Але калі б іх было ў два, а хай бы і ў чатыры разы больш, стары Фезівіг усё адно не даў бы маху, ды і місіс Фезівіг не зломак. Яна ўвогуле была выключнай для яго парай ва ўсіх сэнсах слова, і калі гэта не самая высокая пахвала, скажыце мне, якая вышэйшая, і я тут жа ўнясу праўку ў тэкст. Лыткі Фезівіга проста-такі выпраменьвалі ззянне. Увесь танец яны зырчэлі, як два месяцы. Вы ніколі не змаглі б прадказаць, у якім месцы яны апынуцца ў наступны момант. І калі стары Фезівіг і яго жонка прайшліся па ўсіх фігурах танцу — наперад і назад, узяўшыся за рукі, паклоны і рэверансы, потым пакруціліся, прайшлі пад аркай рук і вярнуліся ўрэшце на сваё месца, — Фезівіг выкінуў такога спрытнага антраша, што ўсім падалося, нібыта ён падміргнуў нагамі. Але праз імгненне ён ужо непахісна стаяў на зямлі.
Калі прабіла адзінаццаць, дамашні баль скончыўся. Містэр і місіс Фезівіг занялі свае месцы па баках ад дзвярэй і на развітанне паціснулі руку кожнаму госцю ці госці, зычачы ім вясёлых Калядаў. А калі ўсе разышліся, гаспадары гэтак жа развіталіся з падмайстрамі. Радасныя галасы расталі дзесьці ўдалечыні, і хлопцы скіраваліся да сваіх ложкаў, што месціліся ў краме пад прылаўкам.
Цягам усяго балю Скрудж паводзіўся як вар’ят. Усім сэрцам і ўсёй душой ён весяліўся там, на балі, разам з юнаком, якім ён калісьці быў. Ён усё прыгадваў, з усім згаджаўся, усім захапляўся і адчуваў незвычайнае хваляванне. І толькі цяпер, калі шчаслівыя твары ранейшага Эбенэйзера і яго сябра Дзіка зніклі, ён успомніў пра Духа і злавіў на сабе яго пільны позірк, заўважыўшы, што святло на галаве здані разгарэлася нашмат ярчэй.
— Як мала трэба, каб гэтыя дурні адчулі ўдзячнасць, — сказаў Дух.
— Мала… — паўтарыў за ім Скрудж.
Дух прапанаваў яму прыслухацца да размовы двух падмайстраў, якія разліваліся ў пахвалах старому Фезівігу, і калі Скрудж так і зрабіў, сказаў:
— Ну што? Хіба не так? Ён патраціў усяго некалькі фунтаў гэтых вашых чалавечых грошай — не больш за тры-чатыры. Няўжо ён варты такіх пахвалаў?
— Усё не зусім так, — адказаў абураны заўвагай Скрудж, не заўважаючы, што яго вуснамі гаворыць ранейшы юнак Эбенэйзер, а не ён сам, — не зусім так, Дух. У яго сілах было зрабіць нас шчаслівымі ці няшчаснымі, а нашую працу — лёгкай ці невыноснай, асалодай ці катаргай. Хай ён рабіў гэта з дапамогай словаў ці позіркаў, чагосьці дробнага і незаўважнага, што немагчыма ні палічыць, ні змерыць, — што з таго? Падоранае ім шчасце каштуе не менш, чым купленае за вялікія грошы.
Тут ён адчуў на сабе позірк Духа і спыніўся.
— Што здарылася? — спытаў Дух.
— Нічога асаблівага, — адказаў Скрудж.
— І ўсё ж?.. — настойваў прывід.
— Ды ну, — адмахнуўся Скрудж. — Нічога такога. Проста я хацеў бы цяпер сказаць свайму клерку слоўца-другое… Вось і ўсё.
Тут юнак, якім ён калісьці быў, пагасіў лямпу, і Скрудж разам з Духам апынуліся на вольным паветры.
— Мой час мінае, — заўважыў Дух. — Хутчэй!
Апошняе слова не было адрасаванае ні Скруджу, ні яшчэ камусьці, каго ён мог раптам убачыць, і тым не менш вынік не прымусіў доўга чакаць. Скрудж зноў пабачыў сябе. Цяпер ён быў яшчэ старэйшы — у самым росквіце гадоў. Рысы яго твару пакуль не зрабіліся суворымі і жорсткімі, але клопаты і сквапнасць ужо наклалі адбітак на аблічча маладога чалавека. Штосьці прагнае, неўтаймоўнае і хцівае блішчэла ў яго вачах і выдавала жарсць, якая ўкаранілася ў душы, каб потым вырасці ў дрэва і ахінуць яе ценем.
Ён быў не адзін — побач сядзела прыўкрасная дзяўчына ў жалобным убранні. Слёзы на яе вачах іскрыліся ў святле, што струменіў Дух Мінулых Калядаў.
— Цяпер гэта няважна, — мякка казала дзяўчына, — табе — зусім не важна. Іншае боства заняло маё месца, і калі ў будучыні яно зможа суцешыць і падтрымаць цябе так, як хацела зрабіць гэта я, мне няма чаго маркоціцца.
— Якое боства заняло тваё месца? — здзівіўся малады Скрудж.
— Грошы.
— Вось яна, справядлівасць свету! — усклікнуў ён. — Свет нічога не асуджае так сувора, як нястачу, і нічога не кляне так апантана, як імкненне да багацця!
— Ты занадта баішся свету, — пяшчотна адказала яна. — Усе твае ранейшыя мары паглынула адна — мара як найлепей пазбегнуць яго крывадушных асуджэнняў. Ці не бачыла я, як самыя высакародныя твае памкненні гінулі адно за адным, пакуль цябе не апанавала ўсёабдымная жарсць — прага нажывы!
— Ну і што? — запярэчыў ён. — Ну і што, калі цяпер я стаў нашмат мудрэйшым? Мае пачуцці да цябе не змяніліся,
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу