Так і ёсць. Ён спыніў машыну на развілку дарог, адкуль можна было палюбавацца перасыхаючым Брэрам, барочнай царквой і «Блакітнай свіннёй». Пахлапечы гуляючы фотаапаратам, які боўтаўся ў яго на грудзях, ён прамовіў менавіта тыя словы, якіх яна чакала.
— Ну, хіба не чароўна тут!
— Так, вядома, — сказала яна, — а што, доўга яшчэ ехаць да замка?
— З паўгадзіны, — адказаў ён, — вы ведаеце Брэрніх?
— Так, я некалькі разоў была там.
— Як гэта мы з вамі там не сустрэліся? За апошні месяц я двойчы быў у Брэрніху.
— Я ўжо год там не была.
— Ах, вось як? Тады зразумела — я ж тут усяго два месяцы.
— А што вы рабілі да гэтага?
— Вучыўся. Прыйшлося перавучвацца наноў.
— Вы доўга служылі ў войску?
— Так, — адказаў ён, — чатыры гады. Пасля шэсць гадоў замежжа: я ж не меў грамадзянскай прафесіі. Толькі зараз я пачынаю жыць па-чалавечы.
— Жыць? — перапытала яна. — Вы ж, мабыць, гадоў дваццаць восем жывяце на свеце?
— Не, амаль што трыццаць два, — усміхнуўся ён. — Дзякую за камплімент.
— Гэта не камплімент, а звычайная цікаўнасць. Я так і ведала, што вы скажаце, колькі вам гадоў на самай справе. Вы ж не хацелі б выглядаць старэйшым, ці не так?
— Дзеля вас я з задавальненнем накінуў бы сабе гады са два.
— Навошта? — суха запытала яна, абыякава глянуўшы на «Блакітную свінню», якая грэла на сонцы свой наноў пабелены, свежапафарбаваны фасад.
— Тады я быў бы на чатыры гады старэйшым за вас.
— Якія складаныя кампліменты, — стомлена сказала яна. — Але вы памыляецеся, мне ўжо трыццаць сем.
Не, гэта не падобна на паядынак мацёрага бандыта з вопытным следчым. Нешта такое зведвае, мабыць, паліцэйскі чыноўнік, калі дапытвае дробнага зладзюжку.
— Калі і камплімент, то ненаўмысны, — сказаў ён, — вы сапраўды выглядаеце маладзей за свае гады.
— Ведаю.
— Дык што, можа, паедзем далей?
— Паедзем. Толькі, крый Божа, не спыняйцеся ні каля царквы, ні каля «Блакітнай свінні».
Ён з усмешкай глянуў на яе. Нэла змаўчала — дарога перад самым уездам у вёску рабіла крутую пятлю. Гезелер лёгка ўзяў паварот, і яны павольна паехалі па вуліцах мястэчка.
— Забаўная гэтая гісторыя пра «Блакітную свінню», хіба не так? — сказаў ён.
— Пацешная! — згадзілася яна.
Фільм працягваўся — тыповая рэклама бюро падарожжаў.
Лугі, каровы, чыста паголены трэццеразрадны акцёрчык у галоўнай ролі, рэжысуе загадчык аддзелам рэкламы ў бюро падарожжаў — сам быў акцёрам у маладыя гады. А яна? О, яна — кіназорка, якой добра заплацілі за ўдзел у здымках. Фільму патрэбна прыманка! Мірны вясковы пейзаж — як бясплатны дадатак. З кінакамерай — аператар-дылетант, на каротка-тэрміновых аматарскіх курсах яго лічылі здольным хлопцам. Ёй ніяк не ўдаецца абарваць надакучліва мільгаючыя кадры гэтага рэкламнага фільма і ўзнавіць у памяці іншыя кадры: ні фільм, напоўнены ўспамінамі, ні яго другую серыю — непражытае жыццё. Жыццё без баласту, дзеці, свая рэдакцыя, бутэлькі з пярэстымі этыкеткамі ў халадзільніку, Альберт — верны сябра дома. Глума і Больды не было ў гэтым фільме, затое з’явіліся прыгатаванцы 1950 і 1958 гадоў, незачатыя і ненароджаныя дзеці. Яна пакутліва спрабуе ўзнавіць у памяці воблік Рая і зноў распаліць сваю нянавісць. Але памяць падсоўвае толькі шэрыя кадры, цьмяныя, нерухомыя клішэ: італьянскія вёсачкі з рэкламных праспектаў, і на гэтым фоне Рай, быццам турыст, што збіўся з дарогі. Раптам рэчаіснасць урываецца ў мары: яна адчула на сваім плячы руку Гезелера і спакойна сказала: «Прыміце руку!» Ён прыняў руку, і яна марна чакала, што ў душы ўспыхне ранейшая нянавісць.
Успомні, успомні — Авесалом Біліг, растаптаны на цэментнай падлозе. Рай, які ніколі не вернецца, яго забілі, прынеслі ў ахвяру прынцыпу, аўтарытэту камандзіра. Але Рай не прыходзіць — памяць маўчыць. Былая нянавісць не вяртаецца, і толькі пазяханнем крывіць рот. Зноў легла на яе плячо рука Гезелера, зноў яна сказала гэтак жа спакойна: «Прыміце руку!» — і ён зноў прыняў руку. I гэта ён называў «жыць па-чалавечы»? Паціскаць жанчыну ў машыне, затым пацалаваць яе на лясной ускраіне… А з галля глядзіць на закаханую парачку пужлівая лань, глядзіць і быццам пасмейваецца. Лань, якая смяецца, — знаходка аператара!
— Кіньце! — сказала яна. — I не спрабуйце больш. Гэта нудна. Раскажыце лепш, на якіх франтах вы ваявалі?
— Не люблю ўспамінаць пра гэта. Спрабую забыць, і гэта мне ўдаецца. Што было, тое прайшло.
— Але на якіх франтах вы былі, гэта, спадзяюся, вы помніце?
Читать дальше