Танцавальныя гадзіны для старэйшых і спрактыкаваных
Пераклад з чэскай Яна Максымюка. — Менск : VivaFutura, 2007. — 120 с.
Танцавальныя гадзіны для старэйшых і спрактыкаваных
Багуміл Грабал
Як і да вас, панна, мяне найбольш цягнула хадзіць да прыглядных паненак пад касьцёл, не таму каб я надта біў чалом Царкве, але там ля плябаніі была адна крамка, а ў ёй прадаваў нехта Алтман, патрыманыя швацкія машыны, амэрыканскія грамафоны на дзьве спружыны і вогнегасілкі фірмы «Мінімакс», і той Алтман дадаткова займаўся сьцягваньнем прыгожых дзяўчат з цэлага павету ў гасподы й шынкі, і яны часта начавалі ў Алтмана ў заднім пакойчыку, а калі прыходзіла лета, ставілі ў садочку палатку, а як што ксёндз-дэкан упадабаў сабе прагульвацца каля плоту, дык тыя фарсуні выносілі грамафон і пяялі й курылі й загаралі ў купальніках, ну дзіва дзіўнае, як у небе ў іх тамака было, як у нейкім раю, таму ксёндз-дэкан так рупна хадзіў каля плоту на рэвізію, бо зь сьвятарамі яму быў нешанцунак, адзін вікары зьбег зь ягонай пляменьніцай у Канаду, другі перайшоў у чэхаславацкую царкву і ажаніўся, а трэці парушыў забарону і пералез цераз плот да тых прыгажуняў, што тамака загаралі, а так закахаўся ў адну, ажно застрэліўся ад нешчасьлівага каханьня, з рэвальвэру або браўнінга, гэта такая зброя, зь якой кожнаму можа быць бяда, мы як былі хлапчукамі пазычылі адзін і стралялі ў плот, як Конар Толнэс, потым брат разабраў той браўнінг і мы не змаглі ўжо сабраць яго назад і хацелі застрэліцца ад роспачы, што не даем рады сабраць, але гэта было наша шчасьце, дык я мог калі захачу пайсьці да паннаў ля касьцёла, заўсёды прыходзіў выстраены, у крацястых нагавіцах, як банкавы службовец, сядаў сабе на гільзу «Мінімакса», як дыплямат, сонейка сьвяціла, а тыя дзяўчаты ў купальніках ляжалі на плахтах нібыта які хаўрус «Паклоньніц сонца», было іх шэсьць і ляжалі яны наўзнак з рукамі падкладзенымі пад галоўкі з высока зачасанымі фрызурамі ды глядзелі наўмысна ў аблокі, каб пакінуць свае целы на папас мужчынскім вачом, але я, як што быў чульлівы як Моцарт, і абагаўляў эўрапейскі рэнэсанс, зіркаў на іх як кракадзіл, адным вокам у садок на ксяндза-дэкана, другім вокам на тыя ножкі, закладзеныя адна за адну, прыгажуні ўвесь час калыхалі сваімі лыткамі, а па мне бегалі мурашкі, каму ж яшчэ магло так надарыцца, каб пабыць сам-насам з гэтулькімі красунямі? хіба што толькі кайзэру або султану, а распавядаў я гэтым краскам, як прысьніўся мне прыемны сон, як мне прымроілася, што пекар саджае хлеб у печ, а гэта значыць выйгрыш на лятарэі, але я ня меў лятарэйнага білета, ну так, бачыць пекара ў сьне азначае яшчэ начныя забавы, але што з тых забаваў? Гаўлічак і Хрыстос, тыя ніколі не сьмяяліся, наадварот, больш за ўсё плакалі, бо калі хто мерыцца быць носьбітам вялікай ідэі, дык не павінен рабіць глупстваў, у Гаўлічка быў дыямантавы мозг, ён нават прафэсараў зьдзіўляў, прапаноўвалі яму арцыбіскупскае крэсла, але ён выбраў справядлівасьць, трохі кавы й крупніку ды толькі працаваць для народу, каб паменшыць непісьменнасьць, гэта адно разбэшчаным людзям уначы мірсьціцца такім ладам, у гноі валяесься, вясёлы час цябе чакае, або калі прысьніцца начны гаршчок, бесклапотнае жыцьцё табе наканавана, ну так, мілыя панны, гэта якраз той клёк, калі чалавек спадзяецца на самога сябе, а не на бацькоў, як той Маноўх, якому хапала, што ягоны бацька быў турэмным наглядчыкам, дык ён не рабіў нічога іншага, як толькі жлукціў гарэлку і набіраўся дрэнных ухватак, а потым з такога ўзьнікаюць пустабрэхі, як тая спрэчка за аўстрыйскім часам між сацыяльнымі дэмакратамі, вальнадумцамі й клерыкаламі, адны думалі, што сьвет паўстаў з малпы, а іншыя, што Бог зьляпіў Адама з гразі, а потым зь ягонай кішкі зрабіў Еву, ну дык і яе таксама мог бы вырыхтаваць з гразі, лягчэй бы выйшла, ды ўсё гэта лухта, сьвет жа тады быў бязьлюдны як зорка, але людзі сакочуць як маладыя сарокі, рупяцца пра ваду ў рэшаце, я таксама мог бы памроіць аб павабнай дачушцы прэм'ер-міністра, але калі з гэтага нічога ня можа быць, дык навошта? а потым гэта прыгожа канчаецца! Сьвятая Багародзіца! каронны герцаг Фэрдынанд быў пабіты пранцамі і Вэцэра яго стукнула, а яе ўжо застрэліў рамізьнік, ну а кожная панна прызнае, што калі б у ейнага мілага той інструмант быў няспраўны, дык ёй усё роўна што жыўцом у магілу легчы, дык калі я служыў у найлепшай арміі на сьвеце, кажу штабс-лекару, пане доктар, баліць мне ў грудзях, а ён кажа, мне таксама,
Читать дальше