I зноў яна пачула рэха. Сцены капліцы не прапусцілі ілжывых слоў, адсеклі ў іх пачатковыя літары і выкінулі абезгалоўленыя вон.
У апусцелай алеі з’явіўся бялявы хлапчук на самакаце. Чырвоны самакат мільгацеў паміж дрэў. Запасы спаржы, відаць, скончыліся.
У дзверы пастукаліся, і Нэла, уздрыгнуўшы, машынальна сказала:
— Заходзьце!
Калі яна ўбачыла твар Бразгота, яна адразу зразумела, што зараз здарыцца. Смяротная туга налажыла пячатку на гэты твар, як некалі на твар Шэрбрудэра. Ён, як люстэрка, адбіваў яе ўсемагутную ўсмешку.
— Так, так, заходзьце, — паўтарыла яна.
— Бразгот, — прадставіўся той, што зайшоў,— я чакаў Альберта ў садзе.
Нэла ўспомніла, што недзе ўжо сустракала яго.
— Мы, здаецца, знаёмыя? — сказала яна.
— Так. Помніце прагулку за горадам летам?
Ён падышоў да яе.
— Ах, так, праўда, — сказала яна.
Ён падышоў да яе амаль ушчыльную. Смяротная туга на ягоным твары праступіла яшчэ больш выразна. Яе ўсмешка забіла яго напавал.
— Адно ваша слова, і я прыкончу Гезелера!
— Сапраўды?
— Заб’ю на месцы!
— Забіваць Гезелера, — сказала яна, — дальбог няварта.
Чаму гэтыя адчайныя людзі так кепска голяцца? Ягоная калючая шчэць падрапала ёй шыю. Ёй не хацелася расчароўваць яго, але яна не магла стрымаць слёз. Ён прыціснуў яе да сябе, пачаў цалаваць. Яны ўсё бліжэй пасоўваліся да ложка, і Нэла, спрабуючы за нешта ўтрымацца, закранула кнопку вентылятара. Мякка зашлёпалі гумавыя лопасці, якія заглушылі дзіўныя, глухія ўсхліпы Бразгота. У яе прамільгнула думка: «Як хлапчук з дзяўчом у закінутым гаражы, што спрабуюць пазбавіцца страху і смяротнай тугі, але ніколі не называюць гэта каханнем».
— Пакіньце мяне, прашу вас! — сказала яна.
— Мы сустрэнемся яшчэ? — запытаў ён рыдаючым голасам.
— Добра, добра, але толькі пасля, а зараз ідзіце. Яна заплюшчыла вочы, пачула гукі, якія аддаляліся, і навобмацак выключыла вентылятар. Але цішыня была невыноснай, і яна зноў уключыла яго. Пах Бразгота быццам прыляпіўся да яе шчакі: саланаваты пах поту, змешаны з вінным і табачным перагарам.
I бракаваную прадукцыю фабрык стандартных салдацкіх удоў можна, аказваецца, скарыстаць; ёй, напрыклад, суджана пазбавіць смяротнай тугі роспачнага няголенага валацугу.
Да дома пад’ехала машына. Яна пачула голас Марціна, і ніколі яшчэ ён не здаваўся ёй такім моцным і чужым. Яна чула, як Марцін з усіх ног кінуўся ў пакой Альберта. Пачуўся смех Больды, голас Бразгота і Альберта, І, нарэшце, яна яўна пачула, як Бразгот сказаў: «Нэла, фрау Бах, ужо дома». Яна не сумнявалася, што і без гэтых слоў, па выразу ягонага твару, Альберт гэта адразу зразумеў.
Пасля яны пачалі правяраць мячыкі для пінг-понга.
Яна чула за сцяной цоканне цэлулоідных мячыкаў, якія стукалі аб падлогу.
— А кашулі ж забыліся, — закрычаў Марці, падручнікі!
— Не хвалюйся, — сказаў Альберт, — я табе ўсё прывязу.
Зноў зацокалі, стукаючы па падлозе, мячыкі, затым у дзверы нясмела пастукаліся, і адразу пачуўся сярдзіты голас Альберта:.
— Не ідзі туды, я ж табе сказаў. Дай маці адпачыць. Яна пасля прыйдзе да нас.
— Праўда, прыйдзе?
— Так. Я ж сказаў табе?!
Нэла пачула, як перакочваюцца ў карабку цэлулоідныя мячыкі, стукаючыся адзін аб адзін. Гук гэты слабеў, аддаляўся, але і з саду ён яшчэ далятаў да яе. Пасля Бразгот сказаў Альберту:
— Значыцца, ты вырашыў нічога не прадпрымаць!
— Не, нічога, — адказаў Альберт.
Запрацаваў матор, шум яго аддаляўся, і запанавала цішыня. Нэла была ўдзячная Альберту за тое, што ён пайшоў, не заходзячы да яе, і не пусціў у яе пакой Марціна. На кухні забразгалі талеркі: Больда ўзялася за мыццё посуду і ціха, але страшэнна фальшывячы, спявала: «Ад пагібелі ўратаваў ён увесь род чалавечы».
Плёскат вады, бразгаценне посуду заглушалі голас Больды, але неўзабаве Нэла зноў пачула яе спеў.
«На яго аднаго спадзяёмся».
Зарыпелі дзверцы шафы, шчоўкнуў замок на кухні, і Больда, шоргаючы, павольна пайшла да сябе наверх.
I толькі цяпер у поўнай цішыні Нэла пачула крокі маці. Яна хадзіла туды-сюды, як зняволены ў камеры. А вентылятар, па-ранейшаму ціха гудзеў; Нэла зусім пра яго забылася. Яна выключыла яго, але адразу ж ёй падалося, што цішыня душыць яе, выціскае слёзы з вачэй. Нэла зарыдала.
Спаткання ў летнім кафэ не адбылося: пераязджаць вырашылі сёння ж.
У транспартнай канторы замовілі вялікі грузавік — і, як хутка высветлілася, зусім дарма. Пажыткі фрау Брылах, якая пераязджала да кандытара, не занялі і пятай часткі кузава. Пад чахламі і каляровай паперай яе мэбля ў пакоі мела «зусім прыстойны выгляд».
Читать дальше