Але на лесвіцы нічога не магло схавацца ад усёбачнага вока суседзяў, якія, ківаючы галовамі, назіралі за пагрузкай. Пераезд быў для іх поўнай нечаканасцю.
Рабочыя вынеслі скрыню з-пад маргарыну, якая была напханая цацкамі, на чарзе быў Генрыхаў ложак. Гэта, уласна, былі звычайныя дзверы з прыбітымі да іх драўлянымі брусамі. Падабенства з ложкам ім надаваў толькі матрац з марской травы ды рэшткі старой фіранкі, якія былі прыбітыя па краях. На машыну пагрузілі два крэслы і стары стол… Колькі разоў узлакочваліся на яго Карл, Герт, Леа! Шафу для адзення замяняла дошка з кручкамі, заціснутая між сцяной і буфетам і завешаная цыратай. Цырата ратавала адзежу ад пылу і вадзяных пырскаў. Больш-менш прыстойна выглядалі толькі дзве рэчы: сервант, фарбаваны пад чырвонае дрэва — яго купілі два гады назад, — і ложачак Вільмы, які падарыла ім фрау Барусяк: яна больш не чакала дзяцей. Прыёмнік застаўся наверсе ў Леа — дзверы ў яго былі зачынены на замок.
Восем гадоў пражылі яны ў гэтым пакоі, шмат разоў рамантавалі яго, бялілі столь і сцены. Але зараз, калі ён апусцеў, убоства яго кідалася ў вочы. Генрых жахнуўся: іхнія рэчы, такія звыклыя ў пакоі, на сваіх месцах, ператварыліся на вуліцы ў кучу хламу, які і перавозіць няварта было б. Кандытар стаяў тут жа і пакрыкваў на рабочых. Тыя ледзь стрымліваліся ад насмешлівых заўваг па прычыне ўсяго гэтага хламу.
— Асцярожней! Тут шкло! — усклікнуў кандытар, калі ўбачыў, як адзін з работнікаў неахайна падхапіў кардонную скрынку з посудам.
На твары кандытара адлюстроўвалася пакутлівая ўнутраная барацьба. Здавалася, ён сумняваўся, ці не надта вялікую цану даводзіцца яму плаціць. Двое дзяцей як снег на галаву, і ўся гэтая старызна каля дзвярэй ягонага дома — сораму не абярэшся.
Генрыху загадалі супакоіць Вільму, якая крычала, не закрываючы рота, з таго часу, як незнаёмы чалавек пацягнуў некуды скрынку з яе цацкамі. Левай рукой Генрых трымаў за руку Вільму, у правей у яго быў ранец, у які ён разам з падручнікамі, малітоўнікам і сшыткамі ўклаў і іншую сваю «маёмасць»: бацькаву брашуру «Што павінен памятаць аўтаслесар перад здачай экзамена на падмайстра», фотаздымак бацькі і некалькі коміксаў: « Здань», «Тарзан», «Тыль Уленшпігель» і «Блондзі ». Там жа ляжаў і фотаздымак жанчыны, якая мела некалі сем пудоў вагі. Тоўстая жанчына каля вілы «Элізабэт», якая была названа так у яе гонар; грот з вулканічнага туфу, у акне — мужчына з люлькай у роце і ўдалечыні на заднім плане — вінаграднікі.
Беднасць праяўлялася ўсё больш яскрава, па меры таго як перасоўвалі мэблю і складвалі рэчы. Але не толькі гэта палохала Генрыха. Пакой апусцеў з уражальнай хуткасцю; гэта было не менш страшна. Не прайшло і сарака хвілін, як усё было скончана. На голых сценах выдзяляліся толькі мясціны, дзе шпалеры не выгаралі і добра захаваліся; цёмна-жоўтыя прастакутнікі, аблямаваныя шэрым пластам пылу, засталіся на сцяне там, дзе віселі фотаздымак бацькі і рэпрадукцыя «Тайнай вячэры», і насупраць — там, дзе стаяў буфет і была прыбітая дошка з кручкамі. Маці павымятала смецце з кутоў: асколкі шкла, зліплы ў шматкі пыл, абрыўкі паперы, нейкае загадкавае чорнае рэчыва, што набілася ва ўсе шчыліны ў падлозе. Кандытар апасліва правёў пальцам па шпалерах, быццам прыкідваючы, колькі часу не сціралі пылу, які аблямоўваў цёмна-жоўтыя прастакутнікі на сцяне. Маці нечакана ўсхліпнула і шпурнула на падлогу савок. Спрабуючы супакоіць яе, кандытар злёгку прыабняў яе за плечы, асцярожна пагладзіў па галаве. Але ён нерашуча, як бы з цяжарам, рухаў рукамі, і выглядала гэта не надта пераканаўча. Маці падняла савок і зноў узялася за венік. Вільма крычала безупынку, усё парываючыся выбегчы з пакоя на пошук знесеных цацак.
— Адвядзі яе, прашу Богам, уніз, — сказаў кандытар, — і каляску вазьмі.
Заклапочаны, няўпэўнены выраз не сыходзіў з ягонага твару. Здавалася, раптоўнасць перасялення, у якой ён сам быў вінаваты, цяпер спужала яго. У палове пятай яна дазволіла яму пацалаваць яе руку каля локця, а ў палове сёмай — ужо пераязджала да яго.
Пара было рухацца, пагрузка закончылася: рэчы не занялі і пятай часткі кузава. Рабочыя сядзелі ўнізе на падножцы грузавіка, паглядвалі наверх і раз-пораз свісталі, падганяючы гаспадароў.
Генрых цьмяна помніў, як некалі даўно ім давялося пераязджаць з кватэры на кватэру. Прамільгнулі абрыўкі ўспамінаў: халадэча, дождж, дзіцячая каляска, заляпаныя граззю транспарцёры і грузавікі, маці рэжа бохан хлеба, які нехта як бы выпадкова скінуў ім з грузавіка, што праязджаў міма. Найбольш выразна ён помніў зялёную вайсковую біклажку — Герт забыўся яе пасля на нейкай будоўлі. Успомнілася, як напалохаў яго тады амерыканскі хлеб: ён быў белы, як папера.
Читать дальше