Як і ўсе сівалапаўскія актывісты, Віктар глыбока захапіўся працай арганізаванага нарэшце калгаса і стаў аддаваць яму больш часу і энергіі, чымся гэта дазвалялі асноўныя яго абавязкі як сакратара камсамольскай ячэйкі, і гэта прывяло яго да рэзкае сутычкі з Сымонам Карызнам. Помнячы паводзіны ў гэтых выпадках Зеленюка і цвёрда наследуючы ім, ён скарыў свой юнацкі задор і шчыра згадзіўся з справядліваю заўвагай сакратара партыйнай ячэйкі. Яму адно страшэнна не ўпадабалася, калі Карызна з зусім не дзелавой і не таварыскай злосцю крыкнуў быў на канчатак:
— Я пакажу вам гэту зеленюкоўшчыну!
I вочы ў сакратара ячэйкі гарэлі ў той момант агнём дужа дрэннай нянавісці.
Гэта было невыпадкова. З таго часу бадай штодня даводзілася Віктару зазнаць на сабе часам справядлівы, а больш несправядлівы гнеў Сымона Карызны. Ён зразумеў, што гэта Карызна перанёс на яго ўвесь комплекс пачуццяў, якія раней меў да Зеленюка. Ён стрымліваў сябе і маўчаў. Нават у сваіх лістах да Зеленюка старанна абмінаў усё, што датыкалася стасункаў яго з Карызнам, і рабіў гэта з двух меркаванняў: па-першае, баяўся, каб не падумаў Зелянюк, што ён скардзіцца, намаўляе на Карызну, а па-другое, ён наогул стараўся менш пісаць пра адмоўнае, а больш пра станоўчае, бо хацеў паказаць свайму прыяцелю, што па яго ад'ездзе з Сіўца ўсё ідзе тут добра — бадай не горш, як пры ім. Ён адчуваў перад Зеленюком нейкую асаблівую адказнасць сваю за сівецкія справы, нібы і сапраўды перайшла на яго па Зеленюку не толькі зацятая варожасць Сымона Карызны, а і ўся грамадская місія непакойнага брыгадзіра.
Трэба сказаць, што Віктарава крыўда на Зеленюка трывала была да першага ліста, які ён атрымаў праз два ці тры дні па ад'ездзе прыяцеля. У гэтым першым лісце Зелянюк выказаў шчыры жаль, што не давялося, ад'язджаючы, убачыцца з ім, і ў надзвычай цёплым ласкавым тоне напамінаў пра іхную ўмову весці надалей сваё сяброўства і перапісвацца. Віктар як не ашалеў быў з радасці і цэлую ноч пісаў неміласэрна вялікі і без меры гарачы адказ, следам за якім на бедную Зеленюкову галаву меўся пасыпацца цэлы дождж частых і не меншых за першага лістоў, на якія шчодра аддаваў палкі юнак свае кароткія, маланкава-быстрыя ночы.
Усе лісты, атрыманыя ад Зеленюка, Віктар перачытваў немаведама па колькі разоў і гарліва складаў іх адзін да аднаго ў сваю запаветную хлапецкую скрынку побач з іншымі сувенірамі, накшталт абгрызеных алоўкаў, сцірак, спісаных пёрак ды інш. Але стокраць перачытаныя і запакованыя ў запаветнай скрынцы лісты ўсё роўна не давалі спакою — яны стаўпляліся ўнутры назолліва турботным узрушэннем, і гэта ўзрушэнне балюча распінала Віктарава сэрца, настойна патрабуючы выйсця. Віктар стаў шукаць чалавека, з якім бы можна было дзяліцца сваімі перажываннямі, і больш прыдатнага да гэтае мэты чалавека, як Тацяна Шыбянкова, вядомая рэч, знайсці не мог. У іх завялося смешнае зайздрослівае спаборніцтва, кожны атрыманы каторым ліст ад Зеленюка выклікаў у атрымальніка па-дзяцінаму непасрэдны эгаістычны трыумф, які адпаведным чынам уводзіў другі бок у старанна хаванае, але непераможнае засмучэнне. Адылі гэтыя жорстка розныя пачуцці дзівосна перамешваліся адно з адным падчас неадменных супольных чытанняў ліста, і сінтэзам іх была слаўная дружба, якая з кожным днём усё мацней і мацней звязвала спаборнікаў. Дружба гэта не асталася ў баку ад дападлівае ўвагі сівецкай публікі і ўпляла небараку Тацяну ў чарговую зласлівую інсінуацыю, міма якой яна, як зазвычай, прайшла з горда ўзнятай галавой незалежнай жанчыны-грамадзяніна. Віктару ж гэта каштавала цэлае вельмі датклівае сцэны з Аўгінькай, якая, аднак, скончылася для яго зусім неспадзяванай радасцю.
Было гэта так...
Дзеля таго, што бацька Аўгіньчын, сівалапаўскі селянін-серадняк Малах Тодараў Загароўскі, упарта не пісаўся ў калгас і камсамолец Віктар абвясціў яму за гэта індывідуальны байкот,— небарака Аўгінька, як даўней, кожнага надвячорку — толькі-толькі сядзе за Сівец гультаяватае зімовае сонца — выбягала на вуліцу (трэба ж даведацца ў суседак, ці збіраюцца сёння ў супрадкі, а хоць газы пазычыць, а хоць малых паглядзець, каб дзе не патапіліся на каўзялі), станавілася перад форткай, схаваўшы рукі ў рукаўкі свайго чырвоненькага з чорнай смушковай аблямоўкай кажушка, і пільна ўзіралася пад Сівец, зусім у другі бок, не туды, адкуль будзе ісці пунктуальны камсамолец Віктар. I зноў, як даўней, яны ішлі разам аж да млына (гэта ж не менш як гоняў з пяцёра!), і, выйшаўшы за Сівалапы ды клапатліва азірнуўпшся наўкола, ён зноў неўзаметку, на хаду абнімаў яе адной рукой і пяшчотна туліў да сябе і нібыта чуў праз халодную паверхню кажушка мяккую цеплыню яе ўтульна схаванага цела...
Читать дальше