— Я выйду тут, — загадала яна.
Ён спыніў машыну, не гледзячы на яе. Яна адчыніла дзверцы.
— Чамадан няхай занясуць у мой пакой.
Ён кіўнуў. Нэла паглядзела на яго збоку, марна чакаючы, што ў душы яе абудзіцца спагада да яго, гэтак жа марна, як толькі што чакала ўспышкі нянавісці.
Патэр Віліброрд ужо набліжаўся да яе з раскінутымі рукамі.
— Нэла! — усклікнуў ён. — Нарэшце! Выдатнае месца мы выбралі гэтым разам для семінара, праўда?
— Так, выдатнае, — адказала яна. — Што, паседжанне пачалося ўжо?
— Даўно ўжо. Шурбігель толькі што прачытаў бліскучы даклад. Усе з нецярплівасцю чакаюць Гезелера.
Гэта ягоны дэбют у нашым коле.
— Правядзіце мяне ў мой пакой, — сказала Нэла.
— Хадзем, я правяду вас, — прапанаваў патэр.
Яна бачыла, як Гезелер падымаўся па шырокай лесвіцы з партфелем і яе чамаданам у руках. Але калі яна з патэрам Вілібрордам падышла да дзвярэй, Гезелера ўжо не было, а чамадан яе стаяў каля каморкі швейцара.
Кандуктарскай фуражкі на вешалцы не было. У прыхожай пахла булёнам і падгарэлым маргарынам. Генрых заўсёды смажыў бульбу на маргарыне. На верхнім паверсе фрау Барусяк спявала «Зялёны грудочак на роднай магілцы». Голас у яе быў чысты, прыгожы, ён ліўся зверху, быццам ласкавы летні дождж. Марцін паглядзеў на вышчарбленую сцяну — невядомы пісаў на ёй тое самае слова не менш за трыццаць разоў. Свежая драпіна пад газавым лічыльнікам сведчыла пра тое, што зусім нядаўна тут зноў прайшло нямое адзінаборства. Унізе, у сталярнай майстэрні, глуха вуркатаў стругальны станок. Дамашні, мірны гром, ад якога заўсёды дрыжалі сцены. Часам гук рабіўся больш рэзкім. Станок амаль што трашчаў, калі абгабляваная дошка вылузвалася з ягонай пашчы. Як толькі сціхаў стругальны станок, пачынаў віскліва скуголіць такарны. Лямпа ў прыхожай безупынку хісталася. А зверху даносіўся прыгожы моцны голас, які ліўся быццам Божы дар. Акно ў двор было шырока расчынена. Унізе гаспадар майстэрні разам са сваім вучнем складваў дошкі ў штабель. Вучань, малады хлопец, ціхенька насвістваў, уторачы фрау Барусяк. Насупраць, у глыбіні двара, грувасціліся руіны дома, які згарэў падчас бамбёжкі. Тырчала толькі пярэдняя сцяна, з зеўрамі праёмаў акон, і праз крайняе з іх, правае, быў бачны самалёт, які пралятаў. За ім цягнуўся даўжэзны транспарант. Вось самалёт знік за прасценкам між вокнамі, але неўзабаве зноў паказаўся ўжо ў праёме другога акна. Маленькі і шэры, ён плыў у блакітным небе, цягнучы ад праёма да праёма свой доўгі шлейф, быццам страказа з неймаверна цяжкім хвастом. Затым ён паляцеў далей і, змяніўшынакірунак, марудна папоўз да званіцы; цяпер Марцін змог разабраць надпіс на транспаранце. Ён чытаў яго слова за словам, па меры таго, як самалёт, разварочваючыся, выцягваў з-за сцяны свой доўгі хвост. Ці гатовы ты да ўсяго?
Фрау Барусяк усё яшчэ спявала. Голас быў глыбокі, моцны. Калі фрау Барусяк спявала там наверсе, Марцін ясна бачыў яе, быццам яна стаяла вось тут, каля яго. Бялявая, зусім светлая, яна была надобная на маму, толькі крыху паўнейшая. Тое слова здавалася немагчымым у яе вуснах. Муж яе таксама загінуў на вайне — раней яе звалі фрау Горн. Зараз у яе быў другі муж, пан Барусяк, паштальён, які разносіў грашовыя пераводы. Яна па-сапраўднаму выйшла замуж, гэтак жа, як і маці Грэбхакэ выйшла замуж за пана Зобіка. Пан Барусяк быў такі ж добры, як і яна. Ён прыносіў часам грошы дзядзьку Альберту і маме. Дзеці ў фрау Барусяк былі ўжо вялікія. Старэйшага звалі Рольф Горн. Гэта ён развучваў літургію са служкамі. Марціну ўспомніўся надпіс на мармуровай дошцы, якая прыбіта да сцяны царквы: «Петэр Канізіус Горн. Забіты ў 1942 г.». На той жа дошцы, толькі вышэй, быў і другі надпіс: «Раймунд Бах. Забіты ў 1942 г.». Марцін счакаў, пакуль змоўк унізе стругальны станок, і прыслухаўся. Бывала, Лea адносіў сваю фуражку ў пакой. Але за дзвярыма не чутно ні гуку — значыцца, Лea яшчэ не прыйшоў. Марцін адышоўся ад акна і, крыху счакаўшы, піхнуў дзверы.
— Ой, гэта ты! — ускрыкнуў Генрых. — А дзядзька Альберт цябе паўсюль шукае!
Генрых сядзеў за сталом і нешта пісаў; перад ім ляжаў аркуш паперы, у руцэ ён сціскаў аловак, і выгляд у яго быў вельмі важны. Адарваўшыся ад сваёй работы, ён спытаў:
— Ты ўжо паспеў забегчы дадому?
Марцін не выносіў, калі Генрых напускаў на сябе важнасць, а рабіў ён гэта даволі часта, калі гаварыў яму: «Ну што ты ў гэтым разумееш?» I Марцін выдатна разумеў, што ён мае пры гэтым на ўвазе грошы. Скажам, у грашах ён сапраўды нічога не разумее, але ўсё ж ён не выносіў, калі Генрых так задаваўся. Твар ягоны набываў тады нейкі асаблівы грашовы выраз.
Читать дальше