Слізкія, абымшэлыя прыступкі вялі да вады. Удалечыні, над вяршалінамі дрэў, за тэрасай кафэ цямнеўся дах Брэрніхскага заліва. Над ягоным грэбнем Нэла ўбачыла на блакітным фоне неба сцяг хрысціянскага саюза дзеячаў культуры: залаты меч, чырвоная кніга і сіні крыж на белым. Сцяг злёгку калыхаўся на ветры.
Нэла зняла туфлі, адкінула іх на газон і павольна спусцілася па прыступках. Яна ўвайшла ў ваду, нахілілася і, чэрпаючы ваду прыгаршчамі, пачала ліць яе на сябе. Гэта супакоіла яе. Вада была не такая ўжо і халодная. Яна зайшла глыбей, спачатку па калені, затым па пояс. Купальнік намок, ацяжэў, па скуры цякла прахалода. Яна нахілілася наперад, акунулася і наплыла, нетаропка выносячы рукі і моцна заграбаючы. Яна ціха смяялася ад асалоды — было так прыемна рассякаць зялёную гладзь вады.
Наглядчык па-ранейшаму стаяў на пляцоўцы, захінуўся далонню ад сонца і назіраў за ёй. Яна даплыла да процілеглай сцяны, затым павярнула назад і памахала яму рукой. Дзяўчо на лужку зрабіла яшчэ крок да басейна, але квяцістая туша адразу ж загаласіла:
— Не падыходзь так блізка да вады!
Дзіця паслухмяна спынілася і пераступала з нагі на нагу.
Нэла перавярнулася на спіну і наплыла яшчэ павольней. Яна зусім сагрэлася. Ад чужога купальніка злёгку патыхала глеем. Недзе высока ў небе гудзеў нябачны самалёт, толькі шырокі дымны след цягнуўся за ім па небе. Дым, спачатку густы і шчыльны, паступова расслойваўся, валакністыя аблачынкі раставалі, знікалі. Самалёт так і не паказаўся. Нэла спрабавала ўявіць сабе лётчыка ў кабіне. Скураны шлем, акуляры, пахмурна-засяроджаны выраз на хударлявым твары. Яна ўявіла на ягоным месцы сябе за штурвалам самалёта… Недзе там унізе блішчыць возера, малюсенькае, велічынёй з галоўку шпількі або крыху большае — з манету, і ўжо ва ўсялякім выпадку не большае за цыферблат наручнага гадзінніка. Светла-зялёная рабізна вады сярод цёмных плямаў лесу. А можа, возера адтуль і зусім не бачна. Самалёт марудна, быццам з апошняе сілы цягне за сабой цяжкі шлейф. Дымнае воблака жаўцее, распаўзаецца. З апошняе сілы паўзе самалёт па бяскрайняй блакітнай пустыні. Гудзенне сціхла — цяпер ён ужо далёка, там за лесам, на даляглядзе. След яго амаль растаў, а над дахам замка, дзе ён пачынаўся, зніклі нават апошнія дымкі. А сцяг па-ранейшаму выразна выяўляецца на яркім блакітным небе і злёгку калышацца на ветры. Залаты меч, чырвоная кніга і сіні крыж на белым полі старанна прадуманае сімвалічнае спалучэнне.
Удзельнікі семінара сядзяць, мабыць, за вячэрняй кавай. Яны ўражаны дакладам Гезелера і, відаць, прыйшлі да заключэння:
— Яшчэ не ўсё страчана!
Нэла зноў павольна праплывае на спіне да процілеглай сцяны басейна. Струменьчыкі вады з шапачкі бягуць па твары, яна адчувае на вуснах гаркавы смак балоцістай вады і міжволі зноў ціха смяецца. Купанне цудоўна асвяжыла яе.
З лесу выехаў паштовы аўтобус. Здаўлена пратрубіў механічны ражок, які ахрып на бясконцых паваротах лясных дарог. Усміхаючыся, Нэла падплыла да берага, вылезла з вады і зноў паглядзела на неба: дымны след самалёта над лесам крута ішоў да зямлі і губляўся за вяршынямі дрэў. Яна павярнулася і прайшла паўз веранду ў сваю кабіну. Служыцель пахвальна ўсміхнуўся. Ад драўлянага насцілу ў кабіне ішоў цяжкі пах гнілля і сырасці — пах мінуўшага лета. Брусы пакрыліся белай плесняй, а на падлозе белы колер пераходзіў у брудна-зялёны. Жоўтая фарба на фанерных сценах парэпалася, аблупілася. Толькі ў адным месцы яна блішчала, як новая: яркая пляма, невялікая, памерам са сподак. Упоперак яе ішоў надпіс алоўкам: «Калі ты любіш жанчыну, то шчаслівая толькі яна, — сам жа ты нешчаслівы».
Энергічны почырк. Уладальнік яго, як бачна, не дурань, цвёрды душою, але часам бывае і пяшчотным. Такім почыркам прастаўляюць звычайна адзнакі: «Добра», «Нездавальняюча» або «Вельмі пасрэдна» на школьных сачыненнях пра Вільгельма Тэля.
— Не падыходзь так блізка да вады! Колькі разоў табе гаварыць? — надрывалася мамуля. Голас быў пранізлівы, не змазаны крэмам. Нэла разлічылася са служыцелем, надзяліла яго ўсмешкай, і ён, ухмыляючыся, узяў у яе з рук мокры купальнік, ручнік і шапачку.
На дарозе зноў затрубіў паштовы ражок, фальшыва і бадзёра. Нэла здалёк памахала рукой вадзіцелю і бягом прыпусціла да аўтобуса.
Вадзіцель цярпліва чакаў, адкрыўшы скураную сумку з білетамі.
— Да Бруна, — сказала яна.
— У цэнтр?
— Не, да Рынгштрасэ.
— Дзве трыццаць, — сказаў вадзіцель.
Читать дальше