Цякла нейкая няспешная, вельмі разумная і цёплая размова з Ганнай. Ён не запамятаў з яе амаль нічога.
Толькі аднойчы яны разам прыпалі да шкла, так блізка галовамі адзін да аднаго, што Андрэй адчуў бязважкі дотык пасмы яе валасоў да сваёй скроні.
— Глядзіце, — чамусьці шэптам сказала яна.
Па залітай халодным сонцам руні, быццам закутай у блакітнае срэбра, раскрыліўшы вушы, гнаў зайца палымяны ірландскі сетэр, палымяны, як стручок чырвонага перцу.
I быў у гэтым такі імпэт, такая першабытна-звярыная сіла і радасць, што аж перахапіла подых.
— Як думаеце, дагонiць? — спытала яна.
Ён ведаў, якога адказу чакае яна:
— Ну вядома, не. Куды там. Яму гэта што — размінка. А таму справа жыцця. Дый, не ягоная, не рыжага гэта справа — ганяць.
А Ірына ўвесь час была спакойнай і халоднай, ані разу не затрымала на ім вачэй. Так, суха прабягала позіркам. I ад срэбнага дня і ад яе халоднасці ў душы нараджаўся нейкі лікуючы адчай.
"Д'ябал з ім!"
Потым з ружовага марознага дыму ўзнік Загорск — барвяны, залаты, стракаты, юонаўскі, глазурны, як пернік. Увесь як цяжкаватая, трохі гнятучая казка.
Так, гэта не Нерль. Там усё было — вясна, біццё, тут — усё ўлада, багатая крывёй.
Ірына старалася трымацца далей ад яго. Увесь час далей і ўвесь час поруч са Стаўровым. I ўрэшце Андрэй нават неяк прымірыўся, што яна далёка, што яна не чуе яго пытанняў або адказвае на іх двума словамі, быццам шэлег старцу кідае. Прымірыўся і стаў хадзіць з Ганнай, перабольшана мяккім тонам размаўляць з ёю. А сам, увесь напружаны, адчуваў, што гэты дзень скончыцца грандыёзным скандалам.
Шкадаваў толькі Ганну. Добрая, ружовая, з марозу, яна ўвесь час казала нешта таксама добрае:
— Глядзіце, духаўская царква. Як дзяўчына ў сарафане! I гэты кафляны паясок каляровы… якраз пад грудзьмі. Дзіва!
А над ракай Сергія ў вечным жоўтым зарыве свечак, пад нямоўчны спеў галасоў, схіляла галаву зусім як тыя, тут жа, на рублёўскіх абразах.
— Чуеце? "Нашэсце іншапляменных"… Словы якія!
І хаця рукою махаць хацелася Андрэю на тое, што вырасла гэтага "Нашэсця іншапляменных", — ён маўчаў.
Проста быў уражаны тым, што адбывалася. Нядобра гэта было, гульня з людзьмі. Ён разумеў гэта і, аднак, заставаўся пры сваім.
У дзверы плыло марознае паветра. I яго водар, водар заінелых дрэў, мяшаўся з водарам яе цёплай скуры.
…Па дарозе ў рызніцу Андрэй аскандаліўся. Ірына пайшла дамаўляцца ў дырэкцыю. Усе стаялі і чакалі яе. I тут нейкая дзяўчына, вельмі вытанчаная з выгляду, праходзячы паўз яго, упусціла кніжку. Ён нахіліўся быў, але дзяўчына, яшчэ шпарчэй, выхапіла кніжку з-пад яго рукі, сказала скорагаворкай:
— Бач ты, які прэндкі на чужое дабро.
Вакол зарагаталі. Андрэй ледзь не праваліўся на месцы. Каб неяк выблытацца з няёмкага становішча, ён сеў на прыступкі і, калі Ірына выйшла, сказаў басам, але ў наўмысна дзіцячым, дурасліва-слёзным тоне:
— Iрына Сяргееўна, мяне крыўдзяць.
Толькі тут на імгненне сухасць знікла з яе вачэй, і яна спытала:
— Ну што, ну што з вамі? Што?
I нейкая такая пяшчота была ў яе голасе, што Андрэю быццам цёплым крылом правялі па сэрцы.
А потым зноў халодная складка вуснаў. I зноў поруч Стаўроў.
У рызніцы міліцыянер з рэвальверам хадзіў, ледзь не наступаючы ім на пяты, відавочна мяркуючы, што пісьменнікі — гэта мазурыкі і авантурысты. "Неча сумленным людзям кніжкі пісаць!"
А Андрэю ўсё гэта зіхаценне золата было смешным. Ён ведаў: памяць учэпіста зберажэ ўсё: ваздухі, аклады, цяжкія, як догма, кнігі. Але ўсё золата не варта было аднаго разьблення па слановай косці работы безыменнага мастака.
I ўсё гэта разам не варта было не толькі яе, але нават аднаго імгнення радасці, якая жыла ў ім, калі ён бачыў гэтую жанчыну.
Скандал усё ж выбухнуў. Здаецца, чаго было Стаўрову чапляцца да Андрэя? А ён прычапіўся. Калі яны абедалі ў рэстаране. Нехта заўважыў, што Грынкевіч "усё з дзяўчатамі". I тады Стаўроў з непрыхаванай з'едлівасцю сказаў:
— Нічога. Ім у яго таварыстве бяспечна.
Грынкевічу было ўсё адно, але Стаўроў увесь час прыдзіраўся да яго. Таму гнеў абудзіўся зноў.
Выпрастаўшыся, — за сталом запанавала раптоўная цішыня, — ён сказаў халодным голасам:
— Шкада, што тут няма тваёй жонкі. А то вельмі хутка твая галава, акрамя даволі рэдкай чупрыны, была б упрыгожана яшчэ тым-сім. Неяк ужо ўгаварыў бы сябе, перасіліў.
Стаўроў апусціў галаву, таму што ўсе маўкліва адобрылі адказ. Але Андрэю гэта было хоць бы што. Добрай была толькі іскра раптоўнай павагі ў вачах Ірыны.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу