Падрыхтаваўшыся гэткім чынам амаль да ўсяго, ён быў зусім не падрыхтаваны да таго, што не з’явіцца зусім нічога, а таму калі на вежы прабіла гадзіну, а госць так і не матэрыялізаваўся, па целе Скруджа тут жа пабеглі вельмі адчувальныя дрыжыкі. Пяць хвілін, дзесяць, чвэрць на другую — і нікога! Увесь гэты час ён ляжаў у ложку, вакол якога расцякалася чырванаватае ззянне, якое з боем гадзінніка заструменіла невядома адкуль, і гэтае святло палохала Скруджа больш, чым тузін любых відзежаў: ён не мог зразумець, скуль яно ўзялося і што значыць. Часам ён з жахам пачынаў думаць, што нейкім цікавым чынам адвольна самазагарэўся, але не меў нават палёгкі быць у гэтым упэўненым. Урэшце ён падумаў — як вы альбо я, безумоўна, падумалі б з самага пачатку, бо найлепшае выйсце са складанай сітуацыі заўсёды ведае менавіта той, хто ў ёй ніколі не быў, — урэшце, паўтаруся, ён падумаў, што выток і таямніца прывіднага ззяння схаваныя ў суседнім пакоі, адкуль яно, як выявілася пасля далейшых назіранняў, і струменіла. Думка гэтая так захапіла Скруджа, што ён бясшумна падняўся і рушыў да дзвярэй, слізгаючы дамашнімі пантофлямі.
Як толькі ён паклаў руку на клямку, невядомы голас паклікаў яго па імені і запрасіў увайсці. Скрудж падпарадкаваўся.
Гэта, без сумневаў, быў яго пакой, але ён зусім нечакана змяніўся. Сцены і столь былі ўбраныя жывой зелянінай — ну чысты гай! На кожнай галінцы паблісквалі зіхоткія ягадкі. Свежыя лісцікі вастралісту, амялы і плюшчу адбівалі святло, нібыта раскіданыя па ўсім пакоі маленькія люстэркі, а ў каміне раўло такое магутнае полымя, якога гэтая дагістарычная скамянеласць не памятала ўжо многія і многія зімы — ні за часамі Скруджа, ні за часамі Марлі. На падлозе грувасціліся ў нейкім падабенстве трона смажаныя індычкі, гускі, дзічына, куры, саланіна, вялізныя кавалкі мяса, малочныя парасяткі, даўжэзныя гірлянды сасісак, салодкія піражкі з начынкай, калядныя пудынгі, бачуркі з вустрыцамі, гарачыя каштаны, чырванашчокія яблыкі, сакавітыя апельсіны, пахкія грушы, неверагодных памераў святочная пірагі, а таксама кубкі з вогненным пуншам, духмяная пара якога вісела ў пакоі, бы туман. І на гэтым троне нязмушана сядзеў, радуючы вока, вясёлы Волат, які трымаў у руцэ яркую паходню, формай падобную да рога дастатку. Калі Скрудж зазірнуў у пакой, Волат падняў паходню вышэй, яшчэ вышэй, каб асвятліць усё навокал.
— Заходзь! — усклікнуў Дух. — Заходзь, чалавеча, і будзем знаёмыя.
Скрудж нясмела зайшоў і апусціў перад Духам галаву. Дзе падзеўся знаёмы нам раней упарты дзед? Вочы ў Духа былі ясныя і добрыя, але сустрэцца з імі позіркам Скрудж не хацеў.
— Я — Дух Сёлетніх Калядаў, — сказаў Волат. — Зірні ж на мяне!
Скрудж пачціва паслухаўся. Дух быў апрануты ў просты зялёны строй, падобны да мантыі, абшытай белым мехам. Убранне гэтае свабодна вісела на ім, агаляючы шырачэзныя грудзі, якія нібыта пагарджалі жаданнем абараніцца ці схавацца з дапамогай нейкіх хітрыкаў. Ступакі, бачныя з-пад шырокіх складак мантыі, былі босыя, а на галаве Духа не было ніякага ўбора, апроч вянку з вастралісту, на якім дзе-нідзе блішчэлі ледзяшы. Цёмна-каштанавыя пасмы Волата былі доўгія і свабодна падалі на плечы, гэтак жа свабодна глядзеў яго добры твар і іскрыстыя вочы, свабода была ў яго рухах, вясёлым голасе, нязмушаных манерах і ва ўсім яго радасным абліччы. Дух быў падперазаны пасам са старадаўнімі ножнамі, праедзенымі іржой і без мяча.
— Ты ніколі не бачыў кагосьці такога, як я! — усклікнуў Дух.
— Не бачыў, — пагадзіўся Скрудж.
— І ніколі не сустракаў іншых маіх родзічаў, то бок маіх старэйшых братоў (бо я ў сям’і наймалодшы), што нарадзіліся ў апошнія гады? — працягваў прывід.
— Думаю, не, — адказаў Скрудж. — Баюся, што не. А ў цябе шмат братоў, Дух?
— Больш за тысячу восемсот! — усклікнуў Дух.
— Ого, пракармі такую вялізную сямейку!.. — прамармытаў Скрудж.
Дух Сёлетніх Калядаў падняўся.
— Дух, — пакорліва сказаў Скрудж, — вядзі мяне куды хочаш. Мінулай ноччу я пайшоў пад прымусам і атрымаў урок, які добра засвоіў. Калі сёння ты хочаш нечаму мяне навучыць, хай гэта таксама прынясе мне карысць.
— Дакраніся да майго ўбрання!
Скрудж паслухаўся і тут жа ўчапіўся за мантыю.
Вастраліст, амяла, чырвоныя ягадкі, плюшч, індычкі, гускі, дзічына, куры, саланіна, мяса, парасяткі, сасіскі, вустрыцы, пірагі, пудынгі, яблыкі і пунш — усё адразу ж знікла. Зніклі таксама пакой, камін, чырванаватае святло і нават сама ноч — Скрудж з Духам апынуліся на гарадской вуліцы. Быў калядны ранак, і паўсюль чулася хоць і разкаватая, але вясёлая і зусім не агідная музыка: надвор’е стаяла суворае, і людзі чысцілі ад снегу ходнікі ля сваіх жытлаў і дахі сваіх дамоў, а шчаслівыя хлопчыкі проста шалелі ад таго, як снег падае на дарогу, падымаючы над ёй маленькую штучную завіруху.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу