не гадай з бабамі, скурвысыну! сьцебануў мяне прутам і паскакаў на сваім жарабцы проста на бабу на дваццаціградусным марозе, я стаяў на варце, было мне даваццаць адзін год, а ў сабе я меў столькі энэргіі, што ёю можна было б асьвятляць Прагу з тыдзень часу, яшчэ й сёньня чорт мяне падпорвае, калі бачу тую заруку шлюбнага шчасьця, дароднае жаночае цела, сокалы тады завілі мае валасы, пазычылі мне сокальскую апратку, на лузе поўна сокалаў, на дрэвах павяваюць сьцягі, а на мяне глядзяць як на прэзыдэнта, шэраг сівакоў, за ім шэраг каштанавых коней, дзьве красуні парвалі сабе блюзкі, пабіўшыся з-за мяне, але я ўжо быў начытаўся ў творы спадара Батысты, што чалавек, у якога няма нічога сьвятога, больш схільны да грэху і што адных жанчын цягне да каханьня, іншых да грошай, а яшчэ іншых да аднаго й другога, некаторых да разбэшчанасьці, а нават вычварэнстваў, іншых да мастакоў, да замужжа, але гэта павінна быць так, як навучае майстра Ян Гус, дзеўка, не падавай нагі кавалеру, пакуль ня ўведаеш, хто ён, найлепш прытрымлівацца гэтых запаветных слоў, таму індусы маюць у царкве быка і яму пакланяюцца, Сыбіла, тая, што прадказала сьмерць Госпада Ісуса, пабаялася йсьці кладкай церазь Ярдан і пакланілася таму кедраваму дрэву, а яе сяброўкі запыталіся, чаму яна ня йдзе далей? а яна адказала ім, што калісьці з тае кладкі будзе крыж, таму яна лепш пойдзе цераз тую ваду басанож, з сукенкай у жмені, а да тае кладкі быў ужо прыпісаны той крыж і Сыбіла ведала, што прыйдзе Хрыстос і будзе вучыць людзей, што яны браты, такая была разумніца, той самай пароды, што сьвяты Вацлаў, які з такой радасьцю пеставаў вінаграднік і езьдзіў у белым радне на сівым жарабцу і раздаваў грошы бедным як нейкі райсабес, кітайцы зноў жа вераць у бога сілы і каханьня, таму іхны бог мае ў носе пазалочанае колца і пашчу як акула, гэткі пазалочаны пузач, ажно жах бярэ, затое чорныя збольшага паэты, яны вераць толькі ў тое, дзе што можна зжэрці, і верашчаць і скачуць, а іхны кароль сядзіць голы на троне і трымае вілы ў руцэ, а іхная каралева мае на сабе толькі такі ашмотак, каб ёй мухі на пашпарт не сядалі, а калі ў іх хто памрэ, дык адну палову хаваюць, а другую гамаюць, так што спадар падарожнік Голуб уцякаў ад іх на ровары, а жыхары Агнявой Зямлі, батакуты, арабэлы і матабэлы беглі за ім, але хоць і мелі добрыя лёгкія, не далі рады яго дагнаць, толькі крычалі спадару падарожніку, чалавек на вужацы! а раварысты гналі да Варшавы і выйграў нейкі Круляк, дваццаць два гады, роўна столькі было і мне, калі я стаяў у Прасьцееве перад фірмай Вайнліха, дворскага пастаўніка, які меў над уваходам арла, жыдок, залатое пэнснэ, выстраены й напарфумаваны, насіў кнігу і смаліў кубанскую цыгару, як бы вы прыйшлі на ўнівэрсытэт, два ягоныя заступнікі, Фогл і Вэрцбэргэр, таксама напарфумаваныя як акадэмікі, а я стаяў перад імі як перад лавай прысяжных з парай чаравікаў у руцэ на паказ, а Вайнліх пытаецца, вы самі шылі гэтыя чаравікі? а колькі тузінаў можаце мне зрабіць за тыдзень? я адказаў, што два тузіны, дык мяне адразу павіншавалі, адразу мне далі бэргштайг, шаўро і бокс і падганялі, хутчэй, а то яшчэ спозьніцеся на цягнік, і я адыходзіў як Мантгомэры, той сьціплы герой з-пад Тобруку, гэта велізарны гонар рабіць у дворскага пастаўніка, гэта тое самае, што сёньня працаваць з кавалерам Ордэна Працоўнага Чырвонага Сьцягу, дворскі пастаўнік меў мэдалі і на шыльдзе арла з распасьцёртымі крыламі, Кафка і Дворжак шылі для кайзэра строі й боты, а таксама для эрцгерцага, спэцыялістам па вяндлінах быў Выметал і Попелка, у вітрыне адныя кумпякі сярод яловых галінак і аспарагусу, адзін мой камарад быў майстар па фраках, я запрасіў ягонага брата да нас, каб адпачыў на ўлоньні прыроды, але ён так нажлукціўся сьлівавіцы, што мы мусілі яго адмочваць у масьлёнцы, каб не памёр, дык ён рабіў у дворскага пастаўніка Кафкі, які меў у гербе зялёныя нагавіцы і залатыя мэдалі, генэрал фон Вухерэр замовіў у яго ясна-блакітны мундзір на Божае Цела, але залаты каўнер яму муляў, дык прышла яго жонка, генэраліха, каровішча як Марыя Тэрэза, а стары Кафка, нэрвовы як кампазытар, хапіў яе і, цягаючы яе па вітальні, крычаў, калі гэта пасавала тысячам іншых, дык мусіць пасаваць і вашаму фраеру! таму во бачыце, я часта хаджу на могілкі, дзе маладыя людзі, замест каб працаваць, дрэмлюць сабе пад крыжамі, а я тут пры сваіх сямідзесяці гадох гарэзую з вамі як кайзэр з Шратавай, а яшчэ мяркую зрабіць вам чырвоныя лякаваныя чаравічкі, як для сястры доктара Карафіята, якая была прыгажуняй, толькі мела шкляное вока, ня надта прыемная справа, бо ня ведаеш, што яна з тым вокам счаўпе, адзін шапачнік з Прасьцеява мне распавядаў, што быў з такой адной у кіно, а яна раптам кашлянула і вока ў яе выпала, дык ў перапынку мусілі яго шукаць між крэсламі, а калі знайшлі, яна выцерла яго, прыўзьняла павеку і шусь! маргнула раз-другі і ўсё на месцы, шавецтва гэта вам усё роўна што пякарства, якога вучыўся мой брат Адольф, гэта ўмельства саджаць далікатнае печыва ў печ, пяшчотна на лапаце, як быццам вы гуляеце ў більярд, пры рагаліках на стале нельга сьлініць пальцаў, калі б гэта ўбачыў кантралёр, дык зараз бы даў поўху, а калі пекар ідзе пасцаць, дык потым мусіць памыць рукі, тым часам як у шавецтве можна нават калупацца ў носе, а такі мясьнік таксама мусіць зважаць на чысьціню, у нашым узводзе быў мясьнік Коцурак Міласлаў, яму нарываў палец, дык ён яго забінтаваў, а калі рыхтаваў начынку для кілбасак, той бінт аб'ехаў і ўпаў у начынку, але ён меў надзею, што тая кілбаска зь бінтам дастанецца якому жаўнеру, дык не дурыў сабе галавы, аднак жа, панна, які сюрпрыз! тая кілбаска дасталася ягонаму штабс-лекару, есьць сабе трэцюю кілбаску, раскройвае яе, а там бінт! званітаваў на месцы і адразу паслаў таго Коцурка Міласлава на фронт, але той мясьнік замест каб палегчы, наадварот, адзначыўся і дастаў ордэны за мужнасьць, нейкі час і я вазіў аднаму мясьніку зьвязаныя козы на тачцы, два казьляняткі скакалі вакол мяне, тая каза лізала мне рукі, і так я сядзеў у полі на тачцы, казьляняткі лізалі мне рукі, а я плакаў, ну бо якая зь мясьніка роўня мне, прыхільніку эўрапейскага рэнэсансу, дык плюнуў я на шавецтва, бо ўвесь час маеш пры ім аддушаны страўнік і баісься, каб не парэзацца нажом, вывучыўся на саладоўніка і пайшоў у вандроўку па Вугоршчыне, ах, у Шапроне ёсьць выдатны бровар, чырвоны будынак зь белай абліцоўкай, зялёныя вокны як у Тыролі і ўсё выкладзенае кахлікамі, ля кожнага вакна жалезныя драбінкі, каб пажарнікі на выпадак пажару маглі па іх падымацца ўгору і спускацца ўніз, як малпы ў Дрэздэне, а Будапэшт гэта дзіва, адна вуліца белая з чырвонымі вокнамі, другая ўся зялёная з жоўтымі вокнамі, вуліцы блакітныя, залатыя і рабыя, а падчас вайны хлеб там быў белы як пірог, Горты, той адмірал, загадаў пастраляць матросаў, якімі камандаваў Матоўшак, завязалі тым няшчасьнікам вочы, бо гэта быў бунт або інакш
Читать дальше