Але як толькі цень рассеяўся, сама думка пра тое, што са Злавесным Скруджам на сёння скончылі, зрабіла іх у дзесяць разоў весялейшымі, чым раней. Боб Крэтчэт расказаў, што ён прыгледзеў для Пітэра працу, і калі ўсё будзе добра, яна прынясе ім цэлых пяць шылінгаў і шэсць пенсаў на тыдзень. Двое маладых Крэтчэтаў проста выбухнулі смехам, уявіўшы Пітэра ў ролі дзелавога чалавека, а сам Пітэр задуменна ўперыўся з-пад свайго каўняра ў агонь, нібы выбіраючы найлепшы спосаб капіталаўкладання, калі ён пачне атрымліваць такія неверагодныя прыбыткі. Пасля Марта, якая вучылася ў мадысткі, расказала, што ёй даводзіцца рабіць, колькі гадзінаў працаваць без перапынку і як яна збіраецца заўтра добра выспацца і адпачыць, бо заўтра ж свята і яе адпусцілі дадому. А яшчэ расказала, як некалькі дзён таму бачыла нейкую графіню і нейкага лорда, і лорд быў “у вышыню ну зусім такі ж, як Пітэр”. На гэтых словах Пітэр падцягнуў каўнер яшчэ вышэй, так што калі б вы таксама там сядзелі, то нізашто б не разгледзелі яго галавы. Увесь гэты час каштаны і збан хадзілі па коле, і ўрэшце Малы Цім заспяваў тоненькім жаласлівым галаском песеньку пра дзіця, якое заблукала ў снезе, а спяваў ён, мушу сказаць, вельмі добра.
Ва ўсім гэтым не было нічога выбітнага. У сям’і Крэтчэтаў няма асаблівых прыгажуноў, апраналіся яны не надта добра, іх абутак часта намакаў, іх вопратка вылучалася сціпласцю, а Пітэру, відаць, ужо здаралася наведваць ліхвяроў. І ўсё ж яны былі шчаслівыя, задаволеныя адно адным, удзячныя лёсу і ўсцешаныя святочным часам, і калі яны пачалі знікаць, у апошняе імгненне ўсміхаючыся яшчэ шчаслівей ад яркіх пырскаў прывідавай паходні, Скрудж не мог адвесці ад іх, а асабліва ад Малога Ціма, вачэй.
Тым часам ужо зусім сцямнела, пайшоў густы снег, і калі Скрудж з Духам рушылі вуліцай далей, у кухнях, гасцёўнях і ўсіх астатніх пакоях ярка гарэлі вясёлыя чароўныя агні. Трымтлівыя водбліскі сведчылі пра тое, што падрыхтоўка да сямейнай вячэры ў самым разгары, талеркі падаграваліся ля ачага, а цёмна-чырвоныя гардзіны ўжо чакалі, каб імі адмежаваліся ад холаду і цемры. Там усе дзеці выбеглі з дому ў снег, каб сустрэць сваіх жанатых братоў і замужніх сёстраў, дзядзькоў і цётак, кузэнаў і кузінаў і каб першымі павітаць іх. А тут на шторах мільгаюць цені гасцей, а там групка прыгожых дзяўчатак у цёплых капелюшах і футраных боціках, хорам шчабечучы, перабягае да суседзяў, і гора таму самотніку (яны ў гэтым зусім не сумняюцца), які заўважыць іх, спрытных разрумяненых чараўніц!
Мяркуючы з колькасці людзей, якія выправіліся ў госці да сяброў, можна падумаць, што ў дамах не засталося нікога, хто мог бы гэтых гасцей прыняць, але насамрэч у кожным доме чакалі візіцёраў і распальвалі агонь так, што полымя сягала сярэдзіны коміна. Блаславі іх Бог, як жа радаваўся Дух! Як расхіналіся адзежы на яго шырокіх грудзях, як раскрывалася яго ёмістая далонь, ад усяе шчодрае душы разліваючы навокал чыстую і ясную радасць! І нават па-святочнаму апрануты ліхтаршчык (відаць, правядзе вечар не дома), які бег перад імі і рассейваў па цёмнай вуліцы кропачкі святла, гучна рассмяяўся, калі міма яго праляцеў Дух, хаця наўрад ці заўважыў, што мае апроч Калядаў яшчэ і іншую кампанію.
І раптам (Дух нават не папярэдзіў) яны апынуліся сярод пустыннага і панылага тарфяніка, на якім былі раскіданыя велічэзныя глыбы грубага каменю, падобныя да волатавых надмагілляў. Паўсюль расцякалася вада, ці, дакладней, расцякалася б, калі б мароз не ўзяў яе ў палон, і на ўсім абшары не расло нічога, апроч моху, і жаўтазелю, і густой жорсткай травы. На захадзе ад вечаровага сонца застаўся толькі вогненна-чырвоны акрайчык, які некалькі імгненняў гарэў над гэтым закінутым краем і, нібы панурае вока, усё больш і больш хмурыўся і мружыўся, пакуль зусім не знік у густым змроку найцямнейшае ночы.
— Дзе мы? — спытаў Скрудж.
— Там, дзе жывуць рудакопы, што працуюць у зямных нетрах, — адказаў Дух. — Але мяне яны ведаюць. Глядзі!
У акне хаціны заблішчэў агеньчык, і яны адразу ж скіраваліся да яго. Прайшоўшы скрозь сцяну, зробленую з каменю і гліны, яны ўбачылі вясёлую кампанію, што сабралася вакол зыркага полымя. Старыя, вельмі старыя дзед і баба з дзецьмі, і дзецьмі дзяцей, ды яшчэ і іх дзецьмі ў дадатак сядзелі тут у самых святочных сваіх убраннях. Ціхім голасам, які амаль заглушаўся скавытаннем ветру на бясплодных пустках, стары спяваў калядную песню, што была вельмі старою ўжо ў яго дзяцінстве, час ад часу да яго далучаўся хор іншых галасоў, і калі гэта здаралася, голас старога рабіўся весялейшым і мацнейшым, калі ж хор сціхаў, голас старога таксама слабеў.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу