adieu, тое ўлагоджваньне палягае на тым, каб напісаць музыку або вершык на разьвітаньне і паслаць з букетам ружаў, пасьля, панна, рамантычнаму чалавеку і сны сьняцца лагаднейшыя, мець дрыст у сьне значыць бываць у сьвецкай кампаніі, жонку пры сьмерці бачыць у сьне значыць, як знарок, спаўненьне самых запаветных мараў, у нас адзін пячніцкі чаляднік расплакаўся, калі прывучвалі яго да забавы зь дзеўкай на більярдзе, іншым разам дзеўкі з бару выдатна дапамаглі, быў такі адзін слабы на розум і калі на яго гэта находзіла, ён крычаў, мама, мама, паглядзі, што мне зрабілася! дык мама хапала сто кронаў і бегла па красуню з бару, але ейны сынок падаў з тае красуні і мама яму ў тым пасабляла, каб на нейкі час займець перадышку, пакуль ейны бедны сынок зноў не пачне крычаць, мама, мама, паглядзі, што мне зрабілася! але я заўсёды трымаў форму як Конар Толнэс, вось гэтымі чарадзейнымі ручкамі я рабіў кантэскі, чаравічкі для прынцэсаў, акторак і лепшых красуняў, драўляны абцасік, прыбіты масянжовымі штыфцікамі, работа чыстая і мілая Богу, срэбнае шаўро і жоўтае шаўро, і канарэечнае, а каб падноскі былі белыя, я купляў гумідрабант, так што за Аўстрыі шавецтва было работай хутчэй хімічнай, чымся рамяством, сёньня гэта йдзе на канвэеры, хоць і быў я ўсяго шавец, але насіў манокль і кіёк з срэбнай галушкай, было так, што тады кожны хацеў выглядаць як кампазытар або паэт, а сёньня наадварот, кожны пісьменьнік фатаграфуецца як галадранец, аднаго разу, панна, я бачыў амэрыканскага пісьменьніка, ну нешта жахлівае, той сам тып што й граф Зэлікоўскі, вядомы сваёй грубасьцю, а той мастак, што маляваў тую галубіцу, на фатаграфіі выглядае як жабрак з Марыяцэлу, сёньня мастакі зачэсваюцца данізу, як за Аўстрыі дажывотнікі або дахадзягі ў прытулках ці шпіталях, а вось за аўстрыйскім часам, калі хто закончыў двухклясовую школу, даваў сабе завіваць валасы і хадзіў зачасаны як паненка, каб дзяўчаты думалі, што ён піша вершы, а калі хто за Аўстрыі меў тры клясы гімназіі, дык не выходзіў зачаста на сонца, тым часам як сёньня загараюць нават прэзыдэнты, за Аўстрыі дык і работнікі фатаграфаваліся з локцем лёгка ўсьпертым на столік і позіркам скіраваным у далячынь, як Эдысан, а сёньня фатаграфуюцца нават як колюць дровы, вось так, у той час ужывалі шмат бадану, прыправы з кітайскага дрэва, знакамітай для лікёраў і печыва, ах, тыя даўнія часы мелі слабасьць да жабракоў, але з другога боку і да парадаў, вугорская мука была пад колер пяску, а на мяхох пазначалі яе трыма чырвонымі сэрцамі, амэрыканская двойка мела на мяхох тры скрыжаваныя каласкі і канадыйца з касою, эрцгерцаг Ойген, камандзір дойчмайстраў і кавалер Апостальскага Ордэну, найбольшая жывёліна ў сям'і Габсбургаў, меў два мэтры дваццаць цэнтымэтраў росту, так што калі ягоны ад'ютант падаваў яму плашч, дык валок яго па зямлі, калі стары Грулешак латаў у нас мяхі, ён чытаў за работай любоўны раман, а ксёндз Збожыл чытаў з амбону пастырскае пасланьне аб чытаньні немаральных кніжак і часопісаў, а стары Грэпл, той што вазіў радно ў Оламоўц, ставіў ногі ў халодную ваду, каб не заснуць, бо ня меў будзільніка, зімою хадзіў у лес вазіць дровы і цягаў тыя ланцугі на плячы як сам чорт, а сваю жонку часта тоўк галавою аб бэльку, каб паправілася, так што яна доўга малілася па начах, каб Госпад Бог яе выслухаў і каб прываліў яго фурай з калодамі, таму й паэт Бонды мне казаў, што сапраўдная паэзія павінна раніць, як бы вы забыліся лязо ў насоўцы і смаркаліся і парэзалі нос, таму акуратныя кніжкі пішуцца не дзеля таго, каб чытач лепш заснуў, але каб выскачыў з пасьцелі і так як стаіць, у адных сподніках, пабег да спадара пісьменьніка і надаваў яму па пысе, было так, што за Аўстрыі муж адказваў за душу свае жонкі непасрэдна перад Богам, і так прыкладам Тонік Воплетал, той, што ўсадзіў нож Фэрдзюшку ў галаву, калі сварыліся, хто трапіць у неба, а хто не, дык ён казаў сваёй жонцы, ты перад алтаром прысягала слухацца мяне і тут жа лясь ёй па мордзе як задатак на будучыню, у майго майстра быў добры характар, але затое ён любіў выпіць, калі меў за што, адну кварту гарэлкі перад абедам, другую пасьля абеду, і яшчэ адну нанач, сёньня людзі з глузду зьехалі б або зрабілі б рэвалюцыю, калі б мусілі працаваць да поўначы як за Аўстрыі, дык той мой майстар гаварыў увечары, а каб цябе халера, курва кручаная, ты чаго мне забараняеш? я ж табе не выгаворваю, калі ты смаліш піпку з драгунам! і лясь бабу капылом, за Аўстрыі людзі мелі досыць часу на глупствы, мой тата стрэў такога разумніка як і сам, Траўнічка, і яны адразу купілі сабе літар жытнёўкі ў Фідлераў, у той час налівалі гарэлку ў такі чацьвяртак, што выглядаў як шкло ад газоўкі, значыць, мой тата сядзеў з Траўнічкам на могілкавым муры, а як што былі начытаўшыся Гаўлічка і «Сьветагляду», міжнароднае становішча так іх засмучала, што не пайшлі на працу і вялі падрыўныя гутаркі пра сацыяльную несправядлівасьць, а калі ўжо набраліся, засьпявалі песьню «Калі я йшоў лясной сьцяжынай у гаёк», ксёндз выбег з касьцёла, з сурвэткай як кельнэр, і крычыць, а каб цябе трасца, Траўнічак, што гэта за фокусы замінаюць мне падчас багаслужбы? ідзі ў лес, або аддам цябе пад арышт, але тата з Траўнічкам сьпявалі далей, і тут ужо бяжыць жандар з плюмажам, каб іменем закону яны разыйшліся, дык пайшлі, а тата, каб ад яго ня несла гарай, купіў сабе жавальнай табакі, але як ужо быў добра налізаўшыся, мама ўзяла пута і адлупіла яго, бо калі хто хоча напіцца, дык павінен мець рэсурсы, інакш шал кінецца ў галаву, Лёйза Таваркаў звар'яцеў ад бруку на пляцы, а яшчэ можа й таму, што ягоны сын рабіў дзяўчатам дзеці на спробу, дык той Лёйза Таваркаў тоўк галавою ў мур і падсьпеўваў, «Дзеля Бога, Язэпе, дзеля Бога, Язэпе...», а калі шал увайшоў у рытм, дык сьпяваў «Усе чэрці на свабодзе, усе чэрці пад замком», людзі глядзелі на яго нейкі час, а потым адправілі ў вар'ятню, ён наогул быў добрым чалавекам, засядаў з Бэхінам у ратушы і быў начальнікам Сокала, адно той брук яму даўся ў мазгі, а можа і ягоная дачушка, якая аднаму хлопцу дала найпрыгажэйшы доказ каханьня, які не застаўся без наступстваў, так што яна стрэльнула сабе ў лоб з рэвальвэру, што вісеў у іх на сьцяне, так што бачыце, панна, людзі і надалей несьвядомыя і схільныя да трагедыі, заўсёды калі хто кажа праўду, выглядае як хлус, а як было насамрэч, адкрываецца заўсёды запозна, адна красуня, якая мела Пэцінгей, вышла замуж за багатыра, бо якраз прачытала «Уладальнікаў гуты», але да яе хадзіў сьлесараў сын, а ейны муж вярнуўся нечакана і засьпеў іх у ваньне і так урэзаў таму сьлесараваму сыну, што той ажно аглух, таму Батыста ў сваім творы аб палавой гігіене перасьцерагае мужчын, каб занадта не аддаваліся сваёй жарсьці, сама больш тры разы папалудні, а каталіком чатыры разы папалудні, каб потым ня мелі грэшных думак, бо інакш можна прыйсьці да сумных наступстваў, гэта ўваходзіць у кроў і да гэтага маюць нахіл султаны, якія потым надрываюцца, калі-нікалі нават папы і каралі ня мелі ў тым шчасьця, а потым ужо запозна, дзяржава стаіць дагары нагамі празь нейкую модную красуню, таму што розум заўсёды прыходзіць запозна, мама мяне перасьцерагала, вядома, да жанчын трэба падступацца з пачуццём, значыць, трэба хлусіць, што там вясельле, забава, увесь той гармідар, гэта заўсёды пасьпеем, але на ўсё жыцьцё? адзін мясьнік мне сказаў, што ажаніцца гэта як усё жыцьцё несьці каровіну скуру па тонкім лёдзе, ёсьць выпадкі, калі жонка кажа да мужа, бацька, цябе варта было б добра чахнуць матычкай, а ён яе прабірае, матуля, жлукта ты пузатая, як вазьму качаргу і як таргану цябе за пысу, дык вось, панна, ідэалы хістаюцца, нават Гётэ гэтага не даказаў, а што ўжо казаць пра Моцарціка, гэта люба, калі двое спатыкаюцца, спачатку хапаюцца за рукі, а потым за што толькі можна схапіцца, але гэтыя рэчы галоўным чынам узбуджаюць народы апранутыя, народы голыя менш распусныя, а прытым менш у іх кішэнных крадзяжоў, ксёндз можа сабе мянціць языком колькі хоча, Карл Чацьверты памяняў чатыры красуні, а калі б не памёр ад запаленьня лёгкіх, пэўна меў бы ахвоту і на пятую, такі зь яго быў спэцыяліст па жанчынах, трэба ведаць, калі ёсьць сапраўдная жарсьць, а калі толькі прыхамаць, як гэта апісвае ў сваім творы Батыста, што адна жанчына мела дваццаць два дзіцяці, а іншая аніводнага, хоць бы й комін ад бровару на яе зваліўся, такі мужчына мусіць мець не абы які ворган, нават у соньніку, панна, знойдзеце, што вялікі ворган у снах бачыць значыць дастойнасьць, як той Шоўпал у нас, абое пілі і цягаліся за чубы на лесьвіцы, але калі выйшлі на вуліцу, проста шляхта! а дома ён увесь час да яе, дыхні, ад цябе нясе гарэлкай! а яна стае на калені і божкаецца, я зьела толькі адну шакалядку з ромам, а ён ёй дае поўху, сёньня людзям жывецца куды лепш, але з гэтага боку ўсё засталося па-старому, раз ён дастае шалу, другі раз яна, за вакзалам жыў Каўра, які ўначы краў, а днём шаўцаваў, а жонка ў яго была немка, і таму што яна красьці ня ўмела ні трохі, ён узяў і павесіўся ад сораму на бэльцы, або той Хыціл! яна, ягоная жонка, хадзіла па дамох і прадавала кашулі, а прытым крала, ну і раз яе прывялі жандары, дык яму таксама не засталося нічога як толькі павесіцца ад сораму, той фарсун Корац, службовец у касе хворых, меў сына студэнта ў Оламоўцу, аднойчы прыходзіць доктар Карафіят на кантроль і кажа, спадар Корац, людзі скардзяцца, што не атрымліваюць дапамогі па хваробе, што гэта за парадкі? тады Корац раскалоўся і прызнаўся, што тыя грошы пасылаў для сынка ў вышэйшай школе, а доктар сказаў, што яму да гэтага няма ніякай справы, дык Корац узяў касу і быццам ахвярнае ягня старой Аўстрыі выпіў літар рому за клуняй і падрэзаў сабе глотку, сёньня ўсё навыварат, дзеці вучацца задарма, а бацькі ледзь сабе глотак не пападрэзваюць, бо ў дзяцей больш грошай чымся ў іх, вось маеце, за Аўстрыі ў ялавічным булёне не магло бракаваць шафрану, такой знакамітай прыправы з Малой Азіі, а мой стрыечны брат, вось гэта выпадак! быў з блізьнят і ахрысьцілі яго Вінцакам, а таго другога блізьнюка ахрысьцілі Людвічкам, а калі ім было па годзіку, мамуля купала іх у начоўках і на хвілінку адбегла да суседкі, калі вярнулася праз паўгадзінкі, адно з дваіх утапілася, а як што тыя двайняты былі падобныя, дык ня ведалі, каторы зь іх утапіўся, Людвічак ці Вінцак? кінулі манэту, арол быў Людвічак, а рэшка Вінцак, выпала, што ўтапіўся Людвічак, але мой стрыечны брат Вінцак, калі вырас, пачаў сабе ламаць галаву, ён быў беспрацоўны, дык меў даволі часу, хто насамрэч утапіўся, ці абы на сьвеце не жыве Людвічак, а ён, Вінцак, ці не ўтапіўся? і пачаў піць, потым хадзіў каля вады і шмат купаўся ў рэчцы, потым і ў лазьні, хіба хацеў спраўдзіць, бо наканец утапіўся, каб упэўніцца, ці не ўтапіўся тады ў начоўках, было яшчэ й тое, што за Аўстрыі людзі шукалі працы, а сёньня праца шукае людзей, так што яны ня маюць зашмат часу на глупствы, пацьвердзіў мне гэта і паэт Бонды, калі прывёз у гасподу двое сваіх дзяцей у возіку, ужо Сакрат, кажа Бонды, сьцьвердзіў, што курвельства ёсьць заняткам людзей бязь іншага занятку, Тонік з кавярні даў нам кілбасы, каб мы патаўклі яму каменьне, дык таўчэм і таўчэм, а тут насоўваецца хмара, пацямнела як на пагібель, загрымеў гром і бліснула маланка, мы мусілі схавацца ў рове, а тут раптам зноў ясна, вяртаемся вечарам дахаты, а мама кажа, ведаеце, дзеці, што сталася? Карасак павесіўся якраз у тым лесе, дзе вы таўклі каменьне, таму што ягоная баба бегала за іншымі, я, панна, быў асьцярожны, там дзе я шаўцаваў, мелі дачку Мажэну, пуза як бубен, грудзі як у Марыі Тэрэзы, а азадак як сьвіронак або студня, кажуць мне раз, сёньня ў нас заначуеш, паслалі мне каля пліты, а над раньнем тая Мажэна мацнула мяне за твар і паклала мне на грудзях тыя свае цыцкі, а я кумільгам адтуль, таму што ўжо тады быў далікатны як саксонскі курфюрст, і рассадзіў сабе галаву аб пліту, адмочваю тую рану ў вядры, а цэлая сям'я выскачыла з пасьцелі і цешыцца, маўляў, будзем гуляць вясельле, але я ня даўся, сказаў як Гётэ, што я слабы ў грудзях і хутчэй схільны да вершаў, дык яны таго зьлякаліся, Мажэна потым купіла мне гальштук і нікеляваны пярсьцёнак, але я ўжо прачытаў твор спадара Батысты пра зарукі шлюбнага шчасьця, дык прыкінуўся, што цікаўлюся музыкай, а яе ўзяў нехта Етрудка, нажылі разам бяду і шасьцёра дзяцей, той Етрудка ўвесь час хадзіў набраны, хапала, каб толькі перад Мажэнай чыхнуў, а яна ўжо была пры надзеі, палова тых дзяцей звар'яцела, а другая палова, калі гэта даразумела, павесілася, і як тут верыць соньніку Анны Новакавай, нованароджанае дзіцятка пеставаць значыць радасьць! хіба адно стараста можа сабе нарабіць столькі дзяцей, але калі дзеці плачуць, дык ніякая гэта ня радасьць, старая Аўстрыя любавалася вайсковымі парадамі, але з другога боку, калі вы йшлі на шпацыр, дык штохвілі зачапляліся за выцягнутыя куксы жабракоў, і замест таго каб заглядацца на нейкую дзявочую цыцачку, я мусіў літавацца над тымі няшчаснымі, раз іду сам адзін, а тут красуня, жыдоўка, нос крукам як чапяла, сядзіць на мяжы і выглядае першай суботняй зоркі, ня мела на сабе майтак, дык я адным вокам зірк туды, куды любіў паглядзець Гётэ, пакуль пачне пісаць вершык, загаварыў зь ёю і пачалі паміж намі ткацца даверлівыя адносіны, яна мне распавяла, што ўмее езьдзіць на ровары бяз рук, на той час гэта была рэвалюцыя, а я ёй распавёў пра аднаго жандара, які недзе вынайшаў пастанову аб грамадзкай гігіене і паводле тае пастановы хадзіў асабіста мыць маладых цыганак да пятнаццаці гадоў, старыя цыганы павінны былі грэць ваду і потым ісьці прэч, жандар зьнімаў уніформу і закасваў рукавы, а ягоны начальнік падглядваў празь дзірку ад ключа, як выконваецца тая пастанова аб гігіене, а потым паставіў таго жандара перад судом і сам хадзіў абмываць тых маладых цыганак, а старыя цыганкі зьдзіўляліся, чаму ён ня мые і іх? тая жыдоўка, што сядзела на мяжы і чакала першай суботняй зоркі, пачырванела і шапнула мне, што яна таксама не занадта каб чыстая, і я на той мяжы адчуваў сябе зноў пераможцам, іншым разам я хадзіў з дачкою махляра, мала хто мог вадзіць зь ёю знаёмства, мы гулялі разам у дыябалё і калі яна нахілялася, я заглядваў ёй у дэкальтэ, называлася гэтае махляровае дзіцятка Галенкай, мела такія гожыя цыцачкі, што доўга яшчэ згадваючы іх я заікаўся і рабіў правапісныя памылкі, такім чынам я захаваў тую самую ілюзію, што й Госпад Хрыстос, хадзіць з прыгожымі дзеўкамі, але не прыпускаць іх занадта блізка да сябе і быць вольным, як быў доктар Карафіят, які дрыжаў ад страху, каб ня стрэць бабы ў кашулі нават у сьне, гэта зваліла б з ног нават і пісьменьніка, а тыя ж прывыклі бачыць і не такія рэчы, бацька тае махляровае дачкі мяне цягнуў на службу, але я ведаў, што ў яго два сыны, фарсуны з маноклямі, адзін сынок украў грошы з касы і згодна з модай таго часу застрэліўся з браўнінга, з браўнінга страляліся толькі члены кайзэравай сям'і, а жонка таго другога сынка, Ніна, вялізазная й гладкая як аксаміт, любіла папіваць лікёры і калі цягнула ваду са студні, закруцілася ёй у галаве і яна туды паляцела, знайшлі яе праз тыдзень, бо думалі, як гэта тады было ў звычцы, што яе выкраў нейкі студэнт, а яна ўжо была набрынялая й агідная, ах, Сьвятая Багародзіца, гэтае жыцьцё ўсё роўна халерна прыгожае! я не хацеў ісьці ў прымы ў іхную сям'ю, бо ейны дзядзька быў закаранелы рэлігійны фанатык, багамольнік нашых гор, які цалаваў зямлю і валіў платы вакол дамоў, бо калі, маўляў, на небе няма платоў, дык і на зямлі іх не павінна быць, ужо ў тым часе ён быў першапраходцам у заворваньні межаў між людзьмі, няўпынна ставаў на калені на пляцы і крычаў, што платы між людзьмі зьнясе любоў, аднак людзі меркавалі інакш, таму адразу йшлі дахаты і лягалі з жанкамі на канапе, дык той дзядзька ўрэшце павесіўся на могілках на крыжы над магілай свае маткі і ксёндз сварыўся, што яшчэ раз мусіць асьвячаць могілкі, я дзівіўся, як у соньніку Анны Новакавай мог зьявіцца сказ, у сьне ў царкве быць павешаным, хутка станесься саноўнікам Царквы, калі ж бо самагубца мае быць пахаваны ўначы, у поўнай цішыні і ў асабліва далёкім месцы, або той натарыюсаў штабс-лекар, ягоная жонка была чысты скарб, той самы мадэль, што і вы, панна, калі прыходзіла да нас па малако, казала мне, ці вы не зайшлі б на хвілінку да нас, выглядаеце як нябожчык Штраўс у маладых гадох, яе матка паходзіла з замку за Пшэмыславіцамі, замак называўся Глохаў і належаў Бохнэру, а яе бацька, таксама натарыюс, езьдзіў чатырма белымі жарабцамі, а шэсьць стракатых догаў беглі з высалапленымі языкамі за павозкай, сын меў сурдут блакітны як неба, чорныя нагавіцы з чырвонымі лямпасамі, якое яшчэ войска пакажа такую красу для вачэй, сёньня жаўнеры ходзяць як парабкі, а тады кожны жаўнер быў сьціснуты ў поясе як панна, а калі прыяжджаў у водпуск, дык дзеўкі сікалі ў майткі, бо жаўнеры насілі гарсэты, а такі штабс-лекар меў два рады гузікаў і залаты каўнер, нібыта з чыстага золата, каўнер з шаўковай падкладкай наўкруг, генэрал-лекар меў зьмейку на каўняры цэлым у золаце, ну, нешта цудоўнае, адно прырода, калі хоча пахваліцца, што нешта дакажа, стварае дзеля канкурэнцыі такога зімародка або папугу, толькі што Аўстрыя апрача гэтага параду і жабракоў мела яшчэ дысцыпліну, якая часта даводзіла жаўнераў да роспачы, таму што зь іх зьдзекваліся і білі, тыя арышты, аковы, канцэнтрацыйны лягер, але той натарыюсавы штабс-лекар быў фанабэрысты як пава, у войска йшоў як красуня на шпацыр, а сталася яму такая бяда, што адзін жаўнер забіў другога і ўкраў у яго грошы, якія матка прыслала яму ў войска, а той забойца наліў забітаму ў рот гарэлкі, а штабс-лекар яшчэ таго няшчасьніка таўхаў нагою, бо думаў, што ён напіўся на службе, але адзін спрытнюк убачыў гэта і данёс, дык штабс-лекара замкнулі і ён павесіўся на ручніку ў каталажцы, а калі яго хавалі дома, дык маці так рыдала, што ледзь касьцёл не разваліўся, заплаціла каму трэба, то й пахавалі яго на могілках, хоць павінны былі пахаваць уначы, у асабліва глухім месцы і бяз розгаласу, так яно бывае, панна, на фронце вас пахавалі б невядома дзе, усё роўна як бы згубіць хустачку, Анна Новакава ў сваім соньніку піша, адпяваць нябожчыка гэта на шлюб, а сьніць вар'ятню, вялікага шчасьця чакай! во што прыдарылася начальніку станцыі ў нас, які гадаваў індыкі і дрыжэў, каб яму дзяжурны добра пераводзіў стрэлкі, калі йшоў хуткі цягнік, таму хадзіў сам кантраляваць, а хуткі яму ўехаў у тыя індыкі, гэта было відовішча, такі хуткі цягне за сабою паперыны й галінкі, калі імчыць, дык пацягнуў і пер'е індыкаў ды іхнія ашмёткі, на дзяжурнага на наступнай станцыі ўпалі тры сьцягнякі, на начальніка яшчэ наступнай станцыі пасыпалася пер'е нібыта зь якой пярыны, хуткі цягнік гэта ня жарты, калі праяжджае праз станцыю, начальніку зь Лібіцы скразьняк за цягніком вырваў з рук павышэньне і начальнік ня мог адзець новы мундзір, пакуль праз два тыдні не знайшлі тое павышэньне пяць станцый далей, адна жанчына йшла па шпалах, каб хутчэй зайсьці дахаты, несла сьвіную юшку і разьехаў яе цягнік, махам выцягнуў зь юшкі крупы і апырскаў імі дзяжурнага на суседняй станцыі, на чыгунцы ёсьць людзі, абходчыкі, якія апускаюць шлягбаўмы, вакол іхных дамкоў адно голае поле, ноччу ніхто іх ня бачыць, але яны ўсё роўна ваксуюць боты і выбіваюць мундзіры, а потым стаяць ля апушчаных шлягбаўмаў і казыраюць, цягнік пралятае міма іх уначы, пыліць на іх і пырскае, ніхто тых абходчыкаў ня бачыць, але яны стаяць на зважай і казыраюць начному хуткаму цягніку, такія во людзі засталіся ад колішняе Аўстрыі, таму Лукас з гарнізон-інспэкцыёну ня біў і не караў, затое Зэлікоўскі быў сьвіньня, малаціў жаўнераў і загадваў іх прывязваць да дрэва, перш за ўсё капралаў, каб ведалі, як яно мае выглядаць, калі ён едзе на кані, і войска павінна было расьцягнуцца ў швармлінію або вікльтэлінію і зараз потым падвойную тупльшварм і допльрай, і паставіцца чатырохкутнікам, і раптам рассыпацца, як бы хто стрэліў у вераб'іную чараду, каб зноў самкнуць шыхт, камарад пры камарадзе, а калі генэрал падыме шаблю вастрыём угору, капралы павінны ведаць, што гэта значыць, бо ж генэрал ня будзе крычаць да шаснаццаці ротаў войска, так як і дырыгент ня будзе крычаць на музыкантаў, ты ёлупню! ня бачыш там тае фэрматы? ён жа мае палачку не дзеля таго, каб сьвіснуць каму па вушах, але каб дырыгаваць, падаваць знакі, такі маршал, зразумела, мусіць клапаціцца, каб выйграць бітву і каб не загінула зашмат людзей, мяне рабілі фрайтэрам, але я не схацеў, бо тады без упыну пасылаюць чалавека на варту або на патрулі і ўсё высылаюць у вайсковае вучылішча, на ўскраіне лесу паручнікі ўсё крэсьляць на дошцы і крычаць, падафіцэры
Читать дальше