— І дзе гэта прападае наш даражэнькі татка? — спытала місіс Крэтчэт. — І ваш брат Малы Цім? Ды і Марта ў мінулыя Каляды не спазнялася на паўгадзіны!
— А вось і Марта, мама! — акурат з’явіўшыся ў дзвярах, сказала дзяўчына.
— А вось і Марта, мама! — пракрычалі малодшыя Крэтчэты. — Ур-р-ра! Марта, якая ў нас гуска!
— Што ж ты, мілая, блаславі цябе Бог, сёння так позна? — спытала місіс Крэтчэт, разоў дзесяць пацалаваўшы дачку і ўвішна дапамагаючы ёй зняць шаль і каптур.
— Учора вечарам трэба было шмат чаго дарабіць, мама, — адказала дзяўчына. — А сёння зранку мы прыбіраліся.
— Што ж, ты прыйшла, а ўсё астатняе няважна, — сказала місіс Крэтчэт. — Сядай бліжэй да агню, мая дарагая, сагрэйся, блаславі цябе Бог.
— Не, не! Татка ідзе! — закрычалі малодшыя Крэтчэты, якія паспявалі быць паўсюль адначасова. — Хавайся, Марта, хавайся!
Марта падпарадкавалася, і вось увайшоў бацька, маленькі Боб, захутаны ў шалік, які звісаў на тры футы спераду, не лічачы махры, апрануты ў зношаны касцюм, адпаведна сезону зацыраваны і вычышчаны, з Малым Цімам на плячы. Бедны Малы Цім — ён трымаў у руках кавеньку, а яго ногі былі ў металічных шынах.
— Ну і дзе нашая Марта? — усклікнуў, азіраючыся, Боб Крэтчэт.
— Не прыйдзе, — сказала місіс Крэтчэт.
— Не прыйдзе? — разгубіўся Боб, і яго ўзнёслы настрой пакаціўся ўніз, бо ўсю дарогу ад царквы Крэтчэт імчаў, як асядланы Цімам гарачы конь, і прыйшоў да фінішу ў пене. — Не прыйдзе дадому на Каляды?
Марта не магла глядзець на яго расчараваны твар нават дзеля жарту і паспяшалася выскачыць з-за дзвярэй каморы ў яго абдоймы, тым часам як малодшыя Крэтчэты схапілі Малога Ціма і пацягнулі яго ў пральню — паслухаць, як спявае ў катле пудынг.
— І як трымаўся наш Малы Цім? — спытала місіс Крэтчэт, уволю насмяяўшыся з даверлівасці Боба, калі той уволю наабдымаўся з дачкой.
— Ён быў проста чыстае золата, — адказаў Боб, — і нават яшчэ лепей. Ён стаў вельмі разважлівы, бо шмат часу бавіць адзін, і часам гаворыць такое, што проста дзіву даешся. Калі мы ішлі дадому, ён сказаў мне, маўляў, добра, што людзі бачаць яго, калеку, у царкве, бо ў калядны дзень ім, пэўна, прыемна згадаць пра таго, хто даў кульгавым жабракам магчымасць хадзіць, а сляпым — бачыць.
На гэтых словах голас Боба задрыжаў, а калі ён дадаў, што з кожным днём Малы Цім робіцца ўсё дужэйшы і здаравейшы, голас задрыжаў яшчэ мацней.
Тут яго перарваў стук рухавай кавенькі: Малы Цім разам з братам і сястрой вярнуўся да свайго зэдліка ля каміна. А калі Боб, небарака, закасаў рукавы, нібыта штосьці ў гэтым свеце магло зрабіць іх яшчэ больш пашарпанымі, пачараваў над гарачым збанам з джынам і лімонам і, увесь час памешваючы, урэшце паставіў яго на марудны агонь, Пітэр і двое ўсюдыісных маладых Крэтчэтаў выправіліся па гуску, з якой неўзабаве ўрачыстай працэсіяй і вярнуліся.
Калі б вы бачылі, якой сумятнёй суправаджалася з’яўленне гускі, то падумалі б, што гэта самая рэдкая птушка ў свеце. Чорная лебедзь у параўнанні з ёй — істота больш чым звычайная. Зрэшты, у гэтым бедным жытле так яно і было. Місіс Крэтчэт давяла падліўку, прыгатаваную загадзя ў маленькім рондліку, да кіпення, юны Пітэр пачаў з неверагоднай жарсцю размінаць бульбу, Белінда дадала ў яблычны соўс цукру, Марта змахнула пыл з гарачых талерак, Боб пасадзіў Малога Ціма побач з сабой у куточку, а два малодшыя Крэтчэты паставілі для ўсіх крэслы, не пакрыўдзіўшы і сябе, і прынялі вахту ля стала, засунуўшы ў рот па лыжцы, каб адтуль заўчасна не вырвалася адчайная просьба пра кавалачак гускі. Урэшце ўсе стравы былі расстаўленыя і малітва прачытаная. Пакуль місіс Крэтчэт, сур’ёзна агледзеўшы нож для мяса, рыхтавалася ўсадзіць яго ў грудзі гускі, павісла напружаная паўза, але як толькі з тушкі пырснуў доўгачаканы сок, на сталом пранёсся задаволены ўздых, і нават Малы Цім, натхнёны прыкладам двух маладых Крэтчэтаў, застукаў нажом па стале і слабенькім голасам пракрычаў: “Ур-р-ра!”
Свет яшчэ ніколі не бачыў такой гускі! Боб не верыў, што такая гуска падавалася калісьці на нечы стол. Зноў і зноў узносілася хвала яе мяккасці і водару, памеру і таннасці. Яе, прыпраўленай яблычным соўсам і пададзенай з бульбяным пюрэ, цалкам хапіла для сямейнага абеду. Больш за тое, як усцешана адзначыла місіс Крэтчэт, заўважыўшы на талерцы цудам ацалелы кавалачак косткі, яны нават не змаглі яе адолець! Усе былі сытыя, а малодшыя Крэтчэты яшчэ і да самых броваў выпацкаліся шалфеем і цыбуляй. Але вось Белінда памяняла талеркі, і місіс Крэтчэт адна (бо была занадта ўсхваляваная, каб вытрымаць сведак) пакінула пакой — дастаць пудынг і падаць яго на стол.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу