— Так. Але як вы?..
— Я часта чытаю думкі людзей. Бо ведаю іх.
— I гэта перашкаджае вам у шчасці.
— Так. Напэўна, у мяне разумовы склад старой дзеўкі.
— Кіньце плявузгаць, — мякка сказаў ён. — Столькі людзей вакол… Не ў лесе жывяце.
— Людзі сталі рацыяналістычнымі. Мала хто можа аддаць сябе. Пажадаць стаць паветрам, якім дыхае другі.
— I каб не хапала паветра — дык Ёй не хапіла б яго апошняй.
— Праўда.
Ад горычы ледзянога віна ў целе разліваўся цёплы сум. Гучала музыка. Быў паўзмрок.
— Вы вельмі харошы і просты, Андрэй, — сказала яна. — Ірына казала праўду.
I, спусціўшы ногі, устала, такая прамая і ўзнесеная ў сваім гранатавым уборы, што Петрык заміргаў і збіўся з такту.
— Хадзем танцаваць, — сказала яна. — Запрасіце, Андрэй, тую, маленькую. Гэткі капрыз жаночай псіхалогіі. Не любіць мяне за Петрыка… А што я магу зрабіць, калі ніхто… ну… ніхто ніколі мне не падабаўся.
Петрык захістаўся, выбіваючы з раяля нешта заліхвацкі-бравурнае. А вочы яго былі сумнымі вачыма.
…Танцавалі за поўнач. I толькі тады зразумелі, што досыць, калі Аленін, устаўшы ад ног гранітнага чалавека, сказаў яму:
— Ну і свіння ж ты! Друг у ножкі яму ўпадае, а ён… Ну хопіць, хопіць паліто трымаць. Заседзеліся. Апранайся і хадзем.
I разрыдаўся, абняўшы граніт.
— Не любяць нас, браце! Не цэняць! Гаі вы мае родныя, бураломчыкі вы мае шышкінскія. Пагляньце, як спіць надзея сусветнага жывапісу.
Зноў перад будынкам інстытута стаяў аўтобус. Збіраліся ехаць у Загорск. Чакалі толькі Горавай, якая нешта спазнялася.
Дзень выдаўся ясны і празрысты для сярэдзіны лістапада. Сквер, пабіты ранішнікамі, толькі сям-там трапятаў паасобнымі, счарнелымі ўжо, лісцямі. I ўмыта, прасветлена-сумна ляжала над белымі лужынкамі, над пацямнелымі з сонечнага боку храпамі шэрай мёрзлай зямлі, над нежывымі дрэвамі халоднае блакітнае неба.
У Андрэя было нялёгка на душы. Нялёгкай была нядаўняя гісторыя з Ірынай, шкада было Ганны.
— Дзень добры, Андрэй, — нечакана сказаў за спіной яе голас.
Яна стаяла і даволі суха глядзела на яго. А поруч усміхалася з-пад капюшона канадскай блакітнай куртачкі сумнае і вельмі прыгожае аблічча Ганны.
— Вось, — сказала яна, — угаварыла мяне Ірына. I чамусьці мне захацелася кінуць нават тэрміновую работу. Гары яна ясным гарам! Дзень які, Андруша!
Горава глядзела на яе пяшчотна і насцярожана. Злёгку насцярожана і вельмі пяшчотна.
— Я даволі лёгка ўгаварыла яе, — сказала яна.
— Ну і добра, — сказаў Андрэй. — Ах, дзень які!
— Давайце па машынах, — сказала Галіна Іванаўна. Андрэй прапусціў жанчын. Потым, разам з Вайвадсам, палез у аўтобус.
— Браты-разбойнічкі, - прабурчаў за іхняй спіной Стаўроў. — Ушкуйнічкі. "Сарынь на кічку"…
Прабурчаў амаль тыя словы, што сказала Ганна, і гэта было непрыемна. Стаўроў наогул быў непрыемны Андрэю. Дабра складзены, трохі грузлаваты, з сівеючымі ўжо валасамі, з халоднымі вачыма за шклом акуляраў, з неяк непрыстойна, трохі па-бабску, прыгожым абліччам.
I горш за ўсё было тое, што завуч паслала Андрэя ў будынак з нейкімі паперкамі, а калі ён вярнуўся, Горава сядзела ўжо ў атачэнні другіх. Справа ад яе сядзеў Стаўроў, злева — Харунжы, данскі казак з вострымі вачыма і вострым тварам. У гэтага ўсё было вострым, нават характар, неўтаймаваны, шальны, рэзка-разумны. Ён мог цэлую гадзіну гаварыць лухту, а потым кінуць нешта такое, чаго і Саламон не сказаў бы.
Яшчэ ў дзевятым класе, — а было гэта ў канцы трыццатых гадоў, - ён трапіў некуды на Інту: хацеў "адарваць Дон ад Расіі". I вось выстаяў, і быў, нягледзячы на ўсе свае Адысеі, такі гарачы, што ў спрэчках яго з Андрэем ад абодвух ляцела пер'е.
Супраць яго Андрэй нічога не меў, а вось Стаўроў… Той і тут адразу пачаў з удаванай — а можа, і сапраўднай — тупасцю пытаць Ірыну "како веруе", плявузгаў нешта пра хазараў і вялікае перасяленне народаў. Вельмі хацелася надаваць яму каленкай пад зад. Аўтобус бы вельмі здзівіўся. Але цывілізаванасць не дазволіла.
Расчараваны Андрэй сеў поруч з Ганнай, даволі далёка ад Горавай, і стаў глядзець у акно.
Дзень быў цудоўны, а дарога зусім хуткаплынная. Паабапал стаялі пустыя і прасторныя, як храмы, лясы, кранутыя лёгкай сівізной трывалага ранішніка (такога, што і за дзень можа не заплакаць). А пад дрэвамі была прыпудраная срэбрам, хрумсткая на выгляд трава. Усё было добра, нават лёгкі пах гною з раскрытага сілоснага капца ў вёсцы, дзе на хвіліну спыніліся.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу