Тут забівалі людзей, тут некалі нацы білі і тапталі ботамі ягонага тату і дзядзьку Альберта. Марцін не зусім ясна ўяўляў сабе, хто такія былі гэтыя нацы. Ён ведаў толькі, што дзядзька Альберт гаворыць пра іх адно, а настаўнік у школе — іншае. У школе самым вялікім грэхам лічылі распусту , але яму самому мама Генрыха не здавалася такой жахлівай жанчынай. Жахлівым было толькі тое слова, якое яна прамовіла неяк. Альберт казаў, што няма нічога страшнейшага, чым нацы , а ў школе іх лічылі не такімі ўжо страшнымі. Па словах настаўніка, на свеце было нешта і страшнейшае, не такія ўжо і страшныя нацы, казаў ён, як страшныя рускія.
Дзяўчына з саломінкай у роце прапусціла іх наперад, а з дашчанай кабінкі каля сцяны насустрач ім выйшаў мужчына ў шэрым рабочым халаце і Ў палатняным картузе. Ён курыў цыгарэту, і здавалася, што ягоны круглы дабрадушны твар дыміцца. Шэрыя клубы табачнага дыму раставалі ў паўзмроку.
— Вы прывезлі гной? — зачасціў ён. Вось цудоўна! Гной зусім прапаў — нідзе не дастанеш.
— Не, — сказаў Альберт, — я проста зайшоў сюды на хвілінку з хлопчыкам. У крэпасці некалі быў канцлагер, і мы сядзелі тут разам з яго нябожчыкам бацькам, а аднаго нашага агульнага сябра нацысты замучылі тут да смерці.
Чалавек у халаце адхіснуўся, цыгарэта тарганулася ў яго зубах. Ён глыбей насунуў на лоб картуз і ціха ўсклікнуў:
— Mon Dieu!
Альберт зазірнуў у галерэі справа і злева. Вільготныя змрочныя сцены з чорнымі праваламі дзвярэй, і паўсюды грады, грады — злавесныя пюпітры з пачварнымі белымі кнопкамі наверсе. Ад град паднімалася лёгкая пара. Марціну здалося, што ад кнопак і рычажкоў у зямлю ідуць нябачныя правады. А там, глыбока пад зямлёй, стаілася смерць і чакае, пакуль хто не націсне на адну з кнопак.
На цвічку, забітым у сцяну, вісела некалькі шэрых халатаў, каля сцяны дзяўчына з запэцканымі рукамі перабірала грыбы, кідала іх у вялікі кош, што стаяў каля яе ног, а праз зашклёныя дзверы кабіны Марцін убачыў нейкую жанчыну, што выпісвала за сталом разлікі. Валасы ў яе былі накручаныя на бігудзі. Жанчына старанна выводзіла самапіскай словы і лічбы на вузкіх палосах паперы. На даху нейкі хлопчык забарабаніў палкай па шкле парнікоў. З цемры калідора, як з пячоры, адазвалася гулкае рэха. Наверсе пранізліва закрычала адна з матуль:
— Асцярожней! Чуеш: асцярожней!
— Яго ўтапталі ў зямлю тут, у адным з гэтых калідораў,— сказаў Альберт, — трупа так і не знайшлі.
Ён раптам павярнуў у адну з бакавых галерэй і пацягнуў за сабой Марціна. Хутка ён спыніўся каля ўвахода ў цёмную нішу. Пюпітры з агіднымі кнопкамі, што тырчалі ўверх, стаялі там амаль ушчыльную адзін да аднаго.
— Запамятай, — сказаў Альберт, — тут білі твайго бацьку, тапталі яго ботамі, і мяне тут білі: запомні гэта назаўсёды!
— Mon Dieu! — сказаў чалавек у шэрым халаце.
— Чаго ты носішся як апантаныі — зноў закрычала матуля наверсе.
Альберт падаў руку чалавеку ў шэрым халаце.
— Выбачайце за турботы, — сказаў ён і павёў Марціна да выхада. Каля адчыненых варотаў стаяла малалітражка з прычэпам — прыехаў пастаўшчык гною, якога тут, мяркуючы па ўсім, чакалі з нецярплівасцю. Гаспадар з радаснай усмешкай кінуўся да яго. Мітусліва і перашкаджаючы адзін аднаму, яны адчапілі цяляжку, якая была даверху напоўнена свежым дымячым гноем, і пакацілі яе да варот.
— Нялёгка ён мне даўся, — сказаў той, што прыехаў.
— Слухай, нам трэба быць пільнымі, нехта яўна хоча падставіть нам ножку ў школе верхавой язды.
Піхаючы перад сабой прычэп, яны зніклі ў смярдзючым паўзмроку. Адтуль яшчэ доўга даносіліся асобныя словы «Быць пільнымі», «канкурэнты», «школа верхавой язды»… Затым з форта выйшла дзяўчына а саломінкай у роце і зачыніла вароты.
Марціну вельмі хацелася збегаць на дах, да клумбаў і да фантана, паглядзець на Рэйн. Няблага было б спусціцца і ў роў; там на зямлі валяюцца кавалкі бетону, а наверсе каля самага краю растуць старыя таполі.
Але Альберт цягнуў яго за сабой наверх, міма варот па асфальтаванай дарожцы. Каля машыны на насыпе сядзела Больда і махала ім рукой.
— Чаго ты носішся як апантаны! — зноў закрычала наверсе адна матуля.
— Асцярожней! Глядзі, куды ідзеші — падхапіла другая.
— Не падыходзь блізка да краю!
Яны моўчкі селі ў машыну. Цяпер ззаду села Больда. Ад яе ўсё яшчэ пахла чыста вымытай падлогай. Змяшаны пах вады, шчолаку і нашатыру. Яна заўсёды падлівала ў вядро нашатыр.
Читать дальше