Віктар нарэшце пачуў пад нагамі цвёрды дол і, з законнай смеласцю абнімаючы Аўгіньку, выгаварыў ёй дзелавіта і строга:
— А я ж табе даўно гэта казаў, Аўгінька. Колькі разоў я гукаў цябе — пойдзем. Аўгінька, у нардом пойдзем. Аўгінька, на сход ці яшчэ там куды... А ты што, пайшла хоць калі? Пайшла?
— А што б татка сказаў?!!
— Ну вось бачыш? Тут ужо і татка... А якія мае адносіны татка да палітычна-асветнай працы? Ніякіх... Вось сёння таткі няма, а ў Сіўцы жаночая сходка... Ну, гайда са мной?..
Аўгіныса балесна ўздыхнула:
— Хату неяк кінуць адну, а то б, дадушы, пайшла... Ды і малых нешта няма — гэта ж ужо цёмна зусім...
Тут пунктуапьны камсамолец Віктар мусіў успомніць, што ён забег сюды толькі «пакуль збяруцца», і хоць ніхто там сёння і не думаў збірацца, а тут надзвычай цёпла блішчалі яму пасля слёз любыя Аўгіньчыны вочы, але ні за якія вочы не мог аддаць камсамолец Віктар свайго прэстыжу сталага чалавека і грамадскага працаўніка. Таму, сціснуўшы зубы, мусіў ён пераказаць сваю мімавольную і абсалютна несвоечасовую ману:
— Ну, Аўгінька, мяне чакаюць там... Я прынясу табе заўтра кніжак, і мы аб усім пагамонім...
Праводзячы яго, Аўгінька нібы выпадкова зусім успомніла:
— Заўтра па абедзе татка зноў паедзе да дзядзькі...
I дамысны Віктар узяў гэта, вядомая рэч, пад увагу.
Выйшаўшы з хаты, ён горда ўзняў галаву і пасігаў у Сівец размашыстым, бадзёрым крокам чалавека, якому ў жыцці адкрываюцца бязмежна шырокія і квяцістыя перспектывы.
4
Скончыўшы раскулачванне ўсіх прызначаных да гэтае мэты сівецкіх гаспадароў, Пацяроб з шляхетнай сціпласцю і лагоднасцю далажыў Сымону Карызну:
— Раскудлычыў, Сымонка... Цяпер будзем у калгас запісваць...
Паглядзеўшы на яго жаласна-скрыўленую фізіяномію, можна было падумаць, што ён не толькі не пышыцца сваімі баявымі ўдачамі, а, наадварот, цяжарыцца імі і гатоў велікадушна перакласці іх на гонар каго другога. Але гэтая знадворная сціпласць была толькі асаблівым выяўленнем яго бязмежнай амбіцыі, бо ў глыбіні душы ён перажываў цяпер часіны найяснейшага, якога даўно не знаў ён, трыумфу.
Ён коратка, але надзвычай ясна выклаў Карызну свой геніяльны план правядзення запісу ў калгас, і Карызна цалкам з ім згадзіўся.
План быў просты і радыкальны.
Назаўтра зранку Пацяроб разам з дзядком Цівунчыкам і яшчэ некалькімі добраахвотнікамі пачаў з хаты ў хату абходзіць мястэчка. Што ён рабіў, зайшоўшы ў каторую хату, якія ўжываў метады агітацыі і прапаганды, гэта аставалася на яго шчырым пацяробаўскім сумлепні, але выходзіў ён адусюль з гордым выглядам пераможцы і нядбайна кідаў свайму сакратару кароткую мнагазначную фразу:
— Станоў, Цівунчык, чарговы нумар...
У сёмай хаце не было дома гаспадара. У восьмай таксама. I тое самае ў дзевятай.
Пацяроб зразумеў, што гэта значыць. Нават не міргнуўшы вокам, ён перайшоў на другі канец мястэчка і зачаў ад першае хаты. Усё пайшло ў належным парадку.
А прыблізна ў сёмай хаце не было дома гаспадара.
Пацяроб выйшаў на вуліцу і нейкі час стаяў, глыбакадумна раскірэчыўшы ногі і абмяркоўваючы неспадзяваную сітуацыю. Па якой хвіліне ён размашыста стукнуў далонню ў лоб, што азначала ў перакладзе на старагрэцкую мову:
— Эўрыка!
I падвёў свой наступ інакшай тактыкай. Ён браў хаты не ў рад, адну па адной, а ўроскідзь, нечакана з'яўляючыся то ў тым, то ў другім канцы мястэчка. Гэта давала больш працы яго бясконца даўгім, цыбатым нагам, але гарантавала, прынамсі, пяцьдзесят процантаў удачы.
Па мястэчку пайшоў дзівосны рух. Гаспадары пераходзілі з хатыў хату, ад суседа да суседа, ад сваяка да сваяка, туляючыся, каб не трапіць на вострае вока страшнага калектывізатара.
Пацяроб быў настойны і неадступны, як цень. У адказ на хітрыя манеўры дамыснага жыхарства ён тож пачаў ужываць стратэгічныя спосабы, якія б зрабілі гонар не абы-якому камандзіру. Ён пачаў практыкаваць тонкія дыверсіі: намеціўшы пункт атакі, дэманстрацыйна абмінаў яго, падаючыся зусім у іншы бок, а тады раптам варочаўся і, як каршун на высачаную згары ахвяру, кідаўся на няшчасную халупу. Потым ён завёў сістэму папярэдняй выведкі, скарыстаўшы на гэтую мэту пару спрытных, дэтэктыўна настроеных падшывальцаў, якія рэгулярна даносілі яму, у якой хаце былі сабраўшыяся гаспадары.
Тах ваяваў адважны няўломны Пацяроб, і ўрачысты дзядок Цівунчык спраўна выстаўляў у сваім спіску трафеяў «чарговыя нумары».
Як праходзілі паўз недарэчную сядзібу старога Галілея, Пацяроб суняўся і скоса згары ўніз зірнуў на ўгрузлую ў снег халупку. Потым узняў адно вока і, як певень на воблака, паглядзеў на сціплы Галілееў ветрачок, які ў гэты час круціўся з пакорнай і цалкам дабрамыснай павольнасцю. Усміхнуўшыся троху пагардліва, а троху дабрадушна, Пацяроб збочыў на вузенькую, у адну ступню, Галілееву сцежку, прыемна адчуваючы свой годны хвалы дэмакратызм, які не грэбуе нават такімі нікчэмнымі, ні да чаго не прыдатнымі людзьмі, як Галілей.
Читать дальше