Дзверы ў Галілеевай хацёнцы былі завалены з сярэдзіны. Пацяроб уладарна грукнуў у іх і праз хвіліну паўтарыў свой задзірыста-грозны сігнал, бо з хаты не чуваць было жаднага гуку. Тады Пацяроб паляпаў даўжэй і больш настойліва, але вынік быў той самы.
Гэта была відочная абраза яму як прадстаўніку мясцовае ўлады, бо Галілей быў, ясная рэч, у двары — нават пачуўся быў зхаты стрымана-перасцерагальны брэх ягонага сабакі. Каб канчаткова ўпэўніцца ў зламыснай дэманстрацыі старога дзівака, Пацяроб сігануў у сумёт і, схіліўшы твар да маленькага і нізкага акенца, азірнуў усё нутро Галілеевае хацёнкі. Пышнае бязладдзе, якое панавала ў хацёнцы, затрымала на сабе ягоную ўвагу і распацешыла яго. Каб ён загадаў усяму свайму сельсавету знесці ў адну хату па каліву ўсякага, якое толькі ёсць на свеце, гломазду, дык бы не выйшла таго адменнага сметніка, які быў у Галілеевай хаце. Тут было ўсё, апрача самога гаспадара.
I Пацяроб усміхнуўся з велікадушнай паблажлівасцю. Ён ужо не злаваў на Галілея, хоць, можа, той і схаваўшыся быў дзе-небудзь у прытульным куточку, бо што ты возьмеш з такога вар'ята? I каб сказаў яму хто-небудзь, што кожнае каліва з Галілеева сметніка мае сваё адмысловае прызначэнне, што ўсё гэта — матэрыял для яго новай, надзвычай важнай работы, ён бы плюнуў таму ў вочы і назваў бы яго таксама вар'ятам.
Так і застаўся стары Галілей некалектывізаваны.
А каб велічны Пацяроб у залішняй пагардлівасці не схіляўся да самага нізу і так невысокага Галілеева акна, ён, можа б, і заўважыў у верхнім куточку верхняе шыбы клок Галілеевае барадзёнкі і правіклівае Галілеева вока, якое праз увесь час нерухома глядзела на яго без страху, без трывогі і нават без здзіўлення — з адным незамутнёна-спакойным чаканнем.
Увечары таго ж дня змораны, але ваяўніча настроены Пацяроб прыйшоў да Сымона Карызны і, нічога не гаворачы, урачыста-шырокім жэстам паклаў перад ім пратакол пра арганізацыю ў Сіўцы калектыўнае гаспадаркі, на якім стаялі подпісы большай палавіны сівецкіх гаспадароў.
Сымон Карызна, прагледзеўшы паперы, весела зірнуў на сціпла замамыленую Пацяробаву фізіяномію і з шчырым захапленнем крыкнуў:
— I гатова ўжо, га? Пацяроб! Гатова?..
Пацяроб, учыніўшы на твары сваю жаласна-пагардлівую міну, далікатна махнуў рукой:
— Пфэ!..
I ў гэты надзвычай выразлівы гук уклаў ён увесь свой пераможна-саманадзейны настрой, сваю каменную ўпэўненасць у тым, што каб адно далі яму поўную волю, дык не то што Сівец, а ўся акруга ў яго пішчом бы палезла ў калгас.
Карызна дужа не распытваўся, якім спосабам дасягнуў Пацяроб такой бліскучай удачы, ён нават стараўся як найменш і думаць пра гэта. Ён быў шчасліва задаволены добрым вынікам, і ў гэтым задавальненні бясследна распускаліся цені сумненняў, што такі спрабавалі цішком улазіць у ягоную свядомасць.
Карызна трыумфаваў. Ён быў наіўна ўпэўнены, што гэтае дасягненне – вынік той новай цвёрдай і пэўнай лініі, якую ён павёў па Зеленюковым ад’ездзе. Ён меў поўнае права зларадавацца і кпіць у думках з сваіх праціўнікаў, якія за адсутнасцю Зеленюка ўвасабляліся цяпер у рахманай і цярплівай асобе камсамольца Віктара.
— Я пакажу вам гэту зеленюкоўшчыну!
У яго ўжо быў ясны, канкрэтны план далейшай работы.
Заўтра. ж, паводле пастановы агульнага сходу ячэйкі, распускае сівалапаўскі калгас, бо яго арганізацыя была дапушчана, як часовы захад, толькі да ўтварэння ў Сіўцы агульнага калектыву.
Ніводнага з тых баламутаў ён не дапусціць да кіраўніцтва ў новым калгасе. Досыць ужо, накіраваліся!
Каго ж толькі вызначыць за старшыню?
У Пацяроба ёсць ужо пэўная кандыдатура: Андрэй Шыбянкоў.
Напамінак пра Андрэя Шыбянкова троху зацямрае Карызнаў настрой, але гэта чыста асабістае, да справы неналежнае. Можа, нават і лепей будзе, як возьмецца ён за сталую сур'ёзную працу.
Менш будзе брынкаць на гэтай нялюбай гамзатай гітары.
Так, кандыдатура падходная.
— Ты з ім яшчэ не гаварыў пра гэта?
— Не гаварыў, любачка... Як жа я, не ўзгадніўшы з табой, буду вырашаць такія праблемы. Ён мне памагаў троху — пайшоў цяпер, здаецца, туды, да Веры Міхайлаўны...
Карызна, сам таго не прымячаючы, пачынае раптам спяшацца.
— Я таксама меўся ісці туды. Пойдзем, можа? Там і пагамонім...
— Пойдзем сабе...
Карызна ўпэўнены, што гэта ў яго выходзіць зусiм проста, натуральна, што нікому і на думку не можа ўзысці, каб там у яго затачылася ўнутры нейкае дурное едкае пачуццё. А тым часам Пацяроб, адвярнуўшыся з далікатнасці ўбок, прыплюшчыў вока не толькі дамысна, а ў значнай меры і насмешліва.
Читать дальше