…Стары дурней за маладога хлопца кахае...
Фактычна Карызна не меў ніякай падставы да зайздрасці, бо, апрача ігры на гітары, ён не бачыў з боку Андрэя Шыбянкова ніякіх асаблівых падходаў да Веры Засуліч. Але ў гэтых выпадках мова здаровае логікі бывае надта непраканалая, і Сымон Карызна, нягледзячы на ўсе довады розуму, ніяк не мог пазбыцца інстынктыўнага пачуцця апаскі ці; нават боязі, якое абуджалі ў ім частыя візіты Андрэя Шыбянкова да Веры.
А Пацяроб, пэўна, глядзеў на ўсе гэтыя рэчы больш проста і вульгарна. Ды такі збоку яно і відней, а таму.яго кплівае прыплюшчанне вока, магчыма, і мела сякую-такую слушнасць.
Яны абодва пайшлі да Веры Засуліч.
Вера сустрэла іх з шумнай радасцю, прычым зрабіла парыўчаты і вельмі мілы рух да Сымона Карызны, адначасна абмінуўшы з лёгкай сцеражлівасцю Пацяроба, бо той ужо памкнуўся быў да яе з страшэнна мілоснай мінай на твары, якая не вешчавала нічога добрага.
— П'явачка!
Тым часам «п'явачка», кінуўшы на Андрэя Шыбянковаі змоўна-вясёлы погляд, зашчабятала:
— А я ўжо ведаю ўсё, усё чысценька. Малайцы, хлопцы! Значыць, у нас у Сіўцы ўжо калгас... А мы яшчэ свой, бабскі, хацелі былі рабіць... Смех адзін толькі!..
Андрэй Шыбянкоў, як зазвычай,сядзеў, фарсіста закінуўшы нагу за нагу, і брынкаў на вечнай сваёй гітары. Ён слухаў Верына шчабятанне з паблажлівай і, як зазвычай, загадкавай усмешкай, якая мела дзіўную, нахабна-блізкую сувязь з узнятым настроем Веры Засуліч. Так, прынамсі, здалося Карызну.
Карызна адчуваў у гэту хвіліну да Андрэя вострую варожасць, якая яму не падабалася самому і ад якой усё-такі не мог ён ніяк пазбавіцца. Каб гвалтам сціснуць яе, прыдушыць, ён у наругу сабе звярнуўся да Андрэя ў адменна-прыязным тоне:
— Ну, браток Андрэй, прыйдзецца цябе запрэгчы. Мы вось з Пацяробам наважылі зрабіць цябе ведаеш кім?
Ён зрабіў паўзу, каб пабачыць Андрэеву нецярплівасць, але той глядзеў на яго з гордай стрыманасцю, нібы гаварыў яму сваімі чорнымі ўедлівымі вачмі: «Што б ні сказаў ты, браце мой, дык усё роўна мяне не здзівіш. Не тое бачылі…»
I Карызна скончыў мову сваю значна сушэй:
— Хочам цябе паставіць за старшыню сівецкага калгаса.
Андрэй вокам не міргнуў — па-ранейшаму стрымана ўсміхаўся і глядзеў на Карызну мала не з той самай паблажлівасцю, як на Веру. Нібы не яму гэтым гонар рабілі, а, наадварот, чакалі ягонае ласкі згадзіцца на гэта.
Затое Карызнава прапазіцыя выклікала гарачае захапленне Веры Засуліч. Яна бліскучымі вачмі глядзела на Андрэя, пляскала ў ладкі і радасна, можа, нават троху празмеру радасна, шчабятала:
— Ого! Во хто будзе за старшыню... Старшыня... Старшыня... У, якое начальства...
Карызна раззлаваўся і перапыніў яе наўмысна сухім, дзелавым працягам гутаркі:
— Гэта работа вельмі адказная. Калгас будзе вялікі — адзін на ўвесь Сівец і Сівалапы. Ты добра абдумай, абмяркуй гэтую справу, а заўтра пагутарым...
Андрэй стаў на момант сур'ёзны і дзелавіта адказаў:
— Добра, я падумаю...
Гэта гутарка сапсавала Карызну настрой. Ён злаваў на Андрэя, на Веру і нават на Пацяроба — за вульгарна-дамысную ўсмешку, якую той кідаў сяды-тады то на яго, то на Веру, то на Андрэя. Ён напінаў усе свае сілы, каб не збіцца з вясёлага прыяцельскага тону, і з гарачаю нецярплівасцю чакаў, калі нарэшце даўмяцца яны пайсці і дадуць яму магчымасць як мае быць пагаманіць з Верай. Ён не ўкладаў у гэтае «як мае быць» пакуль што ніякага пэўнага зместу, але чакаў ад гутаркі з Верай нейкага асаблівага задавальнення.
Вера прыцішэла і амаль не ўтыкалася ў гутарку. Яна раз-пораз узнімала на Карызну свае чыстыя, як крышталь, вочы і ўпарта глядзела на яго не то з маўклівым запытаннем, не то з цяжкай развагаю. Карызна чуў на сабе гэтыя погляды, і яны чамусьці яшчэ больш распалялі ягоную злосць, дадавалі да яе едкае пачуцдё помсты.
Як Пацяроб з Андрэем нарэшце зладзіліся ісці, Карызна раптам адмяніў свой замер і замест таго, каб астацца пагутарыць «як мае быць», стаў, сціснуўшы зубы, развітвацца. Ён быў упэўнены, што яго раптоўны, ніякім чынам не прадуважаны іхным любоўным рэгламентам адыход зробіць ёй такі самы боль, як і яму.
Вера пайшла, каб зашчапіць за імі дзверы. У цёмных сенцах яна знайшла Карызнаву руку і сціснула яе так, што, аврача пяшчотнасці, ён пачуў у гэтым поціску і ладную, зусім нечаканую ад яе сілу. Ён крыкнуў хлопцам, што дагоніць, а сам астаўся, цалкам здаволены такім канчаткам.
Яна прывяла яго за руку назад, у свой пакой, там абшчапіла моцна за шыю і, зазірнуўшы ў твар яму бліскучымі ад слёз вачмі, запытала:
Читать дальше