Вы не жылі ў тропіках… Вы не ведаеце, якая гэта дзёрзкасць, калі тубылец хапаецца за веласіпед белага «пана» і яму, «пану», загадвае заставацца на месцы. Замест адказу я б’ю яго па твары… ён хістаецца, але ўсё-такі не выпускае веласіпеда… Яго вузкія вочы шырока расплюшчаны і поўныя страху… але ён трымаецца за руль, трымаецца па-д’ябальску моцна… «You remain here», — мармыча ён яшчэ раз. На шчасце, у мяне з сабою не было рэвальвера, а то я абавязкова застрэліў бы яго.
— Прэч, шэльма!
Ён глядзіць на мяне, увесь скурчыўся, але не выпускае з рук руля. Я зноў б’ю яго па галаве, ён, аднак, трымае руль. Тут мною авалодвае злосць… я бачу, што яе ўжо не відаць — можа, яна ўжо паехала… Я наношу яму сапраўдны баксёрскі ўдар пад падбароддзе, які збівае яго з ног. Цяпер веласіпед зноў мой… Ускокваю на сядло, але веласіпед не кранаецца з месца… у час барацьбы сагнулася спіца… Дрыготкімі рукамі я спрабую выраўняць яе… нічога не атрымліваецца… Тады я кідаю веласіпед на дарогу побач з нягоднікам, той устае ўвесь у крыві і адыходзіць убок… І тады — не, вы не можаце зразумець, якая гэта ганьба там, калі эўрапеец… але я ўжо не разумеў, што раблю… у мяне была толькі адна думка: за ёю, дагнаць яе… і я пабег, пабег як ашалелы па вясковай вуліцы, міма халуп, дзе тубыльцы здзіўлена тоўпіліся каля дзвярэй, каб паглядзець, як бяжыць белы чалавек, як бяжыць доктар.
Абліваючыся потам, прымчаўся я на станцыю… Маё першае пытанне было:
— Дзе аўтамабіль?..
— Толькі што паехаў… — Здзіўлена глядзелі на мяне людзі — я павінен быў здацца ім вар’ятам, калі прыбег увесь потны і брудны, яшчэ здалёку выкрыкваючы сваё пытанне… На дарозе за станцыяй я бачу клубы белага аўтамабільнага дыму… Ёй удалося ўцячы… удалося, як, відаць, удаюцца ўсе яе цвёрдыя, бязлітасна цвёрдыя намеры.
Але ўцёкі ёй не памаглі… У тропіках няма таямніц паміж эўрапейцамі… усе ведаюць адзін аднаго, кожная драбяза вырастае ў падзею… Недарма прастаяў яе шафёр цэлую гадзіну каля ўрадавага бунгала… праз некалькі хвілін я ўжо ведаю ўсё… Ведаю, хто яна… што жыве яна ў… ну, у галоўным горадзе правінцыі, за восем гадзін язды адсюль па чыгунцы… што яна… ну, скажам, жонка буйнога камерсанта, страшэнна багатая, з добрай сям’і, ангелька… Ведаю, што яе муж вось ужо пяць месяцаў як у Амерыцы і ў бліжэйшыя дні вяртаецца сюды, каб забраць яе ў Эўропу…
А яна — і гэтая думка, як атрута, пячэ мяне, — яна цяжарная не болей двух ці трох месяцаў…
— Пакуль што я яшчэ мог усё растлумачыць вам… можа, толькі таму, што да гэтага моманту сам яшчэ разумеў сябе… сам, як урач, ставіў дыягназ свайго стану. Але тут мною як бы авалодала ліхаманка… я страціў здольнасць валодаць сабою… хоць і ясна ўсведамляў, як недарэчна ўсё, што я раблю, але я ўжо не разумеў самога сябе… я, як апантаны, бег наперад, бачыў перад сабою толькі адну мэту… Зрэшты, пачакайце… я ўсё-такі паспрабую растлумачыць вам… Ведаеце вы, што такое амок?
— Амок?.. Штосьці прыпамінаю… Гэта від ап’янення ў малайцаў…
— Гэта больш чым ап’яненне… гэта шаленства, яно падобна на сабачае… гэта прыпадак бяссэнсавай крыважэрнай манаманіі, якую нельга параўнаць ні з якім другім відам алкагольнай атруты… Я сам быў сведкам некалькіх выпадкаў — калі справа ідзе пра іншых, мы заўсёды вельмі разумныя і дзелавітыя, — але мне так і не ўдалося высветліць прычыну гэтай жахлівай і загадкавай хваробы… Яна, відаць, неяк звязана з кліматам, з гэтай душнай, насычанай атмасферай, якая, як у навальніцу, гняце на нервовую сістэму, пакуль яна нарэшце не разбурыцца… Дык вось амок… так, амок — вось як яно адбываецца: які-небудзь малаец, чалавек просты і дабрадушны, сядзіць і цягне сваё пітво… сядзіць, атупелы, абыякавы, вялы… як я сядзеў у сваім пакоі… і раптам усхопліваецца з месца, хапае нож, кідаецца на вуліцу… і бяжыць наперад, толькі наперад… сам не ведаючы куды… Хто б яму ні трапіўся па дарозе, чалавек ці жывёліна, ён забівае яго сваім крысам, і выгляд крыві яшчэ болей узбуджае яго… Пена выступае ў яго на губах, ён вые, як дзікі звер… і бяжыць, бяжыць, бяжыць, не глядзіць ні направа, ні налева, бяжыць з немым крыкам, з акрываўленым нажом у руцэ, па сваім жахлівым шляху… Людзі ў вёсках ведаюць, што няма сілы, здольнай спыніць чалавека, якога гоніць амок… пры яго набліжэнні яны крычаць, папярэджваючы другіх: «Амок!». «Амок!», і ўсё ўцякае… а ён імчыцца, нічога не чуе, не бачыць, забівае сустрэчных… пакуль яго не прыстрэляць, як шалёнага сабаку, ці ён сам, з пенаю на губах, не ўпадзе на зямлю…
Читать дальше