Але вось пачуўся грукат у дзверы, і дзяўчына, са смехам папраўляючы сур’ёзна пацярпелую сукенку, тут жа трапіла ў імклівую і неўтаймоўную плынь дзяцей, якія кінуліся павітаць бацьку: ён разам з памочнікам, нагружаным каляднымі цацкамі і падарункамі, толькі што ўвайшоў у дом. На безабароннага кур’ера адразу ж пайшлі штурмам, шумным і адчайным. Аблога вялася з дапамогай крэслаў, якія выкарыстоўваліся замест лесвіц, каб залезці проста ў кішэню госця, пазбавіць яго ўсіх пакункаў, загорнутых у карычневую паперу, абняўшы за шыю, павіснуць на гальштуку, пабарабаніць па спіне і з самымі цёплымі пачуццямі пакалашмаціць па нагах. З якімі крыкамі здзіўлення і захаплення распакоўваўся кожны скрутак! З якім жахам абвяшчалася, што самы маленькі карапуз злоўлены на месцы злачынства — ён акурат запіхваў у рот цацачную патэльню, і многія былі гатовыя засведчыць, што перад гэтым ён зрабіў тое самае з цацачным індыком, прылепленым да драўлянай талеркі! З якой бязмежнай палёгкай высвятлялася, што трывога дарэмная! Якая радасць, якая ўдзячнасць, якое захапленне! Апісаць усё гэта проста немагчыма! Скажу толькі, што паступова ўсіх дзетак разам з іх радаснымі пачуццямі прыбралі з гасцёўні і перамясцілі паверхам вышэй, дзе яны леглі спаць і ўрэшце супакоіліся.
Цяпер, калі гаспадар разам з жонкай і дачкой, што пяшчотна да яго прытулілася, занялі свае месцы ля каміна, Скрудж больш уважліва прыгледзеўся да жыхароў дома і, глыбока ўздыхнуўшы, падумаў, што такое ж мілае і поўнае надзеі стварэнне магло б называць яго бацькам і прынесці вясну ў пакутлівую зіму яго жыцця.
— Бэл, — сказаў муж, з усмешкай паварочваючыся да жонкі, — сёння я бачыў аднаго твайго старога сябра.
— Якога сябра?
— А ты адгадай!
— Як я адгадаю? А-а-а-а, мабыць, ведаю! — выгукнула яна на адным дыханні, рассмяяўшыся ўслед за мужам. — Містэра Скруджа?
— Яго самога! Я праходзіў ля расчыненага акна яго канторы, а ён працаваў там пры свечках. Ледзь разгледзеў яго! Я чуў, што яго кампаньён ляжыць пры смерці, а таму ён сядзеў адзін. Зусім адзін на ўсёй зямлі.
— Дух! — надламаным голасам ускрыкнуў Скрудж. — Забяры мяне адсюль!
— Я казаў табе: усё гэта — толькі цені былога, — сказаў Дух. — Яны такія, якімі былі калісьці, я тут ні пры чым.
— Забяры мяне адсюль! — маліў Скрудж. — Гэтага я не вытрымаю!
Ён павярнуўся да Духа і, убачыўшы, што ў яго абліччы фантастычна з’ядналіся рысы ўсіх бачаных сёння твараў, паспрабаваў вызваліцца.
— Адпусці мяне! Забяры мяне назад! Хопіць мяне катаваць!
У гэтай барацьбе — калі толькі можна так яе назваць, бо выглядала на тое, што Дух не спрабуе супраціўляцца і не надта звяртае ўвагу на высілкі праціўніка, — Скрудж заўважыў, што святло на макаўцы прывіда разгараецца ярчэй і зырчэй. Цьмяна здагадваючыся пра сувязь паміж гэтым святлом і ўплывам Духа на самога Скруджа, ён схапіў каўпак-гасілку і рэзкім рухам насунуў яго прывіду на галаву.
Дух тут жа сціснуўся — каўпак схаваў яго цалкам. Але як Скрудж ні намагаўся, затушыць святло, што суцэльнай плынню струменіла з-пад гасілкі па зямлі, ён не мог.
Скрудж зразумеў, што страшна стаміўся і вось-вось засне, а праз імгненне — што ён зноў у сваёй спальні. Ён апошні раз націснуў на каўпак, пасля чаго рука яго аслабла, і ён, ледзь дабраўшыся да ложка, праваліўся ў трывожны сон.

Прачнуўшыся пасярод аднае пачварнае насавое рулады, Скрудж сеў на ложку, каб сабрацца з думкамі. Не варта было і казаць, што вось-вось праб’е гадзіна ночы. Ён зразумеў, што абудзіўся ад сну акурат каб спаткацца з другім вестуном, адпраўленым пры пасярэдніцтве Джэйкаба Марлі. Але зразумеўшы, што ад думак пра тое, з якога боку новы тагасветны госць расхіне полаг, яго прабірае трывожны халадок, Скрудж рассунуў яго сам і зноў лёг, пільна назіраючы за ўсім пакоем. Яму хацелася кінуць Духу выклік і ўбачыць яго ў самы момант яго з’яўлення і не хацелася, каб яго знянацку захапілі і напужалі.
Джэнтльмены без забабонаў, што хваляцца дасведчанасцю ў самых розных пытаннях і ідуць у нагу з часам, нярэдка выказваюць гатоўнасць да любых авантураў, гаворачы, нібыта здольныя на ўсё, ад гульні ў арлянку да забойства, але паміж гэтымі скрайнасцямі, трэба прызнаць, ляжыць нямала ўсяго астатняга. Нават не робячы за Скруджа такіх смелых заяваў, я не пабаюся вас запэўніць, што ён быў гатовы да дзівоснага з’яўлення духаў многіх гатункаў і памераў — ніякая істота, ад немаўляткі да насарога, не змагла б сур’ёзна яго ўразіць.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу