Эх, калі б быў жывы бацька. Ён не даў бы яго пакрыўдзіць, узяў бы яго за руку, і яны разам пайшлі б на вуліцу, нават не зірнуўшы на гаспадыню малочнай лаўкі, на старога рассыльнага і на «свіней». Генрых так выразна ўявіў сабе бацьку, быццам добра яго помніў. Ён з цяжкасцю стрымліваў слёзы, якія душылі яго.
— Так, так, — пачуў ён голас пенсіянера, — «па пану і ялавічына»: правільна кажуць людзі. Як было раней, так і засталося!
Як ён ненавідзеў усіх іх! Генрых пагардліва ўсміхнуўся, але слёзы аказаліся мацнейшымі за яго нянавісць. Ён застыў каля акна, — не, нізавошта не пройдзе ён міма іх са слязамі на вачах! Яму здавалася, што старызна ў кузаве скурчваецца, робіцца ўсё больш бруднай і агіднай. Ярка свяціла сонца, вакол грузавіка сабраўся натоўп разявак, а Генрых усё стаяў каля акна і глядзеў уніз на скрыні з анучамі, на шэрыя дзверы з надпісам: Пакой 547. Фінансавы аддзел.
Дзякаваць Богу, хоць Вільма замаўчала. Але рабочый ўнізе свісталі і заўзята плявалі на маставую, стараючыся патрапіць у кінуты недакурак.
Генрыху здалося, што ён пракляты на векі вечныя і прыгавораны стаяць тут каля акна, сярод плачучых жанчын. За спінай у яго — баязлівы кандытар, унізе — агідныя шэрыя трыбухі жабрацтва, што вываліліся ў кузаў грузавіка. I, як ні цяжка яму было, ён усё ж стрымаў слёзы. Чакаць не было чаго, час спыніўся, ён пракляты, асуджаны — і няма яму паратунку. Унізе мармыталі брудныя свінні , за ягонай спінай сталяр нешта гаварыў кандытару, і па голасе старога можна было здагадацца, што ён хітае галавой. I раптам Генрых выразна пачуў слова: распусна.
Нарэшце-такі лёд пад ім праламіўся! Ну й няхай, так нават лепей!
Ён уздрыгнуў, калі пачуў знаёмы сігнал машыны Альберта. Ён глянуў уніз і не паверыў сваім вачам: у двор заехаў старэнькі «мерсэдэс». Генрых пазіраў на яго невідушчым позіркам, не верачы, што Альберт сапраўды прыехаў. Не, паратунку не было, ён пракляты, асуджаны на векі вечныя. Унізе — брудныя свінні , за спінай — маці з плямамі на твары…
Рабочыя на вуліцы загаманілі, вадзіцель залез у кабіну, і хутка пачулася выццё гудка. Вадзіцель, відаць, заклініў запалкай кнопку сігналу на рулі — грузавік гудзеў безупынку. Безупыннае выццё гудка — быццам труба Страшнага суда. А ўнізе хіхікалі брудныя свінні.
Альберт шпарка ўзбег па лесвіцы. Генрых пазнаў ягоныя крокі і адразу ж пачуў звонкі голас Марціна:
— Генрых, Генрых! Што ў вас здарылася?
Але Генрых не азірнуўся на вокліч і моцна сціснуў ручку Вільмы, якая хацела было кінуцца насустрач Марціну. Ён не крануўся нават тады, калі Альберт паклаў яму руку на плячо. Ён усё яшчэ не верыў, што яму не давядзецца аднаму спускацца па лесвіцы. Але цяпер ужо лягчэй было стрымаць слёзы. Затым Генрых шпарка павярнуўся, паглядзеў у вочы Альберту і адразу ж убачыў, што Альберт усё зразумеў. Адзін толькі Альберт мог зразумець усё без слоў. Ён перавёў выпрабавальны позірк на Марціна і пераканаўся, што той, наадварот, нічога не зразумеў.
Марцін убачыў іх жабрацтва, якое так раптоўна паўстала перад ім ва ўсёй сваёй непрыгляднай галечы. Убачыў — і нічога не зразумеў. Генрых быў здзіўлены і ўзрадаваны, але адразу ж падумаў, што здзіўляцца няма чаму, бо Марцін жа яшчэ дзіця, і гэта пра гэтакіх, як ён, было сказана ў пісанні: Будзьце як дзеці. Як добра, што Марцін нічога не зразумеў, а Альберт зразумеў усё!
Марцін толькі запытаў здзіўлена:
— Вы пераязджаеце?
— Але, — адказаў Генрых, — мы пераязджаем да кандытара. Сёння ўжо будзем начаваць там.
Цяпер Марцін зразумеў, і абодва яны ў гэты момант успомнілі тое слова, якое маці Генрыха сказала кандытару. У прыхожай сталяр, фрау Барусяк і кандытар размаўлялі з Альбертам. Марцін і Генрых адначасова паглядзелі ўверх, і ім зусім не падалося дзіўным, што мама Генрыха плача на грудзях у дзядзькі Альберта. Не здзівіліся яны і таму, што яна неўзабаве перастала плакаць, узяла Альберта за руку і пайшла разам з ім да лесвіцы.
— Ну, зараз пойдзем, — сказаў Генрых.
Марцін узяў ягоны ранец, а сам ён, падняўшы на рукі Вільму, павольна, з прыступкі на прыступку, пачаў спускацца ўніз і глядзеў на гаспадыню малочнай лаўкі, проста ў яе вялікія карыя насмешлівыя вочы; ён паспеў зірнуць нават на Брэзгенаў, якія выстраіліся каля сваіх дзвярэй. Чатыры свінні, круглыя, тлустыя морды! Яны нешта перажоўвалі, і іхнія сківіцы безупынку рухаліся. З-за пляча распуснай гаспадыні малочнай лаўкі выглядваў Гуго, яе сужыцель. Гуго таксама нешта жаваў і ў той момант, калі яны праходзілі міма, выцягнуў з рота хвост шпроціны. «Брудныя свінні», як па камандзе, апусцілі вочы, гаспадыня малочнай лаўкі вытрымала позірк Генрыха, а стары рассыльны раптам сказаў:
Читать дальше