— Што? Грамафон?
— Не грамафон. Харавыя спевы. У Альфонса слабасць да харавых спеваў. Не танцы, не класічная музыка, толькі хоры: мужчынскія, змешаныя хоры, на ўсіх пласцінках, якія вы бачыце, — толькі хоры. Вось гляньце, ён ідзе.
— Смачна? — спытаў Альфонс.
— Як у роднай маці, — адказаў я.
— А даме?
— Лепшых свіных скабак з роду не каштавала, — адважна заявіла дама.
Альфонс задаволена кіўнуў галавой.
— Зараз пастаўлю новую пласцінку. Вам на здзіўленне.
Ён падышоў да грамафона. Зашыпела іголка, потым магутна загучаў мужчынскі хор, які моцнымі галасамі спяваў «Маўчанне ў лесе». Гэта было надзвычай гучнае маўчанне.
З першых тактаў у шынку зрабілася ціха. Альфонс рабіўся небяспечным, калі хто непачціва паводзіў сябе. Ён стаяў за стойкай, абапёршыся на яе валасатымі рукамі. Яго твар мяняўся пад уздзеяннем музыкі. Ён задумаўся — так, як можа задумацца гарыла. Харавы спеў меў над ім незвычайную ўладу. Ён рабіўся пяшчотны, як маладзенькая лань. Ён мог улезці ў крывавую бойку, але як толькі харавы спеў кранаў яго слых, ён нібы зачараваны кідаў усё, прыслухоўваўся і быў гатовы памірыцца. Раней, калі ён быў больш запальчывы, пад рукой жонкі заўседы напагатове ляжалі яго любімыя пласцінкі. Калі рабілася небяспечна і ён з молатам у руках выходзіў з-за стойкі, яна хуценька апускала іголку, і Альфонс апускаў молат, слухаў і супакойваўся. З часам такой патрэбы не стала: жонка памерла, яе партрэт, падарунак Фердынанда Граў, якому ў знак удзячнасці заўсёды быў вольны столік, вісеў над стойкай, ды і Альфонс пастарэў і астыў.
Пласцінка закончылася. Альфонс падышоў да нас.
— Чароўна, — сказаў я.
— Асабліва першы тэнар, — дадала Патрыцыя Хольман.
— Правільна, — пацвердзіў Альфонс і ўпершыню ажывіўся. — Вы разбіраецеся! Першы тэнар — высокі клас!
Мы развіталіся з ім.
— Прывітанне Готфрыду, — сказаў ён. — Няхай заходзіць.
Мы стаялі на вуліцы. Ліхтары перад дамамі адкідвалі неспакойныя водбліскі і цені ўверх, у галлё старога дрэва. На галінках ужо быў лёгкі зялёны бляск, і дзякуючы мігатліваму невыразнаму святлу знізу дрэва здавалася больш магутным і высокім. Здавалася, што крона губляецца ў змроку, як вялізная рука з растапыранымі пальцамі, якая з надзвычайнай жалобай учапілася ў неба.
Патрыцыя Хольман зябка ўздыхнула.
— Вам холадна?
Яна ўзняла плечы і схавала рукі ў рукавы курткі.
— Толькі спачатку. Там было даволі цёпла.
— Вы занадта лёгка апрануліся, — сказаў я. — Вечарам холадна.
Яна адмоўна пахітала галавой.
— Я не люблю цяжкай вопраткі. Дый хочацца, каб нарэшце пацяплела. Не выношу халадоў. Асабліва ў горадзе.
— У «кадзілаку» цёпла, — сказаў я. — На ўсякі выпадак я ўзяў плед.
Я дапамог ёй сесці ў машыну і накрыў калені пледам. Яна падцягнула яго вышэй.
— Цудоўна! Вось так — выдатна! Холад наводзіць сум.
— Не толькі холад. — Я сеў за руль. — Пакатаемся крыху?
Яна кіўнула.
— Ахвотна.
— Куды?
— Проста паедзем паволі па вуліцах. Усё роўна куды.
— Добра.
Я завёў машыну, і мы паволі і без мэты паехалі па горадзе. Быў час пік. Мы несліся амаль бязгучна, так ціха працаваў матор. Здавалася, што машына — карабель, які нячутна імчыцца па стракатых каналах жыцця. Вуліцы праносіліся міма, светлыя парталы, агні, рады ліхтароў, салодкая, мяккая, вячэрняя мітусня быцця, мяккая ліхаманка асветленай ночы, а над усім, паміж краямі дахаў — жалезна-шэрае, вялікае неба, якое адкідвае сваё святло на горад.
Дзяўчына моўчкі сядзела побач са мной; святло і цені прабягалі з акна па яе твары. Я час ад часу пазіраў на яе. Яна зноў напомніла мне пра вечар, калі я ўбачыў яе ўпершыню. Яе твар пасур'ёзнеў, ён здаваўся больш адчужаным, чым раней, але вельмі прыгожым. Гэта быў твар, які паланіў мяне тады і не адпусціў. Мне здавалася, што ў ім было нешта ад таямнічасці цішыні, характэрнай для рэчаў, блізкіх да прыроды — дрэў, воблакаў, жывёлін, а часам — для жанчын.
Мы выехалі на ціхія прыгарадныя вуліцы. Вецер памацнеў. Здавалася, ён гнаў ноч перад сабой. На вялікай плошчы, вакол якой спалі маленькія домікі, акружаныя садамі, я спыніў машыну.
Патрыцыя Хольман страпянулася, быццам спала.
— Прыгожа, — сказала яна праз хвіліну. — Калі б у мяне была машына, я вось так ціха каталася б кожны вечар. У гэтым ёсць нешта казачнае — вось так бясшумна ехаць, дзе хочаш. Быццам і не спіш, але ў той самы час сніш штосьці. Мне здаецца, тады і людзі не патрэбны табе вечарам.
Я дастаў з кішэні пачак з цыгарэтамі.
Читать дальше