Багуміл Грабал - Танцавальныя гадзіны для старэйшых і спрактыкаваных

Здесь есть возможность читать онлайн «Багуміл Грабал - Танцавальныя гадзіны для старэйшых і спрактыкаваных» весь текст электронной книги совершенно бесплатно (целиком полную версию без сокращений). В некоторых случаях можно слушать аудио, скачать через торрент в формате fb2 и присутствует краткое содержание. Город: Мінск, Год выпуска: 2007, ISBN: 2007, Издательство: VivaFutura, Жанр: Классическая проза, на белорусском языке. Описание произведения, (предисловие) а так же отзывы посетителей доступны на портале библиотеки ЛибКат.

Танцавальныя гадзіны для старэйшых і спрактыкаваных: краткое содержание, описание и аннотация

Предлагаем к чтению аннотацию, описание, краткое содержание или предисловие (зависит от того, что написал сам автор книги «Танцавальныя гадзіны для старэйшых і спрактыкаваных»). Если вы не нашли необходимую информацию о книге — напишите в комментариях, мы постараемся отыскать её.

У творчасьці Багуміла Грабала, аднаго з найлепшых чэскіх пісьменьнікаў, дзіўным чынам спалучаюцца яскравы гумар, красамоўства, аснову якога складае гарадзкі жаргон, глыбокія філязофскія разважаньні і пачуцьцё радаснага, у чымсьці нават дзіцячага захапленьня сьветам, што надае ягонае прозе асаблівы шарм.

Танцавальныя гадзіны для старэйшых і спрактыкаваных — читать онлайн бесплатно полную книгу (весь текст) целиком

Ниже представлен текст книги, разбитый по страницам. Система сохранения места последней прочитанной страницы, позволяет с удобством читать онлайн бесплатно книгу «Танцавальныя гадзіны для старэйшых і спрактыкаваных», без необходимости каждый раз заново искать на чём Вы остановились. Поставьте закладку, и сможете в любой момент перейти на страницу, на которой закончили чтение.

Тёмная тема
Сбросить

Интервал:

Закладка:

Сделать
да граду, а той сяржант пачынае лаяцца, ебэм ті бога і курэц надробно, і кажа, што Фрайгер фон Вухерэр забараніў валачыцца па граду, потым лёг на ложак таго жыдка, па поўначы той вярнуўся ўвесь умакрэлы ад дзяўчат, а сяржант Брчул усхапіўся і надаваў яму таўхуноў нагою, ажно той зьвіваўся на зямлі ў выхадным мундзіры, і адразу мусіў ісьці на варту, а калі я пайшоў зьмяніць яго тае ветраное начы, ён ужо спруцянеў каля камля дрэва ў куце падворышча, павесіўся на той лякаванай дзязе, сёньня пра такія рэчы ня ведаюць, я распавядаў пра гэта ў Лібэні, але кіроўцы сьмяяліся зь мяне і браліся навыперадкі сваімі стоадзінаццаткамі з узгоркў ў Гарларэзах, калі зьяжджалі ўніз, была субота папоўдні, дантыст вярнуўся па парасон, бо забыўся, і якраз піхаў ключ у замок свайга кабінэта, але ў адной стоадзінаццаткі лопнула рысора і машына наляцела на кабінэт і адваліла яго ад таго ключа, а той дантыст тамака стаяў і ўвесь час трымаўся за той ключ, калі б гэта толькі бачыў граф Зэлікоўскі, генэрал вядомы сваёй грубасьцю, маёр Міхаховіч, які выплочваў нам грошы, раскладваў банкноты па стале і прыціскаў іх каменчыкамі, каб вецер не пазьдзімаў, ён заадно нас і перасьцерагаў, каб мы не прапілі тыя грошы адразу, але каб купілі сабе гузікі, вазэліну і ніткі, а ваколіца была прыгожая, рамантыка як у Ерусаліме, тыя дарогі пад гару ўвесь час трэба было папраўляць, людзі жывіліся аўсянымі блінамі, вінаграднікі цьвёрдыя як бэтон, адна дальматынка, што сядзела ў гаіку й пасьвіла авечкі, гэта было як на малюнку, адразу мяне заатакавала, пане, вы свабодны? а калі я кіўнуў, тут жа прыселася да мяне і пачала мне паказваць, хто ў якой халупе памёр, але мне трэба было йсьці практыкавацца з новымі гранатамі, выглядала тая граната, панна, як грушка, зь якой замест хвосьціка тырчыць вяровачка, камандзір узводу вучыў нас на імітацыі, пацягнуць за вяровачку, палічыць да дванаццаці, а потым шпурнуць, потым пайшоў у прыбіральню, а нейкі спрытнюк падлажыў яму сапраўдную гранату, і калі мы паўтаралі практыкаваньне, дык бабах! узводнаму адарвала руку і тая рука вылецела праз вакно і дала поўху капітану Тонзэру, які праяжджаў на кані і казыраў, нешта такое прыдарылася і ўласьніку летняга кінатэатру, у якога была жалезная рука, і калі хлопцы сядзелі на дрэве і глядзелі фільм задарма, дык уласьнік ставаў на крэсла і лупцаваў іх той жалезнай рукою, ажно ляцелі пасечаныя галінкі, а калі дома хацеў даць той рукою і сыну, пратэз сарваўся з завесаў, вылецеў праз вакно і зьбіў з ног паліцыянта, які акурат гастрыў аловак, каб выпісаць штраф, а вось што мне прыдарылася падчас рапарту, калі чыталі імёны палеглых і прачыталі маё, нават дата нараджэньня супадала, але ж я жывы! крыкнуў я, паслалі мяне дакладваць і далі мне пятнаццаць дзён арышту за тое, што я адазваўся пры рапарце палеглых, хлопцы казалі, панове, калі б такое пачуць, дык можна было б пайсьці дахаты і легчы ў пасьцель, а калі скончыцца вайна, можна будзе сьцерці сваё прозьвішча з помніка палеглым, але мне падабалася любавацца сабою ў люстры, мяне ажно страпянула, калі я ўбачыў, як мне падыходзіць мундзір, як быццам сонейка выйшла на прагулку, калі я йшоў на шпацыр, ясна-блакітная блюза, чорныя нагавіцы з чырвонымі лямпасамі, лякаваны пасак і нікеляваны штых, шапка з залатым абадком, а пад той шапкай ня сечка, а таз першаклясных мазгоў, самыя складкі й зьвіліны як у Эдысана, ах, той Эдысан, што вынайшоў прыладу, каб людзі ня мусілі хадзіць у тэатар або на канцэрт, а маглі дома паслухаць у пантофлях, гэта той фанограф, нешта, чаго не было раней, сядзеў бедачына тры дні на крэсьле і думаў пра тыя слухаўкі на вушы, ну бо ведаеце, панна, нават найпрыгажэйшая жанчына ня можа дараўняць славутаму мужчыну, у Кракаве адна пані доктарка сказала мне распрануцца і лягла на мяне паслухаць, ці б'ецца маё сэрца, мела халоднае вуха і кажа мне, цо сен пан так руша? а я ёй распавёў пра эўрапейскі рэнэсанс і што сапраўдны мужчына трымціць як пасоленая жаба, калі бачыць прыгожую жанчыну, таму шмат пісьменьнікаў вар'яцее ад мастацтва, бо калі хочуць яго палепшыць, мозг рассыпаецца ў іх як пацяруха, і ніхто ўжо не пазьбірае яго ў кучу, сымфаніст Іштван абарваў жырандоль ад жалю, а па Эдысана прыйша нарачоная, але ён увесь час раздумваў, пад нагамі меў шкляны столік, каб яму не замінала зямное прыцягненьне, а тут прыходзіць прыгожая нарачоная, калі яму пасьля сьмерці адчынілі чэрап, таз поўны шэрага мозгу, мне адна варажбітка вываражыла з картаў, што калі б мяне не перакрыла маленечкая хмарка, я б зьдзейсьніў вялікія рэчы, ня толькі для свайго народу, але і для ўсяго чалавецтва, варажбітка працягнула да мяне рукі, а я адхіліўся ў крэсьле-качалцы і выліў акварыюм, усё гэта я распавядаў той польскай пані доктарцы, а яна лягла на мяне і запыталася, куды пойдзем сёньня вечарам? а я зацытаваў ёй соньнік Анны Новакавай, чыжыка ў клетцы прысьніць, тваё распуснае жыцьцё прывядзе цябе да жалюгоднага канца, а доктарка ўзьнялася і кажа, выберце сабе нейкі лепшы сон, добра? дык я ёй сказаў, бачыць у сьне юбілейную выставу значыць неспатоленую жарсьць, а тая доктарка адказала, што на пачатак гэтага хапіла б, і пусьціла да мяне турэцкае вочка, рэч у тым, што мужчыны адразу думаюць пра брыдоту, тым часам як я паступаю тактычна, каб можна было ганарыцца перамогай, аднойчы прыйшоў да нас Марыён, ілюзіяніст і гіпнатызэр, які сам сабе ставіў пячаткі на дазволах на выступы, бо як толькі зьяўляўся ў ведамстве, службоўцы давалі драла, каб іх не загіпнатызаваў, у той час я меўся выступіць на эстрадзе, засьпяваць «Балалайку» ў мундзіры афіцэра гвардыі, на сцэне былі самыя дзьверы зь дзіркамі для ключоў, а я сьпяваў «Жанчын прыгожых цалаваў я ўдосталь», на мяне сьвяцілася фіялетавае сьвятло, калі я сьпяваў, «Балалайка, грай песьню з усіх найпрыгажэйшую, песьню сэрцу найбліжэйшую, аб тым, што я кахаю», і пабіў усіх высокім «до», гэтага ніводзін гарладзёр з хору ня мог даказаць, кожны мычаў як карова, калі целіцца, тым часам як я, тэнар як Ярынак Посьпішыл, ачараваў усіх нашых дзяўчат як гіпнатызэр Марыён, калі б вам захацелася, вы б маглі таксама выступіць, адна панна будзе йграць тую вялікацарыцу, але мусіць мець фальшывы поваб, вы б маглі яе йграць, таму што ня ўсе царыцы былі прыгожыя, я буду йграць папа і буду трымаць у руках тую чару, а пад канец адстрэляць жырандоль, аднак найбольш ахвотна я зайграў бы Барона, ідзецца толькі пра тое, як завесьці жарабца на сцэну? хіба што абматаць яму капыты анучкамі, каб не паабіваў сходаў, галоўным чынам трэба зьвяртаць увагу, каб той жарабец не спужаўся музыкі і ня зьляцеў на аркестар, парасятніка зайграў бы Руда Турак, обэрлейтэнант, карак у яго быў, што ў швайцарскага быка, у Каталіцкім Доме я з адной прыгажуняй хацеў зрабіць шпагат і дастаў грыжы ад натугі, у мужчыны дык нічога, яму ўсё сыдзе, але такая жанчына, калі носіць пояс супроць грыжы і разагрэты мужчына яго намацае, халодны пояс зь нікеляванымі спружынамі, дык ідэалы адразу развальваюцца, а цялесныя пажады даюць назад, Хрыстос Госпад аднаго разу, калі яго запрасілі на вясельле, дзе моцна жлукцілі, абярнуў ім віно ў ваду, гэта быў той цуд у Кане Галілейскай, у тых часох мне сьніліся такія сны, перабіраць у сьне косьці нябожчыка, вялікая радасьць ідзе табе насустрач, гэта ўвогуле цікава, што маладыя паэты думаюць пра сьмерць, а старыя пердуны пра непаўналетніх дзевак, адзін паляўнічы мне казаў, ён ходзіць у лес назіраць за аленямі, колькі ў такім старым алені жарсьці, калі заляцаецца да лані-правічкі, такі сон аб градцы цюльпанаў у тлумачэньні значыць, што закахаесься ў гожае дзяўчо, але яно ня будзе ведаць аб тваім каханьні, адзін паэт прозьвішчам Бонды мне казаў, што ў людзей дзікае ўяўленьне аб пісаньні вершаў, думаюць, што гэта ўсё роўна як ісьці зь вядром па ваду або што паэт толькі падыме твар на нябёсы, а адтуль яму боская моц сікае вершамі проста ў галаву, я яму кажу, гэта толькі ў Хрыста Госпада быў такі клёк, што прафэсары й па сёньня ня могуць надзівіцца, што ён быў ня толькі сын божы, але й шампіён і атлет, што ён мог узяць бізун і выхвастаць зь сьвятыні гандляроў жывёлай, і сказаў ім, што не прынёс мір, але меч, гэта значыць шаблю, людзі гэтага й так не разумеюць, таму што разумныя паміраюць, а дурныя зноў нараджаюцца, адзін чысьціць нужнікі, а іншы ёсьць доктарам, адна жанчына ўсё жыцьцё чытала б у пасьцелі раманы, а іншая зноў жа робіць тое, пра што ў тых раманах пішуць, паэт Бонды, бедачына, калі ў гасподзе перавіваў двое сваіх дзіцянят у возіку, прынюхаўся потым да пальцаў і сказаў, тут недзе пачынаецца глыбокая філязофія, а праз паўгадзіны адно дзіцятка зноў накакала ў тым возіку, дык Бонды мусіў падціраць яго «Чэскім Словам» і прытым наракаў, Ісусе, такое даняло б і карэйскага ката! у дзень Божага Цела мы ўрачыста ўвайшлі ў Пярэмышль, адна дзеўка ляжала ў рове, паказвала на сябе і крычала да жаўнераў, хадзеце адсьвяткаваць перамогу нашае зброі! але ніводзін ваяка на яе не палакоміўся, бо была брыдкая як турэцкая ноч, а зрэшты, я ніколі ня быў падкі на такое, я перамагаў інакш, у лязарэце апекаваліся мною баранэсы, а за рэспублікі гожыя саколкі, сястрычкі, адна галіла мне жывот і рыхтавала да апэрацыі, бо папярэдняга дня галоўны доктар мне сказаў, будзем вас пароць, падпішыце рэвэрс, калі б вы нам выпадкам сканалі пад нажом, такім чынам мяне падбадзёрваў, а сам ужо надзяваў белы чапец як цукернік, а сястрычкі нацягвалі яму пальчаткі, нібыта якому дзіцяці, і ўжо хацеў узяцца за мяне, як дзьверы адчыняюцца і зьяўляецца баба з кошыкам і пытаецца, дзе ляжыць ейны муж, бо прынесла яму сьвініны з капустай, а галоўны доктар, ростам як волат і заюшаны да бяспамяці, хапіў тую бабу і як дасьць ёй высьпятка ў задніцу, а потым аблаяў дзьверніка, як тая баба змагла сюды пралезці, калі ён праз момант мае пэцкацца ў маёй крыві і латаць мне грыжу? што за радасьць, калі выйдзеце са шпіталя і добра разгледзіцеся навокал, як у той песеньцы, як цудоўна і прыгожа на тваім прыходзе, Божа, тра-ля-ля, Барнадак, каваль, мог лёгка выпіць дваццаць пяць літраў піва, а калі потым яму конь не хацеў стаяць або натурыўся, Барнадак яго валіў на зямлю і падкоўваў лежма, ну й дастаў запаленьня лёгкіх, ягоная брушына прыляпілася і быў яму каюк, я адзін застаўся, гожая сястрычка прыносіла мне судно і пыталася, чаму я не ажаніўся, чаму пакідаю такое прыгляднае цела ляжаць аблогай? а я замест адказу ўжо падымаўся з пасьцелі і хацеў вучыць яе танцаваць, ажно мяне сіламоц трымалі, бо пасьля такой апэрацыі чалавек мусіць ляжаць як Лазар, адна панюся, высачэнная, а пры тым красуня, купалася і клікала, хадзеце, то дастанеце буські! і я ўлез у Лабу ў адзеньні, вада мне даставала пад шыю, але буську атрымаў, і зноў быў герой, хоць трэба было на беразе сушыць ня толькі вопратку, але й выплату, якую мне далі ў дзесяцікронавых банкнотах, я стаяў у адных сподніках, увесь горад быў на дыбках, жанчыны сьпяшаліся над рэчку і глядзелі на мяне, як на Мантгомэры, пераможца з-пад Тобруку, вальнадумцы папракалі Царкву, што калі Хрыстос быў Богам, дык чаму ён зносіўся з блудніцай? я кажу, што на гэта няма ніякай рады, перад прыгажуняй ніхта ня выстаіць, нават Госпад Хрыстос, які на той час быў прыгажун, што Конар Толнэс, яму ж было трыццаць год, а бачыце, тая Марыя Магдалена, хоць і мела пасаду вяхоткі з бару, усё-ткі дабілася сьвятасьці і нябёсы яе ўпадабалі, ня здрадзіла Хрысту і выцірала яму кроў валасамі, а ён, бедачына, вісеў на крыжы, таму што прапаведваў сацыяльны прагрэс і што ўсе людзі роўныя, ягоная маці заходзілася ад плачу, а Марыя Магдалена лагодзіла ягоны боль, і я пытаюся, куды падзеліся ўсе колішнія прыгажуні? памерлі і нічога ад іх не засталося, а Марыля Магдалена заўсёды будзе кранаць паэтычныя сэрцы, вось такі лёс прыгажуна, які навучыўся рамяству, умеў пілаваць бярвёны і дошкі і раптам кінуў тое і пайшоў навучаць людзей, што дзейная любоў да блізкага ня значыць кублавацца зь дзеўкай на канапе, але йсьці памагаць таму, хто тут жа патрабуе дапамогі, ксёндз за тое, што я выдатна авалодаў катэхізмам, даў мне абразок Хрыста, як трымае келіх, на той час у Аўстрыі было вельмі модна правяраць і дапытвацца, хто ёсьць Айцец, хто Сын, а хто Дух Сьвяты? аднаго ксяндза нават судзілі, таму што сёстры Ульманавы не змаглі яму адказаць, чым тая Сьвятая Тройца насамрэч ёсьць, і ксёндз пасадзіў іх голымі попкамі на распаленую печку, ну й потым тыя сёстры ня выйшлі замуж, ніхто не хацеў мець зь імі дачыненьні, калі яны ня ведалі пра Сьвятую Тройцу, праўду кажучы ніхто гэтага толкам ня ведаў, але прыкідваўся, што ведае, дык тыя сёстры сеялі сланечнікі, у той час было страх колькі забойстваў і рабункаў, па глухаманях нанач зачынялі аканіцы і рыхтавалі сякеры й стрэльбы, адзін млынар глухой ноччу ўбачыў у месячным сьвятле, як хтосьці выпілоўвае дзірку ў дзьвярах, каб прасунуць руку і адсунуць засаўку, дык ён падкраўся паціху зь сякерай, а калі рука прасунулася, дык ён чах! і адсек тую руку, потым жандары шукалі, але не знайшлі нікога без рукі, дык ксёндз лаяўся, таму што мусіў пахаваць тую руку на могілках і купіць дзеля таго маленькую дамавіну, Сьвятая Багародзіца! стаіць жаўнер на варце ў Оламоўцы і бачыць, што на могілках нешта гарыць, бяжыць туды, адчыняе трупярню, а там далакоп пры катле, а з таго катла тырчаць чалавечыя рукі й ногі і сквірчыць тлушч, тут яго й цапнулі жандары за тое, што адкопваў нябожчыкаў і варыў іх сьвіньням, потым шапачнікі з Прасьцеева сьпявалі песеньку, у маёй нябогі, рукі адняло і ногі, або калі я аднойчы з адной красуняй выбраўся ў тамашаўскі лес, там ёсьць гаспода, а насупраць тае гасподы стаяць сем белых крыжоў, там адзін нягоднік падпільнаваў вясельле і пазасякаў усіх вясельнікаў сякерай, ну, страшны выпадак, таму я ня маю дзяцей, бо не хачу, каб мая кроў трывала ў вякох, дзе тая зарука, што дзіця было б ад мяне? жанкі мяне прабіралі, хто вам заплюшчыць вочы? а я ім кажу, гэтак бывала за Аўстрыі, калі людзі паміралі дома, а сёньня, як толькі чалавек пачне крыху недамагаць, прыяжджае хуткая дапамога, адвозіць вас і паміраеце за шырмай сам адзін, сваякі сёньнячы зь нікім ня цацкаюцца, апантанасьць грашамі гэтаму віною, найлепш было б, каб людзі па ўсім сьвеце дамовіліся і перасталі рабіць дзяцей, едуць у адпачынак і халтураць адно на адным, каб увялі адлічэньне з зарплаты, за адно дзіця пяцьдзесят кронаў, за другое сто кронаў, а за пяцёра дзяцей абрэзаць палавіну зарплаты і адлупцаваць розгамі на рынку, самы ўжо час, каб мы зноў маглі хадзіць з прыгажунямі ў лес і пакланяцца эўрапейскаму рэнэсансу бяз страху, што талопіцца на нас шмат вачэй, сёньня ж людзі лягаюць адпачываць у лесе адзін ля аднаго, як магілы на могілках, адна пані папрасіла мяне, каб я выгуляў ейнага сабаку, але я пайшоў з тым сабакам да дзяўчат у бары, ну й таго сабаку два наведнікі праз памылку абасцалі, а калі мы вярнуліся, тая пані пагладзіла сабаку, панюхала пальцы і спытала, дзе вы былі? сабакі добрая рэч, але толькі каб пільнаваць гаспадаркі, адзін злотнік меў бульдога, якога безь віны адсьцябаў, а той бульдог гэта запомніў і аднаго разу, калі злотнік часаўся, сабака скочыў і запусьціў зубы ў злотнікава цела, а злотнік, з сабакам на карку, давалокся да пісьмовага століка, выцягнуў рэвальвэр, але як страляў у таго бульдога ў люстры, нешта паблытаў і прастрэліў сабе вуха, дзіва, што сябе не застрэліў, потым неяк таго сабаку ўходаў, але заціснутыя зубы яму трэба было расшчамляць качаргою, зноў жа іншы стаяў перад люстрам і выразаў сабе валаскі з носа перад патанцоўкай, і прарэзаў сабе нос, я дык усё рэзаў як скрыпач на скрыпцы, чуцьцём, а калі б вы бачылі пшэмысьлякаў, як яны йшлі на прызыўную камісію, вёска была добра адкормленая, браканьер пры браканьеры, адна краса, калі стараста іх вёў на прызыў, самыя стужкі і жычкі, і яны парэзалі ўсе навакольныя вёскі, загналі немцаў у бровар, а старасту на памятку ўсадзілі нож у сьпіну, хапіла толькі паглядзець на іх крывавата, а зубы ў вас ужо выляталі праз задніцу, але на парадзе гэта быў цьвет чэскага народу, рослыя мужыкі і злыя як чэрці, мелі два аркестры, а на сьвяты і гасьціны ўсё было ў кветках і стужках, уся вёска аздобленая і начышчаная да бляску, штохвілі нехта нёс кішкі ў вядры, бо ведаеце, за Аўстрыі шмат мужыкоў памерла ад мардабояў у карчме або па дарозе дахаты, або павесіліся ад таго, што мелі шмат дзяцей, а тыя слаўныя пшэмысьлякі раз падпільнавалі мяне, бо я хадзіў зь дзеўкай ад іх, але я адвярнуўся, выцягнуў рэвальвэр і бах! бабах! паліў па іх, а мужыкі як дубы валіліся на зямлю, а я зноў стаяў як герой, як Том Мікс з кольтам, у якога дым ішоў з дула, або зноў жа тая жудасьць з Анэжкай Грузавай, нашы людзі выдумалі, што гэта зрабіў Гільзнэр, а яшчэ заявіўся адзін прыдурак і сказаў, што бачыў, як Гільзнэр стаяў у лесе каля Бжэзіны, гэты каронны сьведка адной рукой трымаў ровар, а другой тую штуку, каб адмачыцца, і так Гільзнэра запраторылі ў турму, а жыды мусілі вэк з Польнай, людзі сьпявалі песеньку, не купляйце ў жыда цукру, кавы і мукі, ён забіў нам дзеўку сінявокую Анэжку, ну а бачыце, на сьмяротным ложы брат Анэжкі прызнаўся, што гэта зрабіў ён, дзеля грошай, якія ў той час валадарылі над сьветам, аднаго разу йдзе жандарм на патруль, запыняецца ў гасподзе і заказвае сабе адбіўную, а як што яму пасмакавала, дык паўтарыў заказ, але карчмарка неяк доўга ня йшла, дык ён пайшоў яе пашукаць, яна была ў склепе, а тамака на круку вісела ейная дачка, галюсенькая, а тая карчмарка выразала зь яе адбіўныя, Сьвятая Багародзіца! жандар яе ў наручнікі і ў суд, пра такія здарэньні людзі апавядалі раней, калі самі сабе замянялі радыё і тэлевізар, але мне найбольш падабалася шпацыраваць па горадзе, я хадзіў у ангельскім гарнітуры і лапатуне, такім капелюшы з заломамі, было прыемна глядзець крамныя вітрыны, такая напрыклад парфумэрыя ў Оламоўцы, поўна туалетнага мыла, якое пахла ляснымі фіялкамі, гліцэрынавае мыла маркі Lila Blanc і Violeta de Nice, экстралагоднае мыла маркі Rosa de Shiraz, аднаго разу мяне за казармамі Марыя-Шнэ перапыніў драгун і крыкнуў, грошы або жыцьцё! іншы б пэўна абамлеў, але я выцягнуў браўнінг і кажу, калі хочаш жыць, дык дуй адсюль, а то прыстралю як сабаку, калі я прыехаў у госьці да брата на чатырнаццаць дзён і застаўся там на трыццаць год, дык мне далі мэксыканку, такую стрэльбу, каб я пільнаваў рамянёў за броварам, а калі ўначы йшоў тудою жандар, я зьняў стрэльбу з пляча і давай страляць, кулі адбіваліся ад мосту і толькі сьвісталі, бо я ня буду дапытвацца, а хто там ідзе? аўстрыйскі жаўнер мусіць страляць першы, каб перамагчы, у іншай парфумэрыі стаялі роўненька флякончыкі вады для пелегаваньня валасоў, вада маркі Cyrano, дзе на наклейцы выходзіла з возера вадзяная русалка з ружамі пры поясе, а за сабою мела некалькі сьветлячкоў ці мо зорачак, ну дзіва! як музыка Моцарта, аднойчы плылі лодкай тры швачкі ад Пікаў, а мы ў плаўках папраўлялі студню ў бровары, і адна красуня паклікала мяне, а я адразу кінуўся ў ваду і пачаў ныраць пад іхнай лодкай, гэта была аўстрыйская галянтнасьць, нават і простыя людзі паводзілі сябе так, быццам іхняе жыцьцё ўвесь час фільмавалі або фатаграфавалі, у Славаччыне я дапамагаў у пякарні развозіць печыва, там п'янае вясельле ўехала ў касьцёл і пачало частаваць сьвятых гарэліцай проста з пляшкі, ксёндз уляцеў у касьцёл як самалёт-зьнішчальнік і верашчаў і лупіў і таўхаў нагою тую вясельную кампанію, і прыгаворваў, арда татарская! то так прыходзяць у храм Гасподні? прэч! вянчаньне будзе, калі прыедзеце крыху больш цьвярозыя або менш п'яныя! потым я выбраўся на Градзіска, дзе піваварнічаў, і вярнуўся дахаты ў поўнай славе, гарнітур у палоску і мадэрны капялюш апошняга парыскага фасону, кіёк зь белай галушкай, іншага дык жандары вярталі ў родныя мясьціны ў апратцы як бы яго карова жвакала, але я прыйшоў як кіназорка і прынёс сто залатых, аддаў доўг і купіў карову з Поніквы, якую мне нараіў гаспадар Тыатар, той, што са старога тэатру зрабіў карчму, а ягоная баба гадавала восемдзесят катоў, увесь дзень налівала ім малако, у парфумэрыі я бачыў прэпарат маркі Калядэрма, потым фірма Вольф і Сын з Карлсруэ дастаўляла на Мараву свой жэлятын і драбнюткую ружовую пудру для пелегаваньня скуры, на шкатулцы летуценная жаночая галоўка з ручкай пры скроні, абвінутая лёгкай вуальлю, з вачыма ў далечыні, той каровы з Поніквы ўсе нам зайздросьцілі, швэйцарская раса, зусім белы асобнік, каштавала цэлых восемдзесят залатых, але потым мы прадалі яе мясьніку, бо аказалася ялавай, найвышэй з нашае сям'і зайшоў дзядзька, у войску быў камандзерам узводу і ўмеў пісаць так, што ня можна было наглядзецца, атрымаў залаты крыж ад кайзэра, насіў залаты шнур і пікэльгаўбу, мужчына высокі на мэтар восемдзесят, які за свайго кавалерства быў паўкідваў усіх з карчмы ў копанку, як Рымскі, што паходзіў з Кокараў, але калі дзядзька ажаніўся, дык спаважнеў, узяў сабе дачку лесьніка і паставіў вілу на Мараве, гадаваў індыкі і быў вахмістрам, адной красуні я купіў лілёвы крэм на лагодную белую скуру маркі Steckenpferd, гэта была фірма з Радэбойлю, потым Гавэрдавай Здэнцы я купіў далікатны і гарантаваны сродак, уганараваны залатым мэдалём, «Сінулін», а яна засьмяялася і кажа, а што ты за гэта хочаш? а я адказаў, што хацеў бы, каб мы пайшлі на шпацыр і яна дастала сонечнага ўдару, а яна засьмяялася і кажа, чаму? а я адказваю, што паводле інструкцыі першай дапамогі, калі хто дастаў сонечнага ўдару, найлепш расшпіліць блюзку і абмываць грудзі летняй вадою, а тая Здэнка мне сказала, ты, бугай, зашмат сабе дазваляеш, так, гэты сьвет далей прыгожы, не таму, што ён такі ёсьць, але такім я яго бачу, як яго бачыў у фільме Пушкін, бедачыне заўчасна пацэлілі ў галаву і былі яму капцы, з дзіркі ад рэвальвэру выцяклі ў яго апошнія вершы, ужо паводле фатаграфіі я дайшоў да высновы, што Пушкін належаў да эўрапейскага рэнэсансу, меў гожыя бакенбарды, ну, тыя бакі, якія насіў нябожчык кайзэр Франта і кампазытар Штраўс, раз іду сабе над вадою, а тут на ровары Лібушка і адразу наяжджае на мяне пярэднім колам, калі я ёй зноў прынясу пук, то бок, букет ружаў? а я яе ні з таго ні зь сяго пацалаваў, як гэта рабіў Ганс Альбэрс на параплаве, а Лібушка віскнула, Хрысьце Пане! а я расьсьмяяўся і кажу, што я не Хрыстос, адно пан, а гэта насьмяшыла яе яшчэ болей і яна яшчэ мацней наяжджала на мяне пярэднім колам, адчыняючы мне дзьверы да далейшае прыгоды, і я быў панам сытуацыі, гэта ў парфумэрыі я бачыў шэраг бутэлечэк са сродкам для буйнага росту валасоў маркі Peru Tanin, на пляшачках былі дзьве дачкі вынаходніка з валасамі ажно па косткі, зразумела, Аўстрыя стаяла ня так на буйным росьце валасоў, як на буйных грудзях, у некаторых былі такія, што яны мусілі насіць заплечнік, а ў ім цэглу, каб ня ўпасьці дапераду, так тое цягнула, гэта было нешта, тыя вялізазныя цыцкі, з самога раньня ўся Аўстрыя ня думала ні пра што іншае як толькі пра грудзі, жанчыны выпіхвалі іх, а ў сям'і была проста бяда, калі дачка ня мела грудзі як кухлі для піва, цяпер гэта зноў уваходзіць у моду, жанчыны зноў у гэтых адносінах як за аўстра-вугорскай манархіі, на спартакіядзе я бачыў волатак, нашых дзяўчат, як яны йшлі ў калёнах у тэлевізары, у майтках і кашульках, шпарылі як Марыя Тэрэза, мужчыны ад гэтага глядзеньня, ад гэтага параду нацыі былі пад вечар зусім абнясіленыя, ноччу я нарваў ружаў у чужым садку, пералез цераз плот і незаўважна паклаў тыя ружы на вакно Лібушкі, як робяць мэксыканцы і гішпанцы, тая банда абібокаў, якая нічога іншага ня робіць, толькі езьдзіць верхам і сьпявае паннам пад гітару, а на другі дзень Лібушка паклікала мяне праз фіранку, каб я прыйшоў да іх у госьці, з майго боку гэта была дыпляматыя, дык потым я быў сьведкам, як яна скідала чаравічкі і сьцягвала панчохі, а потым лягла на канапу і спыталася, ці па мне ўжо бегаюць мурашкі? і кідалася на той канапе, нюхала ружы і вырачвала на мяне вочы, а потым села і пачала распорваць блюзку, а калі скалечылася жылеткай, сказала, мігам перавяжыце, а то дастану заражэньня крыві! а калі я завязваў ёй бінт, запыталася, чаму я вам ня падабаюся так, як тыя дзяўчаты з бару? а я адразу суцешыў яе па-рыцарску, панна, вы маеце іншыя повабы, у вас шык і гожыя ножкі, яна акрыяла душой і мы разам панесьлі бялізну ў прасавальню, а бабы шалелі ад рэўнасьці, ну так, нам дык не пасобіць, я павучаў Лібушку паводле соньніка Анны Новакавай, прасаваць бялізну значыць, што адкрыеш глыбокія таямніцы, а Лібушка мне сказала, як рыхтуецца адсьвяткаваць свае дваццаць першыя народзіны, і дадала, што мяркуючы па маіх вачох, яна б баялася ісьці са мною пад поўнач на выспу, а я ёй на тое, у вас, Лібушка, гэта ўсё пройдзе, вы надта дзікая, але як будзеце так доўга таргавацца, дык возьме вас нейкі ўдавец, гэта былі б фіглі-міглі, або й жандар, адна панюся мне раіла, не гаварэце толькі, а завядзеце нас на зьмярканьні на ўзьлесак, Гавэрдава Ўласта, якая ўмела йграць на піяніне і гаварыць па-нямецку і якая ставала на руках на більярдзе, ажно сукенкі ёй ападалі як пялёсткі з кветкі маку, дык тая мне казала, бамбіза, ты мяне толькі пакручваеш тым, што мною не цікавісься, Наўрацілка, калі мы разам пусьціліся ў эксцэнтрычныя скокі ў Каталіцкім Доме, шаптала мне на вуха, зірнеце, як уся заля глядзіць на нас, і мне захацелася дадаць адну фігуру, як гэта робіць пара Фукса-Кашцялава, і мы паляцелі тым эскцэнтрычным махам пад стол, Ярмілка хацела са мной рабіць у «Славіі» тое, што бачыла ў Вялікага Цыгфэльда, але ня вытрымала таго пераходу да фігуры танга і, пераляцеўшы ў мяне над галавою, убіла сабе акуляры ў брыво, яна па сёньня можа ганарыцца прыгожым шнарам, аднак найбольш мне даспадобы была ўжо спомненая Гавэрдава Ўласта, яна была закаханая ў мяне да вяр'яцтва, я насіў яе на гершках па ўсёй карчме, а яна ад сьмеху пасікалася і ўся гаспода шалела з гэтае нагоды, а потым недзе забілася ў аўтамашыне з жаўнерамі, але Гавэрда мне казаў, што гэта няпраўда, наадварот, што яна жывая аж занадта, што яна стала мэдсястрою, ну дык гэтая мела такі тэмпэрамэнт, што яе ажно хіліла ў манашкі, у даўнейшыя часы я сабе купіў праставач носа, насаджвалася тое на нос, як жанчыны закладаюць сабе трубачкі накручваць валасы, праставач дакручваўся шрубкамі, паводле таго, які вы хацелі мець нос, я хацеў мець як у Рудольфа Валентына, стары Швэц, той што трымаў банк у дваццаць адно ў Гавэрдаў, на схіле свайго веку праходзіў каля касьцёла і кажа, я яшчэ там ня быў, што яны там увесь час робяць? і ўбачыўшы раз тую пышнасьць, стаў касьцельным вартаўніком і шкадаваў, што ня зьведаў таго раней, Уласта ў той час кінула пярсьцёнак пад ногі прыгожага млынара, я ёй ніколі нічога не купіў, адно калі-нікалі прыносіў ружу, а гэта жанчынаў даймае, адкразу ўсё кідала й прысядалася да мяне, а я прыкідваўся, што чытаю газэту, а Ўласта кажа, што так сядзіш як квактуха на яйках? а я як прыпёр яе да більярду, афіцыянт прыбег ёй на дапамогу, а я як даў яму высьпятка, ажно ён адляцеў як футбольная апука, а я пакланіўся як герой і пацалаваў яе, а ўся гаспода хадуном хадзіла, у парфумэрыях была прылада для паравога абмываньня твару маркі «Крыніца Маладосьці», уганараваная залатым дзяржаўным мэдалём, у элегантнай упакоўцы, на вечку скрынкі была гожая галоўка паненкі, як трымае галаву ў такой кашолцы, куды вядзе нікеляваная трубка з масянжовага апарату, на той паненцы кашуля, аздобленая брусэльскай карункай, а на кашулі вышыты надпіс: Застануся заўсёды маладой, адна красуня шапнула мне пры музыцы з грамафона на Жофіне, пойдзем разам на рандэву, толькі перш я адшаруюся і вазьму чыстую бялізну, страшна тыя вядзьмаркі былі раўнівыя і аднойчы хацелі падсыпаць атруты мне ў каву, са старым Жэпам мы ў той час развозілі піва валамі, але тыя валы ляглі на рэйкі перад вакзалам, абходчык ня мог апусьціць шлягбаўму, а цягнік мусіў стаяць, машыністы пасаскоквалі з паравоза, а кандуктары накручвалі валом хвасты, але валы ляжалі далей, а цягнік меў дзесяць хвілін спазьненьня, кіраўнік цягніка стаяў перад тою бядою і адно лічыў хвіліны на гадзіньніку, а дзяжурны ляпаўкай на мухі даваў знакі валом, але валы далей жавалі, пакуль адзін малочнік не прыгадаў сабе, што найлепш ўвадначас тым валом упырснуць ваду ў вушы, ну й сапраўды, валы пазадзіралі хвасты і так гналіся й зразалі павароты, што мы пагублялі бочкі зь півам, а кіраўнік нас аблаяў і так расстроіўся, што кажа, бярэце ровар і дуйце кумільгам па эгіпецкія, дык я ўзяў той ровар і павёў яго да тытунёвага кіёску, а калі прывёз пехатою тыя цыгарэты, кіраўнік крычыць: дзе вы былі так доўга? а я кажу, што ня ўмею езьдзіць на ровары, а да бровару ўжо прыходзіла Здэнічка, выстраеная як папа рымскі, і кажа, што хацела б са мною пагаварыць па душы, ну мы й пайшлі ў чалядню, а саладоўнікі думалі, што Здэнічка празь мяне ходзіць у адмененым стане, але я хацеў ёй паказаць толькі тую карціну над ложкам, на якой нехта Атэла забівае сваю каханую, аднак Здэнічка ўжо закрывала вакно капай, дык кіраўнік сказаў саладоўнікам прынесьці драбіну і асабіста палез заглядаць у чалядню на другім паверсе, я бачыў ягоны твар над капай, за якім на небе была хмара, абрамаваная залатым сьвятлом, а ўсярэдзіне чорная як сажа ў коміне, потым на тапчаніку я апавядаў Здэнічцы, як Калужа і Галіж арыштоўвалі Лецыяна і як потым Лецыян стаяў на эшафоце і казаў кату, давай ужо, а то рукі ў цябе замёрзлі! а Здэнічка мне сказала, што замужжа са мною мусіць быць раем, але я паволі вывеў яе з гэтай аблуды, кажучы, што для жаніцьбы я ня маю дастаткова разьвітых злачынных схільнасьцяў, і калі потым прыходзяць на сьвет дзеці, дык не абрацца ад бяды, нават сам кайзэр выскачыць уначы з пасьцелі, а такі кампазытар Шуман улез з гэтай прычыны ў студзёную ваду і гаварыў у фільме да свае жонкі, людзі ёсьць марыянэткамі, гэта тое, што называецца натхненьнем, а калі твор ужо гатовы, дык можна пайсьці на гарэлку і на шпацыр, Здэнічка потым ціснула на мяне, угаворваючы мяне легчы, што хопіць і стокронавага банкнота, але я сказаў, што паводле твору спадара Батысты найлепш зносіцца зь дзявіцай, тое райскае адчуваньне ёсьць тады, калі двое аддаленыя ад сябе на адлегласьць буські, нават мы, ваякі, ня ўлазілі да дзевак праз вакно і ня гвалцілі іх, як нас вучыў палкоўнік Завада, пад якім палі восем коней і трыццаць шэсьць маршавых батальёнаў, калі я распавядаў пра гэта адной паненцы, яна ўсё хіхікала, ня дзіва, што па вайсковай лініі мы праваліліся на ўсіх франтох, бо мы былі арміяй дэгенэратаў, палкоўнік Завада меў ваўкадавы і дзьве батарэі гарматаў, лес быў моцна абсаджаны і дрэвы выляталі ў паветра як запалкі, але палкоўнік Завада глядзеў у мапы і пасылаў кулямёты на аслаблыя пазыцыі, у яго быў залаты каўнер, а на ім вялізная зорка, мы ўвесь час мусілі вучыцца, як атакаваць праціўніка, палкоўнік Завада браў мяне за падбародак і правяраў, ці я паголены, потым правяраў зброю і ўжо а трэцяй над ранам прыносілі каву, а ў пяць ішлі зьмяніць жаўнераў на перадавой, першы пачынаў трубач, потым бубначы, афіцэры лёталі, Здэнічка драпала па падлозе парасонам, перастаў ісьці дождж, але кіраўнік увесь час трымаў далонь над вачыма і глядзеў, што мы там вычвараем, але Здэнічка мне сказала, каб я прыйшоў вечарам, тады яна пакажа мне крацястыя пярыны і новыя грамафонныя кружэлкі, «Срэбную папараць» і характэрнае інтэрмэца «Млын у Чорным Лесе», потым пайшла дарожкай з бровару, а ў мужыкоў цякла сьліна як у бэрнардынаў, калі яны праводзілі позіркам тое дзіва прыроды, выпульхненае павабным мяскам, кіраўнік глядзеў за ёю празь бінокаль, а я тут жа закінуў на плячо саладоўнікаву лапату і пайшоў пералапаціць малады ячмень, думаючы пра Смэтану, які ня быў ніякім панам, а нявольнікам, а калі ўрэшце памёр, дык у Ябкініцах у ягоныя ноты, якіх было два куфры, загортвалі каўбасы, вось што значыць упрыемніць народу вольны час, як таго хацеў і Двожак, мясьніцкі чаляднік, але народу найбольш даспадобы нажлукціцца і паслухаць «Гумарэску», калі Гаўлічка павялі жандары, дык ягоная жонка Юліянка амаль што не звар'яцела, сэрца магло разарвацца ў яе ад жалю, а Гаўлічак жа меў мазгавешку, каб яго трасца, тыя ягоныя эпіграмы з эпістоламі, Бонды, паэт, прыехаў раз да майго пляменьніка з возікам, у якім была пара тых ягоных дзіцянятаў, і яны выпілі тры конаўкі піва, а як што зачынялі, дык яны прынесьлі сабе піва нанач у тазе і далей вялі акадэмічны дыспут, ажно пазасыналі ад яго, пляменьнік прачнуўся, думаючы, што працякае вадаправод, але калі запаліў сьвятло, дык убачыў, што гэта бедачына Бонды высікваў тыя дзьве конаўкі піва проста на дыван, а потым зваліўся і зноў заснуў, і толькі над раньнем прабудзілі яго тыя ягоныя дзеці, а калі ён ачомаўся і агледзеўся навокал, стаў ні з таго ні зь сяго крычаць, а! цяпер разумею! і цешыўся і скакаў па тым абасцаным дыване, людцы, крычаў ён, ідуць з намі ня толькі тыя, якія з намі ня йдуць, але йдуць з намі і тыя, якія йдуць супроць нас, таму што немагчыма адцурацца ад эпохі! дык бачыце, панна, гэта якраз тое захапленьне паэтаў п'янствам і мэдытацыяй, а калі ўжо яно робіцца ня ў змогу, расчыняюцца нябёсы і думку за ручку выцягваюць на сьвятло, а я перамешваў лапатай разброджаны солад, спачатку мне трэба было перакапаць яго Volgemut' ам, Сакрат і Хрыстос не напісалі ні радочка, а пагляньце, іхнае вучэньне і па сёньняшні дзень не прапала, тым часам як іншыя, чым больш выдаюць кніжак, тым хутчэй забываюцца, гэта называецца змовай гісторыі, я аднойчы спаборнічаў з мылаварам у скоках на галаву зь більярду і перамог, вядома, на маёй галаве былі акуратныя сінякі з гузакамі, потым мы паказвалі «Ўрачысты ўезд караля Фарука», усенькія прыгажуні з бару ўдзельнічалі ў тым паказе, хоць Оланак таму супрацівіўся, той мярзотнік, што гандляваў старой мэбляй і абразамі, аднойчы ён вёз абраз і пракалоў на ім вока Дзевы Марыі, дык потым узяў вока карпа, уставіў яго ў тую дзірку, прыляпіў плястырам з другога боку і прадаў абраз мадзярам з двору, а яны павесілі Дзеву каля печы і аднаго разу, калі маліліся, выбягаюць з крыкам, што Дзева Марыя плача над імі, а гэта ўсяго лопнула тое карпава вока, дык той мярзотнік, Оланак, прывёў у «Тунэль» асла, а красуні распранулі мяне і нацягнулі якуюсьці камбінацыю, на галаву мне насадзілі турбан, а твар размалявалі алейнымі фарбамі і езьдзілі са мною на тым асьле па корчмах, выкінулі нас з тым «Урачыстым уездам караля Фарука» якраз з «Гранду», дык потым Оланак, той мярзотнік, даў таму аслу панюхаць перцу і ён мяне скінуў, але я й так быў герой, ехаў я потым у заалягічны садок, меў на сабе прыгожы гарнітур, што ўспадкаваў па адным такім, у якога былі так крывыя ногі, што ён мусіў шыць сабе нагавіцы на меру, але акрамя таго ўсё іншае пасавала мне як улітае, і калі я так стаяў перад клеткай зь ільвом, той раптам усхапіўся на ногі і пырсь! выплюхнуў на мяне з паўлітра сцакаў, як брыльянцін на валасы, і яшчэ яму хапіла акрапіць дзьвюх славачак, тыдзень я мусіў парфумавацца, бо такі ад таго йшоў дух, прыгажуні ў «Сіты Бары» ўсё прынюхваліся да мяне і стрыглі вушмі, а ці не хадзіў я куды да іншых? у той час не было тэлевізара і людзі мусілі ўсё рабіць самі, нават радыё, жылі ў страшнай цясноце, у бедакоў напрыклад пасьцель ніколі не халадала, часта бралі сукватарантаў для спаньня, адзін быў дзьвернікам у гатэлі і залазіў у цёплую пасьцель пасьля таго, які йшоў працаваць удзень, аднойчы паклікалі мяне трусаводы, каб я паказаў ім сьпеўнае мастацтва, дык падчас іхнай забавы я сьпяваў «На беразе вазёрным ліецца песьня салаўя», але мне перашкодзіў Оланак, які намовіў музыкаў, каб зайгралі нешта іншае, ну й пачалася спрэчка, я хацеў іх перасьпяваць сваім «На беразе вазёрным», а музыкі хацелі заглушыць мяне «Радаснай маладосьцю», а трусаводы лаяліся і потым сталі ў мяне кідаць лятарэйнымі выйгрышамі, а потым кінулі і адбіўную, але я й так быў герой, перабіраю я аднойчы бульбу ў брата, куды я прыехаў на чатырнаццаць дзён, а кіраўнік кажа, а чаму гэты саладоўнік ляжыць аблогай? і тут жа даў мне лапату і я паказаў яму высокую клясу піваварства, як мяне навучылі ў бэнэшаўскім бровары саладоўнікі Аліварыюс і Шарлінгер, ажно кіраўніка агламазьдзіла! а потым ён мне кажа пайсьці разгрузіць вагон, умееце гэта? пытаецца кіраўнік, а я ўжо скочыў, узяў лом і барарам! ударыў па засаўцы і вугольле вывалілася і пасыпалася кіраўніку пад ногі, а ён як вярэсьне ў вугольлі па калена, чалавеча, што вы робіце?! а я ўжо ўпраўляўся з лапатай і праз тры гадзіны быў гатовы, а прыгажуня з бугальтэрыі мне кажа, ну вы далі! а я кажу, панна, гэта дробязь для мяне, таму што я прайшоў школу Рымскага, мацака з Кокараў, які ў бойцы перабіў нагою пратэз паненцы і чатыры жандары памерлі ад таго ў шпіталі, гэта называецца талентам, адразу скочыць ворагу да горла і разарваць яму глотку, або садануць астраўскім ключом між вачэй, потым кіраўнік кажа, што дасьць мне ўзнагароду, пойдзем зь ім папчалярыць, і ён ўзяў сабе сетку і рукавіцы, такія пчолы, калі выройваюцца, задаюць чалавеку клопату, тыя пчолы робяць такія апукі на дрэве і трэба іх абразаць, а на гэта ня хоча згадзіцца той, каму належаць тыя дрэвы, і так узьнікаюць суседзкія сваркі, кіраўнік кажа, саладоўнічку, хадземце, я навучу вас са спадаром Ганькам як пераносіць вульлі, і такім чынам мы сталі пасьвячанымі ў пчалярства, але спадар Ганька спатыкнуўся і адзін вулей перакуліўся, мы адразу далі драла, але ўсё марна, бо пчолы пачалі джаліць нас куды папала, спадар Ганька ўпаў на калені і просіцца ў тых пчолаў, што ў яго жонка і дзеці, але тыя пчолы жыганулі яго і ў чэлес, ажно яму набрыняў як булава, я мог пайсьці ў бар толькі на трэці дзень, Бобінка, калі мяне ўбачыла, адразу запусьціла грамафон з кавалкам «Ой вы могілкі, могілкі», потым завяла мяне наверх, а як што думала, што я яшчэ добра ня бачу, распранулася дагала і пайшла са збанком па ваду, а потым сказала мне, што мы ўжо маглі б пачаць практыкавацца пад вясельле, як гэта рабіў Гарды, але на калідоры пачуўся крык, гэта прыдарыўся інцыдэнт кавалю, які быў так нажлукціўся, што яму замест красуні падсунулі старую качаргу, але той каваль пасьвяціў сабе ліхтарыкам і калі яе ўбачыў, дык выбег у сподніках на калідор, ламаў балюстраду як абаранкі і крычаў, хто мне падаслаў тую лярву?! яна гадкая як акадэмічная мастачка! і я пачаў зноў апранацца, бо быў я чалавекам пачуцьцёвым як і той каваль, іншага разу было, як аднаго каменяра прывучвалі да тайніцы каханьня на більярдзе, але ён усё роўна быў слабы на розум, бо двойчы замураваў сябе ў печцы і трэба было даставаць яго адтуль кіркаю, і ён мусіў ставіць печку нанава, мяшчанскі дочкі і па сёньняшні дзень дораць мне ружы і зьдзіўляюцца, дзе я навучыўся ўсіх тых адборных фокусаў? затое Оланак пекна паказаўся! мы віншавалі яго на пляцы з пяцідзясятымі ўгодкамі і пыталі, ці служыць яму здароўе? а Оланак выцягнуў сваё дзетародзтва, а як што быў папярэдне выпіўшы дзесяць літраў, дык сцыкнуў ажно на рэкляму Находзкай Ткацкай Фабрыкі, дакладна на першае «а», а пад гэтай дугой праходзіў пан натарыюс і вітаўся з намі, потым мы зрабілі спаборніцтвы ў «Тэрасе», хто каго перасцыць? Оланак ужо загадзя адчуваў сябе пераможцам, але там сядзеў адзін дзядзька, выглядам як жабрак з Марыяцэлу, і ён пытаецца, ці можа таксама ўзяць удзел? Оланак пагадзіўся з умовай, што будуць спаборнічаць за літровую пляшку францускага каньяку, так што на стол паставілі дзьве пляшкі, а па поўначы яны выйшлі перад «Тэрасай», той дзядзька быў першы, расшпіліўся і паказаў клясу! там па другі бок вуліцы быў такі дамок і той дзядзька перасцаў дугою над дамком і было чуваць, як струмень цурчыць, падаючы за дамком у Лабу, Оланку не было чаго і пачынаць, і той дзядзька забраў абедзьве пляшкі, Віт, які ў флёце йграў на бубнах, сказаў скрыпачу Новаку, зайграйма яму «Віялету»! і ўвесь горад паўзлазіў на лавы, а я потым дакінуў «Султанава вясельле», а Оланак, каб падправіць сваю рэпутацыю, паказваў жывыя карціны, стаяў на стале і сцаў на гасьцей, адна панюся потым мне сказала, добра вам так, сябруеце зь ім, дык вас яшчэ і ў суд зацягнуць, у Народным Доме сьпяваў Ярынак Посьпішыл і запытаўся людзей у залі, а хто тут умее сьпяваць? а жанчыны паднялі віскатню, каб я пайшоў паспаборнічаць зь ім! славуты тэнар дапамог мне ўвайсьці на сцэну і сказаў сядайце! а я адказваю, што не мягу, а Ярынак пад вялікі шум пытаецца чаму? а я адказваю, што ў мяне квіток на стаячае месца! а бабы шалелі і лікавалі, што я атрымаў перавагу ў канвэрсацыі, але фартэпіян ужо зайграў мой кавалак і я прасьпяваў «Цяжка нам расстацца», ну і потым узьняўся вялікі вэрхал і гам, бабы ледзь не развалілі той Народны Дом, а пра Ярынкаў сьпеў казалі, што хоць ён і разводнік, але голас у яго ўвесь час як у салаўя, і што такіх людзей як Ярынак Посьпішыл не павінны пасылаць на вайну, каб народ не панёс страты, калі б яго забілі, я з гэтым пагадзіўся, таму што за Аўстрыі я насіў шаблю капітану Тонзэру, а нават меў шчасьце бачыць у аўтамабілі фон Мантойфэля і гер фон Розэнэка, як яны сядзелі побач, два генэралы ў залатых пікельгаўбах, што глядзеліся як начныя гаршкі, наверсе такія шпігулеты, як калісьці рабілі вежы на кухонных шафах, я нават быў пры тым, як Аўфэнбэрг і Данкль давалі каманду да першай атакі, два маршалы з маноклямі, мне таксама пашэнціла трымаць вуздэчку Конраду фон Гецэндорфу, гэта значыць, ягонай кабыле, старому чалавеку, але стройнаму як паненка, ягоны сын загінуў пад Гарадэнкай у тамтэйшых балотах, але яны там мусілі сядзець на задніцах, бо што іншага маглі зрабіць? Конрад Гецэндорф належаў да кайзэравай сям'і, а як што быў эрцгерцагам, дык меў на шыі авечку, толькі што ў кайзэра яна была галавою ўверх, а ў Конрада фон Гецэндорфа галавою ўніз, шмат разоў сьніліся мне малпы, а яны паволе соньніку Анны Новакавай значаць цяжкую хваробу або шчасьце ў каханьні, іншым разам сьніўся мне нож, убіты ў грудзі, а гэта значыць каханьне з узаемнасьцю, падчас імшы наш ксёндз-пробашч адварочваецца і пытае, а дзе касьцельны? чаму ён не прыслужвае і парушае багаслужбу, калі ўжо даўно павінен быў прыйсьці? а касьцельны заскочыў у карчму на гарэліцу замест каб падсыпаць тры лыжачкі кадзіла ў кадзільніцу, каб ксёндз мог кадзіць у касьцеле, тое кадзіла ёсьць жывіцай аднекуль з Афрыкі, міра і альяс, касьцельны вярнуўся трохі набраклы мятным лікёрам, а ксёндз правіць багаслужбу і пытаецца, дзе вы былі? і вымае келіх з дараносіцы, а касьцельны кажа, што выходзіў пасцаць, а ксёндз адставіў келіх і лясь яго! і шарах яму! і крычыць, вы ня ведаеце, чалавеча, што падчас багаслужбы вы мой ад'ютант? а вам больш даспадобы пайсьці на мятную гарэлку? і надаваў яму высьпяткаў, і натоўк яму нос псалтыром, потым узяў келіх і далей служыў імшу, а бабы зьдзіўляліся, што за новыя літургічныя абрады ён паўводзіў, ну й бачыце, панны, пасьля таго выпадку касьцельны перастаў хваліць Царкву і зрабіўся ўзорным сацыял-дэмакратам, раней людзі былі страшэнна нэрвовыя, калі каму прысьнілася ўначы, што на яго сыплюцца зь міскі агуркі, гэта значыла палкае каханьне, або калі вы бачылі ў снах старую бабу, гэта значыла, што твой дом абмінуць заручыны, мой брат вучыўся на пекара ў Бэнды Валаха, а як што не дачуў, што яму сказалі, дык спытаўся што? і дастаў па мордзе, ажно абамлеў, а калі прачмухаўся, Бэнда яму кажа, у нас кажуць, прабачце, калі ласка, я не дачуў, але потым ён скаціўся, успадкаваў па маці маёнтак і пачаў так піць, ажно недзе замёрз, гэта бяда, усё роўна што даць дзіцяці нож у руку, нашаму ксяндзу выпала бяда, калі ён засьпеў аднаго хлопца, як той габляваў дзеўку ля касьцёла ўначы, спачатку спалохаўся, што гэта быў вікары, але і так мусіў данесьці аб тым і да нас прыйшлі місіянэры, таму што ў краі заняпала маральнасьць, прыйшлі чатыры футбалісты, тыя місіянэры так менавіта выглядалі, каптаны ў іх былі падперазаныя перавясламі, і яны так пачалі паляпшаць маральнасьць, што ажно мусілі ўступіцца жандары, таму што сацыял-дэмакраты ставілі падступныя пытаньні адносна паходжаньня чалавека ад малпы, потым паспрачаліся, з чаго паходзіць курыца? ну дык зь яйка! а з чаго паходзіць яйка? ну дык з курыцы! і так адны на адных крычалі дзьве гадзіны вальнадумцы з місіянэрамі, ажно з апошніх сілаў выгукнулі, а з чаго паходзіць першае яйка? вальнадумцы вярэснулі, што з натуры, а місіянэры, што стварыў яго Бог, і пачалі адны адным даваць па мордах, так што жандары мусілі ўмяшацца, таму што бабы прыбеглі па іх і сказалі, што бязбожнікі абражаюць сыноў божых, а потым бабы пачалі кідаць у вальнадумцаў каменьнем і пацэлілі ў двух жандараў, таму што Бога нельга зачыніць у шкатулку, цяпер успомніў! бачыць плуг на ворыве ў сьне значыць вясельле! а чыркаць запалкай, значыць закаханасьць, а паводле твора спадара Батысты, дваццацігадовая красуня, пакуль ня станецца распуснай, дае мужчыну тое райскае адчуваньне, тую электрычнасьць, тым часам як дзеду такая дапамагае як мёртваму кадзіла, наш маёр сядзеў на жарабцы і рабіў агляд тае найпрыгажэйшае арміі на сьвеце, глядзіць, а тут у жаўнера ўвесь плашч у крыві, адразу выцягнуў яго з шыхту і аблаяў сяржанта, што войска ў яго засьвіненае, гэта было дзіва, што за Аўстрыі бароны мелі ў стайнях люстры для коней, а стайнікі і служанкі спалі на гарышчы, найміты часам жылі горш за быдла, але затое людзі больш сьпявалі, каб адвесьці душу песьняй, тым часам як сёньня ніхто ўжо не сьпявае за працай, маім сябрам быў Рымскі, ён малаціў усіх, адразу паўкарчмы сморкалася юшкаю, муштрай у нас кіраваў паручнік, ён скамандаваў Habacht! а Рымскі паварушыўся і паручнік падбег і даў яму плазам шаблі ў жывот, ну й тут наступіў зорны момант для Рымскага, ён схапіў тую паручнікаву шаблю і пераламаў яе аб калена, гваздануў паручніку пад вуха і адным ударам зваліў яго на зямлю, капралы паразьбягаліся, а жаўнеры мелі з таго пацеху, князь Ліхтэнштайн меў сто маёнткаў, але каб не плаціць падаткаў і не заводзіць уласнага войска, ён спалучыў іх у дзевяноста дзевяць, але з другога боку яму не пашанцавала, бо дактары адрэзалі яму дзетародзтва і ўставілі ў тое месца срэбную трубачку, так што бачыце, панна, багатыр, але тая штучка нямоглая, таму паводле твору спадара Батысты ўсё трэба агледзець загадзя, каб вы не куплялі ката ў мяху, бо потым маеце клопат, калі тое пачне вас падводзіць, так яно вядзецца, што адзін мужчына можа нават скочыць на кабылу і нічога яму ня станецца, а іншы схопіць хворасьць і пры найбольшай асьцярожнасьці, адна скача з драбіны, каб выкінуць дзіця, і нічога, а іншая асьцерагаецца як можа і толькі трохі мацней высмаркаецца і ўжо выкінула, нялёгкая справа таксама з тымі змовінамі, шыкоўная дзяўчына дае аб'яву, што шукае беззаганны характар, а калі напрыклад я адкажу, дык тая дзеўка дзеля большай упэўненасьці пасылае мяне на абсьледаваньне і распытвае ў суседзяў, ці гэты спадар ня бабнік? і яшчэ піша ў дэтэктыўнае бюро «Карлік», каб выведаць падрабязную інфармацыю, аёй, аднаго разу на манэўрах сталася бяда, адзін спрытнюк замест марганцоўкі наліў у пляшачку дэнатурату, а другі прыйшоў ад дзевак і хацеў апаласнуцца той нібыта марганцоўкай, дык накапаў сабе на штуку таго дэнатурату, а потым як выскачыць і як пабяжыць паўз казарму, а мычаў як цельная карова, тое самае сталася нашай бабулі з мазяй, якую лекар падрыхтаваў як пітво, яно было карычневае і стаяла каля люстра, а ў нашага дога балела лапа і ён таксама дастаў карычневую мазь, абедзьве пляшачкі былі аднолькавыя і бабуля памылкова наліла сабе пітво для дога, усьміхалася шчасьлівая, бо лек смакаваў як маліны, але калі яго каўтнула, дык трэба было яе ставіць на ногі і бегчы па доктара, а потым па ксяндза, адна прыгажуня папрасіла мяне безь людзкіх вачэй занесьці ейную мачу для аналізу, але доктар аблаяў мяне, бо, маўляў, яна мусіць прыйсьці асабіста, даўней людзі вельмі мяне любілі, так што казалі мне, ня йдзеце, пабудзьце яшчэ, ваша работа пацерпіць! або запрашалі мяне ўсюды на сьвяты, толькі напэўна прыйдзеце, каб мы мелі каму даць у морду! так жартавалі са мною, я трымаў адну красуню за руку і мы разам глядзелі з мосту на хвалі і захмаранае неба, а я ёй распавядаў пра тое, што ў нашым мястэчку трыццаць дзьве гасподы, а ў дваццаці васьмёх ёсьць дзяўчаты, што ўсё мястэчка звар'яцела на тэатральным мастацтве, бо ў ім было ажно пяць тэатраў, найлепшыя кавалкі аднак ставілі ў Каталіцкім Доме, дзе была суполка рамізьнікаў «Пшэмыслаў», найбольшы посьпех мела мэксыканская п'еса El Tigro, галоўную ролю ў той час іграў чаляднік Капэцкі, які аднак надарваўся перад прэм'ерай, накладаючы скошаную канюшыну на воз, расьцягвалі яго на драбіне, а перад самай прэм'ерай мусілі моцна наступіць на яго, потым усё было прыгожа, толькі калі чаляднік стаў на калені прызнацца ў каханьні, дык ужо ня змог устаць, затое сьпяваў El Tigro надзвычай задушэўна і пры тым у яго расшпіліліся нагавіцы, ну дзіва такое, што жанчыны не маглі ўгаманіцца яшчэ тыдзень пасьля спэктаклю, а ў Народным Доме ігралі бляхары і сьлесары, яны найбольш ахвотна выбіралі п'есы з арыстакратычных колаў, «Веер ледзі Вінціх» ці, можа, Вінтэр, таго лорда іграў адзін маляр, ды зноў, калі ён укленчыў, яму падцягнуліся ўверх нагавіцы ад фрака і паказаліся матузкі ад споднікаў, а калі ён раскланьваўся і дзякаваў, дык ударыла яго заслона тым алавяным канцом і ён распластаўся на сцэне, а жанчыны шалелі, бо думалі, што тое належала да п'есы, а калі ў «Гальку» ігралі «Пэрлы панны Сэрафінкі», пасьля перапынку рэжысэр выглядваў празь дзірку ў заслоне, ці людзі ўжо на месцы, і падняў руку, а кулісьнік, які напіўся малака ад шалёнае каровы, падняў заслону разам з рэжысэрам, рэжысэр зьляцеў з тае вышыні ў аркестар, а людзі цешыліся, што п'еса так файна пачынаецца, іншым разам, калі йгралі «Радуза і Магулену», гэты кавалак пачынаецца ў цемры, кулісьнік ні з таго ні зь сяго падняў заслону, а Радуз думаў, што заслона ўсё яшчэ нанізе і запытаўся, Магулена, дзе ты? а Магулена з галіны адказала, у срацы! а людзі цешыліся, што п'еса будзе скаромная, з жыцьця, а той кулісьнік, калі ўбачыў, што нарабіў, пацягнуў за вяроўку, а яна абарвалася і заслона паляцела долу і прыплюснула Рагузаву галаву, а той кулісьнік запаліў сьвятло ў залі і крыкнуў, што парвалася вяроўка, ну, тая Магулена мела вялізарны посьпех, але найбольшы посьпех меў «Сон у Купальскую ноч», калі яго ставілі ў Каталіцкім Доме, гралі толькі члены «Пшэмыслава», усе пагаліліся, а тая, што іграла фэю, схапіла падагру, бо ігралі тую п'есу зімою, а тыя русалкі, калі падскоквалі, лічылі такты і сьвяцілі ліхтарыкамі, а потым той, што іграў з асьлінай галавой, упаў у пастку і крычаў ой-ёй-ёй! а людзі пляскалі пры паднятай заслоне, адзін харунжы, мужычышча як Баўэр, той што мог падняць карову і пабіў Фрыштэнскага, той во харунжы кажа мне на муштры, каб я паводзіў сябе зь ім як з ворагам, а практыкавалі мы тады parade rechts! parade links! паядынак на штыхі з праціўнікам, ну й калі паставіліся, я доўга ня думаючы пырнуў яго штыхом! на ягоным кончыку была галушка, тым штыхом харунжаму пад бараду, а ён кульнуўся цераз галаву і басьнякі кінуліся адходжваць яго, а паручнікі верашчалі на мяне, ты яго ледзь ня ўходаў! а я ім, ён жа сам казаў мне, каб я паставіўся да яго як да ворага, але паручнікі мне, што найперш трэба было зрабіць parade rechts! і parade links! а потым ужо einfacher stoss! а я ім кажу, а дзе там я буду бавіцца з ворагам у parade rechts ці parade links, я там адразу зраблю einfacher stoss! і я зноў быў герой, адна дзеўка ў нас называлася Кача Рыпава, веліканка ды вялікая танцорка і аматарка піва, падчас танцаў у кожнага жлукціла піва, адзін спрытнюк наліў у кухаль ртуці, а калі яна апаражніла той кухаль, ён пусьціўся зь ёю ў скокі, ну, гэта быў жах, а ў ейнай дачкі былі асаблівыя прыхамаці, яна рабіла тое з мужам на падлозе, а іхныя дзеці прыглядаліся, я таксама бачыў, калі паслаў мяне да іх архітэктар, але найбольш падабаўся мне рай магамэтанаў, на кожным паверсе іншая прыгажуня, так што магамэтанін мае чым радавацца, тым часам як каталік можа хутчэй за ўсё звар'яцець, бо калі ўжо патрапіць на сваё неба, дык увесь час будзе глядзець быццам на сонца, Сьвятая Багародзіца! сказаў паэт Бонды, калі адно дзіцятка выляцела яму з возіка, калі мы выйшлі з гасподы, Ісусе, як гэта дзеецца, што адзін купляе кіляграм сьвініны за пяцьдзесят галераў, а я за лустачку хлеба плачу пяць сотняў? я выяжджаў са Штайнбруку, пасажырскі цягнік ня йшоў, дык дзяжурны ўпіхнуў мяне ў хуткі і мною адразу занялася кандуктарка, фарсуня як панна Сікорава, адразу пасадзіла мяне ў першай клясе, калі б каго іншага, дык прагнала б і яшчэ дала прабівачкай па носе, а мне запрапанавала эгіпецкую цыгарэту, а тут пхаецца нейкі бамбіза, аброслы і чорны як чыгун, і да таго зь піпкай, а тая кандуктарка кажа, пайшоў прэч, мужык! у вас жа трэцяя кляса, і прагнала яго, я кажу, што і ў мяне трэцяя кляса, а яна штурхае мяне каленам і шэпча мне на вуха, што як заедзем у Вену, дык пойдзем разам гульнуць, бо ведаеце, жанчыны назойлівыя, асабліва ў гэтым верхаводзяць полькі, адна прыселася на мой ложак у лязарэце і старэйшы лекар разьверашчаўся на яе, сьвіньня! распусьніца! ейнае хроснае імя было Ядвіга, яна любіла мужчын больш за ежу, жандары, калі я забаўляў гасподу, адстаўлялі карабіны, зьнімалі дзягі і казалі мне, вы чаруеце як зводніцкі махляр, а я, брывом не павёўшы, выцягваў штых і гастрыў аловак для афіцыянткі, як тое рабіў Чаплін, калі я ўжо абыйшоў усе гасподы, вяртаўся ў бровар, дзе мяне ніхто не асьмеліўся і словам папракнуць, я пераскокваў мур як сокал і вяртаўся дадому, аднойчы прыйшлі купцы і заказалі віно і лікёры, а адзін ваяка ўзьлез на більярд і паказваў жывыя карціны, павесіў конаўку з вадою сабе на чэлес, ну, проста віртуоз, бабы й па сёньняшні дзень спрачаюцца на гэты конт, адзін пачаставаў мяне вірджынскай цыгарай, пасьля чаго мяне зблажыла і я зваліўся пад стол, паліцыянты адвезьлі мяне ў бровар возікам, як лінолеум, Канупак, той машыніст што йграў на геліконе, гэта такі інструмант з муштуком як начны гаршчок, у які трэба пляваць, дык той Канупак, казаў, што клясычная музыка заморвае яго, што ад таго гелікону горла ў яго стала як у быка, і што ягоны дзед, калі ехаў са сьвята, дзе йграў на геліконе, як толькі выехаў зь лесу, вецер абярнуў той гелікон на рамяні і дзед задушыўся, а злотнік Дубоўскі хацеў ведаць, што робіць ягоная дачка з нарачоным, калі бацькі няма дома, дык прыкінуўся, што йдзе ў кіно, а папраўдзе ўлез пад канапу і чуў, як ягоная дачка прыйшла з тым мужыком, убачыў ягоныя халявы, а потым яны селі на канапу, якая ўвагнулася і спружыны націснулі на пуза злотніка Дубоўскага, а потым бачыў, як на падлогу падае вопратка і бялізна, а потым як ногі высоўваюцца з ботаў з халявамі, але далей злотнік ужо нічога ня бачыў, бо спружына з канапы ўлезла яму ў карак і ён пачаў крычаць, але ніхто яго ня чуў, бо дачка з нарачоным таксама крычалі і толькі потым пачулі яго, адвалілі канапу і выцягнулі тую спружыну з карка злотніка Дубоўскага, які хацеў расхінуць заслону эўрапейскага рэнэсансу, паэт Бонды, калі зноў прыехаў з возікам, у якім была пара тых ягоных дзяцей, даверыўся мне, што цяпер піша вершы толькі ў прыбіральні, дзе сядзіць і трымае на каленях дошку, а на ёй сшытак, але і туды прыходзяць тыя дзеці і грукаюць у дзьверы, такога і Гётэ не стрываў бы, які быў прызвычаены да ўсякай усячыны, дык вось, панна, я сядзеў на гільзе гасілкі «Мінімакс», шэсьць дзяўчат загарала і слухала, што я ім распавядаю, ксёндз-дэкан стаяў на вядры з рукамі перакінутымі цераз плот і глядзеў на мяне як на зьявішча, а я быў усяго толькі начытаўшыся «Сьветагляду» і Гаўлічка, а таксама твору спадара Батысты аб полавай гігіене...Читать дальше
Тёмная тема
Сбросить

Интервал:

Закладка:

Сделать

Похожие книги на «Танцавальныя гадзіны для старэйшых і спрактыкаваных»

Представляем Вашему вниманию похожие книги на «Танцавальныя гадзіны для старэйшых і спрактыкаваных» списком для выбора. Мы отобрали схожую по названию и смыслу литературу в надежде предоставить читателям больше вариантов отыскать новые, интересные, ещё непрочитанные произведения.


Отзывы о книге «Танцавальныя гадзіны для старэйшых і спрактыкаваных»

Обсуждение, отзывы о книге «Танцавальныя гадзіны для старэйшых і спрактыкаваных» и просто собственные мнения читателей. Оставьте ваши комментарии, напишите, что Вы думаете о произведении, его смысле или главных героях. Укажите что конкретно понравилось, а что нет, и почему Вы так считаете.

x