— Не, — сказаў ён, — наўрад.
Ён ведаў, што гаворыць няпраўду, бо быў упэўнены ў адваротным, і таму паспешна дадаў:
— Акрамя пенсіі ёсць жа яшчэ і падаходны падатак. Усе яны гавораць пра гэта — і кандуктар, што прыходзіць да Леа разам з фрау Гундаг, і іншыя. Але я табе яшчэ нешта скажу.
— Што?
— Жанчыны не так баяцца страціць пенсію, як мужчыну. Жанчыны гавораць: «Нічога, пераб’ёмся неяк, жывуць жа людзі і без пенсіі». А вось мужчыны і слухаць пра тое не хочуць. Леа выходзіць з сябе, калі мама пачынае з ім гаворку пра замужжа.
— А мая мама сама злуецца, калі дзядзька Альберт гаворыць ёй пра замужжа.
— Вось як?
Генрых насцярожыўся. Гэтыя словы зачапілі яго за жывое. Не, ён не хацеў, каб дзядзька Альберт ажаніўся з маці Марціна.
— Вось як, — паўтарыў ён, — ты гэта дакладна ведаеш?
— Сам чуў. Мая маці не хоча больш выходзіць замуж.
— Смешна, — сказаў Генрых, — вельмі нават смешна. Усе жанчыны, якіх я ведаю, толькі пра тое і думаюць.
— I твая мама таксама?
— А то як жа! Яна, бывае, гаворыць, што ёй сябе шкада. Дый гэта ж распусна — жыць так.
Марцін нехаця кіўнуў — гэта сапраўды было распусна. На імгненне яму нават захацелася, каб і яго маці была «распуснай» і каб усе пра гэта ведалі. Тады зрэшты хоць у гэтых адносінах ён быў бы роўняй Генрыху… і, каб суцешыць сябрука, ён адказаў:
— Можа, і мая мама распусная? Як ты думаеш?
Генрых ведаў, што гэта сапраўды так, але пацвярджаць таго не стаў. Словы Леа здаваліся яму надта ўжо ненадзейнай крыніцай. Таму ён адказаў няпэўна:
— Магчыма, толькі нешта не верыцца.
— Дрэнна, калі мы вось гэтак не ведаем нешта пэўна, — сказаў Марцін. — Бабуля, напрыклад, часта гаворыць маме, калі яна позна вяртаецца дадому: «Дзе гэты ты ўсё швэндаешся?» Гэта таксама распусна?
— Не, — сказаў Генрых.
Ён быў вельмі ўзрадаваны, што на гэты раз можа з упэўненасцю даць адмоўны адказ.
— Фрау Барусяк сваёй дачцэ тое ж гаворыць, калі тая прыходзіць з гулянкі, з кіно або са спартыўнай пляцоўкі. Не, швэндацца — гэта не распусна.
— Але чамусьці здаецца, што гэта так. Мама з бабуляй заўсёды доўга шэпчуцца пасля гэтага.
— Мабыць. Можа, гэта часам і распусна.
Марцін зноў узяў Вільму да сябе на калені. Яна засунула пальчык у рот і прыціснулася да ягоных грудзей.
— У сужыцельстве мая маці з мужчынамі ці не? У гэтым уся справа! Калі яна ў сужыцельстве, то яна распусная і парушае шостую запаведзь. Бо яна незамужняя.
Генрых ухіліўся ад непасрэднага адказу.
— Так, — сказаў ён, — калі мужчына і жанчына жывуць, не пажаніўшыся, гэта грэшна, распусна.
Пасля гэтых слоў Генрых адчуў палёгку. Палонка зрабілася шырэйшай, але вада пад лёдам аказалася не такая ўжо глыбокая. I ўсё ж дзіўна, што маці Марціна не хоча выходзіць замуж. Гэта пярэчыла ўсяму таму, што ён бачыў і ведаў: фрау Гундаг хацела выйсці замуж за сябра Леа, кандуктара; і маці час ад часу нясмела гаварыла Леа, што час ім ужо стаць мужам і жонкай. Генрых ведаў, што маці Берэндта часта плача, таму што дзядзька, які жыве ў іх, да гэтай пары не ажаніўся з ёй. А гаспадыня малочнай лаўкі нарадзіла дзіця, а мужа ў яе няма. Генрых чуў, як Леа аднойчы сказаў: «Не, Гуго на гэтую вуду не зловіш! Ён нізавошта з ёй не ажэніцца».
Каля берага лёд тонкі, але вада тут не надта глыбокая — баяцца асабліва няма чаго.
Людзі жывуць распусна і тут і там — і ў глыбіні і на паверхні. Тры светы ведаў Генрых Брылах. Першы свет — гэта школа: усё, чаму вучылі там, усё, што гаварыў святар на ўроку. I ўсё гэта пярэчыла таму, што ён бачыў у свеце Леа, у свеце, дзе ён жыў. Трэці свет — свет Марціна — быў зусім непадобны на першыя два. Гэта быў свет халадзільнікаў, свет, дзе жанчыны не імкнуцца выйсці замуж, а грошы не маюць ніякай ролі. Тры светы ведаў Генрых, але жыць ён хацеў толькі ў адным — у сваім. I таму ён рашуча сказаў, гледзячы на Марціна, які калыхаў засынаючую Вільму:
— Ведаеш, а слова, якое мама сказала кандытару, зусім і не такое страшнае.
На справе ён лічыў яго вельмі страшным , але яму раптам захацелася аднойчы і назаўсёды скончыць усе недагаворкі.
— Ты ж, мабыць, чытаў яго няраз, унізе, на сцяне каля лесвіцы.
Так, Марцін чытаў гэта слова і думаў, што, калі бачыш яго напісаным, яно яшчэ больш агіднае, чым тады, калі яго прамаўляюць. Але ён проста стараўся не заўважаць яго, як не заўважаў мяснікоў, якія цягнулі ў лаўку акрываўленыя цялячыя тушы, як не заўважаў кроў у мачы, якую совалі яму проста ў нос. Гэтак жа ён не стаў глядзець на Грэбхакэ і Вольтэрса, калі выпадкова набрыў на іх у кустах… Густа пачырванелыя твары, расшпіленыя штаны, гаркавы пах свежай зелені.
Читать дальше