больш і не было нічога, ніякіх пытанняў. Палаяліся ды разышліся. Папраўдзе...
Зелянюк глядзеў на яе з ласкай і захапленнем.
— Маладзец, Тацяна! Як ты добра ўмееш рабіць! Ты ўдалы сход арганізавала.
— Дык ты ж чуеш... (Яна з выглядам змоўніцы кранула яго за рукаў.) Прыйшлі вось прасіць, каб спецыяльна ім, бабам, хто-небудзь расказаў пра калектывы... А пайшлі ўсе з нашага сходу ў лагодзе, вясёлыя... Дадушы...
Зелянюк неўзаметку паціснуў яе халодную руку, і яна расцвіла сарамліваю чырванню.
— Ты да нас прыйдзеш, добра? Ты ўмееш лаяцца з бабамі?
Зелянюк засмяяўся.
— Я ўмею і лаяцца і мірыцца... Не ведаю, каго вылучыць ячэйка. У нядзелю, Тацяна, сход будзе. Глядзі, каб твае бабы менш гвалтавалі.
— Хай гвалтуюць. Бабе трэба выкрычацца. Калі будуць маўчаць, дык горш будзе. Папраўдзе...
Тацяну гукнулі, і яна замяшалася ў бабскую грамаду. У сельсавеце гармідар стаяў, як на кірмашы.
13
Спакой і ўпэўненасць не пакідалі Сымона Карызну акурат датуль, пакуль не пераступіў ён парог свае кватэры. На кухні аб нечым гаманілі Марына Паўлаўна з Галілеем. Як увайшоў Карызна, адразу сціхлі, і жонка зноў, як тады, замяшалася, глядзела ўбок, у заснежанае акно. Галілей зарупіўся ісці, але Карызна затрымаў яго, гукнуўшы з дрэнна схаваным раздражненнем:
— Чаго ж вы ўцякаеце, дзядзька Ахрэм? Нешта ці толькі я ў хату, дык вы і ходу. Чакайце, пагамонім хаця...
Гапілей закруціўся, як падсквараны.
— Кхе... кхе. Не ўмею я гаманіць... ага... Зусім не ўмею...
— Але ж гаманілі вы з жонкаю?
— Кхе... кхе... Тлумачыў я... пра печку, пра цыркулярную...
— Ну дык растлумачце мне пра цыркулярную печку, дзядзька Ахрэм!
Галілей, прыпёрты да сцяны, з момант не ведаў, што яму рабіць, разгублена трос сваёю барадзёнкаю, адылі цмыгнуў у дзверы і знік, нібы і не было яго тут.
— Дзівак!
I канцом раззлаваны Карызна рэзка абярнуўся да жонкі, нібы патрабуючы ад яе тлумачэння. Марына Паўлаўна стаяла нерухома і ўсё глядзела ў акно пустымі невідушчымі вачамі. На твары ў яе, па-ранейшаму замкнёным у сухой безуважнасці, аднак калола вочы Карызну нешта назойліва новае, зацята схаванае ад яго. Ён злаваўся і баяўся.
Читать дальше