Яна малявала на іх хаткі з дымячымі камінамі, вокны з акяніцамі, садок, абнесены плотам.
— Цудоўна! — усклікнуў кандытар, і вочы яго зноў заблішчалі.
Новы малюнак — карункавыя фіранкі, антэна на даху, на тэлеграфным дроце сядзяць вераб’і, а наверсе ў аблоках — самалёт.
— Ды ты проста мастачка!
За пакой ён з яе дорага не возьме. А можа, і зусім нічога. У калідоры — маленькая каморка, заваленая ўсялякай непатрэбшчынай: пачкі з-пад пячэння, бутафорыя, рэкламныя лялькі з пап’е-машэ: блакітны кухаронак з сухарыкам на падносе і серабрысты кот, што ліжа какаву. На падлозе параскіданыя парваныя мяхі, бляшанкі з-пад карамелі. Можа, ён дазволіць прыбраць усё гэта і пасяліць там хлопчыка? Яна вымые малюпасенькае акенца, павесіць прыгожую фіранку, адтуль таксама бачны Рэйн і парк на набярэжнай.
Кандытар зноў замармытаў, усхліпваючы і не адрываючы вуснаў ад яе рукі. Адно толькі кепска — ён хоча дзяцей, нудзіцца без іх, а з яе і сваіх хапае. Бо ён нябось развядзе цэлы дзіцячы садок у кветніку на даху. Якія ўжо ад яго дзеці: чахлыя заморкі. Але рукі ў іх, як у яго, будуць вялікія, белыя, з доўгімі тонкімі пальцамі. Гады праз тры яна ўладкуе Генрыха вучнем у пякарню. Вільма ўявіла сабе, як сын прыходзіць з «працы», стомлены, увесь у муцэ. А раніцай з вялікім кошам ён паедзе развозіць хлеб пакупнікам… Вось ён злазіць з веласіпеда, прысланяе да дзвярэй вілы папяровы пакет са свежымі падрумяненымі булачкамі або кладзе іх на лік у зрэбны мяшэчак, што вісіць на сцяне…
Кандытар узяў пясочны корж, паклаў яго перад сабой на чысты ліст паперы і намазаў густым пластам заварнога крэма; затым зверху паклаў другі ромбік, які яна ўжо ўпрыгожыла шакаладнымі ўзорамі.
Ён падсунуў да святла гатовае пірожнае і ўсклікнуў:
— У цябе прападае сапраўдны талент!
…Яна паставіць сабе новыя зубы. Трынаццаць бялюткіх фарфоравых зубоў, якія не будуць хістацца.
— Я гаварыў з жонкай, — ціха сказаў кандытар. — Яна нічога не мае супраць таго, каб ты пасялілася ў нас наверсе.
— А дзеці як жа?
— Яна не вельмі любіць дзяцей, гэта праўда! Ну нічога, неяк прывыкне!
Амазонка ў рудой вельветавай куртцы. Халодная ўсмешка і нязменная песенька пра адважнага маленькага барабаншчыка, які ішоў наперадзе. Яна сапраўды не пярэчыла гэтаму — разлік яе быў зусім нескладаны: няхай жыве ў іх гэтая лялька, плаціць ёй многа не трэба, яна атрымлівае пенсію. Жыллём і харчаваннем хай карыстаецца бясплатна, і калі ёй пакласці яшчэ невялікае жалаванне, яна згодзіцца рабіць і ў пякарні, і на кухні.
А сама амазонка раз і назаўсёды пазбавіцца дамаганняў мужа. Ён ужо неаднойчы пагражаў ёй разводам: адмаўленне ад выканання шлюбных абавязкаў — для суда гэта цалкам дастаткова. Зрэшты, яна толькі пагардліва ўсміхалася ў адказ. Дом належаў ёй, яму — толькі пякарня, а кандытар ён цудоўны, пра развод няма чаго і думаць.
— Навошта гэтыя размовы. Хай застаецца ўсё па-ранейшаму. Я ж даю табе поўную свабоду.
Праўда, калі гэтая лялечка пераедзе да іх — манастырскія заказы адпадаюць. Хлеб і пірожныя да ўрачыстых трапез будзе пастаўляць іншы кандытар. Але невялікая страта: у гэтай лялечкі залатыя рукі. Яе шакаладныя малюнкі проста чароўныя. Прыплаты яна не патрабуе, працуе хутка, лёгка. Дзеці з-за гэтых пірожных проста пабіцца гатовы. Зразумела: тут табе і ласунак, і кніжкі з малюнкамі, і ўсё за адну цану.
— Цяпер у нас развязаныя рукі,— сказаў кандытар. Гэтым разам ён не дакрануўся да яе, але зялёныя агеньчыкі ў ягоных вачах загарэліся і без «кантакту».
…На даху можна загараць; цёмныя акуляры, шэз-лонг. А надвячоркам — на пляж. Добра! Быццам сон на яве. Заглыбленая ў мары, яна бяссільна апусціла руку з пэндзлем. Раптоўна патухла святло. У падвале зрабілася цёмна. Толькі над галавой, на зашклёных люках блішчалі два яркія сонечныя блікі, быццам круглыя празрыста-залатыя плафоны, прывінчаныя да столі. Унізе ўсё было ахінута шэрай імглой, усё расплывалася ў цьмяных ценях. Кандытар стаяў каля выключальніка, якраз пад сонечным промнем, што гуляў на шкле люка. Шэры брызентавы нагруднік, шэры твар з бліскучымі, як зялёныя светлякі, вачамі. Зялёныя светлякі павольна набліжаліся да яе, яны ўжо зусім блізка.
— Запалі святло! — сказала яна.
Ён падышоў да яе ўшчыльную. Яна бачыла цяпер яго азызлы, нясвежы твар і худыя моцныя ногі.
— Запалі святло, — паўтарыла яна, — па мяне сынок павінен сёння зайсці.
Ён не крануўся з месца.
— Я пераеду да цябе, — сказала яна, — але зараз запалі святло.
Читать дальше