— Я проста цярпець яго не магу, — падагуліла пляменніца Скруджа, і яе сёстры разам з іншымі дамамі ахвотна падтрымалі яе.
— А я вось магу! — усклікнуў яе муж. — Мне яго шкада, і колькі б я ні стараўся, у мяне не атрымліваецца на яго раззлавацца. Бо хто пакутуе ад яго дурных дзівацтваў? Толькі ён сам. Убіў сабе ў галаву, што не любіць нас, і адмовіўся далучыцца да нашага абеду. Вынік? Застаўся без нашага сціплага пачастунку.
— Думаю, насамрэч ён застаўся без вельмі цудоўнага пачастунку, — перарвала яго Скруджава пляменніца. Усе астатнія пацвердзілі яе словы, і мы мусім прызнаць дасведчанасць гэтых суддзяў, бо яны толькі што павячэралі і сабраліся ля каміна побач са сталом, на якім стаяў дэсерт і гарэла лямпа.
— Што ж, я рады гэта чуць, — сказаў пляменнік Скруджа, — бо сам не надта веру ў гэтых маладых гаспадынек. А што скажаце вы, Топер?
Топер, відаць, упадабаў адну з сёстраў Фрэдавай жонкі, а таму адказаў, што халасцяк — гэта нікчэмны няўдачнік, які не мае права выказвацца на такую важную тэму. Сястра Фрэдавай жонкі — не тая, што з ружамі, а іншая, поўненькая, з карункавай шамізэткай, — на гэтых словах пачырванела.
— Працягвай, Фрэд, — запатрабавала пляменніца, пляскаючы ў далоні. — Ён такі смешны — заўсёды пачне і не дагаворыць!
Пляменнік Скруджа чарговы раз з асалодай разрагатаўся. Засцерагчыся ад гэтай інфекцыі было проста немагчыма, а таму ўсе адразу ж далучыліся да Фрэда, хіба што поўненькая сястра яго жонкі беспаспяхова паспрабавала супраціўляцца заразе з дапамогай водарнага воцату.
— Я толькі хацеў сказаць, — прамовіў пляменнік Скруджа, — што яго кепскае да нас стаўленне і адмова павесяліцца не дазволілі яму прабавіць з намі некалькі цудоўных гадзінаў, якія б яму не зашкодзілі. Я ўпэўнены, што нашая кампанія прыемнейшая за тую, якую ён мае ў старой заплеснелай канторы, ці ў пыльнай кватэры, ці ва ўласных думках. Я збіраюся кожны год даваць яму шанец, хоча ён таго ці не, бо мне яго шкада. Ён можа хоць да самае смерці лаяцца на Каляды, але ён не адкруціцца і будзе думаць пра іх лепей, калі я, нягледзячы ні на што, год за годам буду радасна наведваць яго і пытацца: “Дзядзечка Скрудж, ну як маецеся?” Калі гэта натхніць яго пакінуць свайму беднаму клерку хаця б пяцьдзясят фунтаў — і на тым дзякуй. Мне здаецца, учора я яго трошкі разварушыў.
Пасля сцверджання, нібыта Скруджа можна разварушыць, пачуўся новы выбух смеху. Але надзвычай дабрадушнаму гаспадару не было асаблівай справы, з чаго смяюцца госці, абы яны смяяліся як найчасцей, таму ён падтрымаў іх весялосць і задаволена пусціў па коле бутэльку.
Папіўшы гарбаты, яны арганізавалі спевы. Сябрына гэтая ведала ў музыцы толк, а таму калі бралася спяваць хорам (і нават на некалькі галасоў), справа ішла на лад, асабліва ў Топера: яго бас гудзеў без натугі, на ілбе ніколі не набухалі вены, а твар зусім не чырванеў. Пляменніца Скруджа была някепскай арфісткай і сярод астатніх мелодыяў сыграла ў той вечар адну просценькую песеньку (вы навучыліся б насвістваць яе хвіліны за дзве, не больш) — яе спявала калісьці дзяўчынка, якая забірала Скруджа з пансіёна і пра якую яму нагадаў Дух Мінулых Калядаў. Першыя ж ноты песенькі абудзілі ўспамін пра ўсё паказанае Духам і яшчэ больш змякчылі сэрца старога скнары. Калі б ён мог у тыя часы слухаць яе часцей, думаў Скрудж, ён збярог бы дабрыню свайго сэрца і стварыў бы шчасце ўласнымі рукамі, не маючы патрэбы ўспамінаць пра рыдлёўку трунара, які пахаваў Джэйкаба Марлі.
Аднак вечар быў прысвечаны не адной толькі музыцы. Пасля музычных практыкаванняў пачалі гуляць у фанты, бо часам так прыемна зноў ператварыцца ў дзіця, і калі, як не на Каляды, у дзень нараджэння святога немаўляткі. Але пачакайце! Спярша гулялі ў жмуркі! Канечне ж, у жмуркі! І я ніколі не паверу, што Топер напраўду зажмурваў вочы, — хутчэй пара вачэй вырасце на яго ботах! З усёй адказнасцю заяўляю, што ён быў у змове з пляменнікам Скруджа, і Дух Цяперашніх Калядаў пра гэта ведаў. Спрыт, з якім ён кідаўся за поўненькай сястрой з карункавай шамізэткай, быў сапраўдным здзекам з легкавернасці чалавечае натуры. Спатыкаючыся аб усялякае каміннае начынне, раскідваючы крэслы, натыкаючыся на піяніна, заблытваючыся ў гардзінах, ён ішоў туды, куды ішла яна. Ён заўсёды ведаў, дзе знаходзіцца гэтая поўненькая прыгажуня, і не жадаў лавіць кагосьці іншага. А калі б вы наўмысна яму паддаліся (а некаторыя менавіта так і рабілі), ён бы прыкінуўся, што спрабуе вас схапіць, але паверыць яму — значыць кінуць цень на ўласную кемнасць, бо адразу ж пасля гэтага ён бачком скіроўваўся да сваёй абранніцы. Яна абуралася, што гэта не па правілах, і мела рацыю. Але калі ён урэшце яе схапіў, калі ўрэшце заціснуў яе, нягледзячы на ўсе гэтыя імклівыя перапырхванні з месца на месца і шамаценне ядвабнай спаднічкай, у кут, адкуль не было ратавання, паводзіны яго зусім сапсаваліся. Ён самым жахлівым і самым пачварным чынам прыкідваўся, што не пазнае яе, што мусіць дакрануцца да яе капялюшыка, а потым намацаць на пальцы пярсцёнак, а на шыі — ланцужок, каб упэўніцца, што гэта менавіта яна. Не сумняюся, яна выказала яму усё, што пра яго думае, калі яны схаваліся за гардзінай, пакуль хтосьці іншы бегаў з завязанымі вачыма.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу