Яна дала яму на дваццаць пфенігаў больш і сказала пры тым:
— Рэшты не трэба.
Вадзіцель зачыніў дзверы і націснуў на рулі кнопку сігналу. Зноў пратрубіў паштовы ражок, аўтобус крануўся.
— Усё гэта неабходна скончыць, — сказаў Альберт і зірнуў на Марціна, быццам чакаў ад яго адказу.
Марцін маўчаў. Яго палохала, што Альберт змяніўся з твару. З Альбертам нешта здарылася; яго немагчыма пазнаць, і Марцін не мог зразумець, ці толькі ён таму віною і ці толькі ягонага ўчынку тычацца апошнія словы Альберта.
— Неабходна скончыць, — паўтарыў Альберт. — Цяпер мы будзем жыць па-новаму.
Ён яўна чакаў адказу, і Марцін нясмела запытаў:
— Як гэта «па-новаму»?
Але ў гэты момант яны пад’ехалі да царквы. Альберт затармазіў, вылез з машыны і сказаў:
— Пасядзі тут, а я зайду па Больду.
Марцін ведаў, што Альберт проста шалее, калі ён дзесьці затрымліваецца, і думка пра тое, што з-за яго дзядзька Альберт чатыры гадзіны хваляваўся, шукаў яго па ўсім горадзе, зараз не давала яму спакою. Марцін здагадваўся, што дзядзька Альберт жыць без яго не можа, але ўсведамленне сваёй улады над ім не радавала, а, наадварот, прыгнятала яго. З дзецьмі, у якіх былі сапраўдныя бацькі, гэтага не здаралася. Бацькі не хваляваліся і не гублялі галавы, калі іхнія сыны своечасова не прыходзілі дадому. Яны без доўгіх размоў задавалі ім увечары добрага трапака, а то і без вячэры пакідалі. Пакаранне хоць і не строгае, але цалкам зразумелае. Аднак Марцін зусім не жадаў, каб Альберт задаў яму трапака. Ён чакаў ад яго нечага іншага, хоць і не мог выказаць гэтага словамі, не мог нават у думках дакладна ўявіць сабе, чаго ён хоча. Былі словы, значэння якіх Марцін добра не разумеў, але яны выклікалі ў яго зусім пэўныя думкі і ўяўленні. Думаючы пра распусту , Марцін заўсёды ўяўляў сабе вялізную залу, а ў ёй цэлы натоўп знаёмых яму жанчын. Тут былі і прыстойныя і распусныя. Яны быццам бы выстраіліся ў дзве шарэнгі. Першай сярод распусных стаяла маці Генрыха, а прыстойных пачынала фрау Барусяк; яна была для яго ўвасабленнем маральнасці. За ёй ішла фрау Поскэ, затым фрау Нігемаер. А яго мама была недзе пасярэдзіне, у яе ў гэтай зале не было вызначанага месца. Яна кідалася паміж маці Генрыха і фрау Барусяк, быццам персанаж з мультыплікацыйнага фільма.
Марцін утаропіўся на дзверы рызніцы, думаючы пра тое, ці падобны Альберт увогуле на бацьку. Ён вырашыў, што не падобны. Па-бацькоўску выглядаў стары настаўнік, сталяр і, магчыма, Глум. Але Альберт… У браты ён таксама не падыходзіў. Больш за ўсё яму падыходзіла быць «дзядзькам», але і ад звычайнага «дзядзькі» ён чымсьці адрозніваўся.
Было ўжо каля пяці. У Марціна ў галаве круцілася ад голаду. К шасці яны збіраліся паехаць у Бітэнхан. Марцін падумаў пра тое, што дзядзька Віль даўно ўжо дастаў вуды, выпрабаваў іх адну за другой, накапаў чарвякоў і зараз, мабыць, рамантуе сетку на лужку каля самаробных футбольных варотаў. Затым ён прывяжа сетку драцінай да калочкаў, якія ўбітыя ў зямлю, і, ззяючы ад задавальнення, пабяжыць у вёску збіраць каманду з тамтэйшых хлапцоў. Так што гуляць можна будзе пяць на пяць, як заўсёды.
У дзвярах рызніцы паказаліся Альберт з Больдай. Марцін пералез назад, а Больда села каля Альберта. Яна павярнулася, прыцягнула да сябе Марціна і пагладзіла яго па шчацэ, ускудлачыла яму валасы. Яе халодныя, вільготныя пальцы пахлі шчолакам і мылам. Ад бясконцага мыцця падлогі тонкія рукі Больды набрынялі, пачырванелі, на кончыках пальцаў з’явіліся бялёсыя ямачкі.
— Ну вось бачыш, — сказала Больда, — нікуды ён не падзеўся. Дарма ты хваляваўся. Лепш бы даў яму добрага лепяка — гэта яму вельмі карысна!
Яна рассмяялася, але Альберт зноў паўтарыў, хітаючы галавой:
— Па-новаму будзем жыць!
— Як «па-новаму»? — нясмела перапытаў Марцін.
— Ты пераедзеш у Бітэнхан, там скончыш пачатковую школу, а затым паступіш у Брэрніхскую гімназію. Я сам таксама буду жыць там.
Больда неспакойна затузалася на скураным сядзенні.
— Гэта яшчэ навошта? — сказала яна. — Мне нават падумаць страшна, што ў доме не будзе ні хлопчыка, ні цябе: тады ўжо бяры і мяне з сабой, я кароў умею даіць.
Альберт нічога не адказаў. Праехалі па алеі да скрыжавання, затым ён на малой хуткасці павярнуў на Гельдэрлінштрасэ. Марцін думаў, што ён спыніцца каля царквы, але яны паехалі далей па Навалісштрасэ да павароту на Рынгштрасэ. Альберт наддаў газу; прамільгнулі баракі гарадскога ўскрайку, пацягнуліся зжатыя палі. Удалечыні ўжо віднеўся гай. Альберт ехаў да старой крэпасці.
Читать дальше