Але… але… я ўжо гаварыў вам… мяне гнаў амок, я не глядзеў ні направа, ні налева. Я імгненна зразумеў яе — гэты позірк гаварыў: «Не прыцягвай увагі! Вазьмі сябе ў рукі!» Я ведаў, што яна… як бы гэта сказаць?.. што яна патрабуе ад мяне стрыманасці тут, у гэтай зале… я разумеў, што пайдзі я цяпер дадому, я мог бы заўтра з упэўненасцю разлічваць на тое, што яна прыме мяне… Яна хацела толькі пазбавіцца ад маёй дакучлівасці тут… я ведаў, што яна — а для гэтага я даваў ёй поўную падставу — баіцца якой-небудзь маёй дзіўнай выхадкі… Вы бачыце… я ведаў усё, я зразумеў гэты катэгарычны шэры позірк, але… але гэта было звыш маіх сіл, я мусіў гаварыць з ёю. Дык вось я паплёўся да купкі гасцей, сярод якіх яна стаяла і размаўляла, далучыўся да іх, хоць ведаў толькі нямногіх. Я падышоў зусім блізка, бо хацеў чуць, як яна гаворыць, але кожны раз сціскаўся, нібы пабіты сабака, пад яе позіркам, які зрэдку холадна слізгаў па мне, быццам я быў палатнянай парцьерай, да якой прыхінуўся, ці паветрам, якое лёгенька гэтую парцьеру калыхала. Але я стаяў і чакаў слова ад яе, якога-небудзь знака прымірэння, стаяў як слуп і не зводзіў з яе вачэй у агульнай размове. Безумоўна, на гэта ўжо звярнулі ўвагу, безумоўна, бо ніхто не сказаў мне ні слова; і яна, мусіць, пакутавала ад маіх недарэчных паводзін.
Як доўга я прастаяў бы, не ведаю… можа, цэлую вечнасць… я не мог вызваліцца ад чараў, якія скавалі маю волю. Мяне быццам паралізавала шалёная ўпартасць… Але яна не вытрымала… З уласціваю ёй чароўнаю прастатою яна раптам сказала, звяртаючыся да мужчын, якія стаялі навокал:
— Я крыху стамілася… хачу сёння раней легчы спаць… Добрай ночы!
І вось яна ўжо прайшла міма мяне, па-свецку холадна кіўнуўшы галавою… Я яшчэ паспеў заўважыць маршчыну на яе лбе, а потым бачыў ужо толькі спіну, белую, халодную, голую спіну. Прайшла нейкая хвіліна, перш чым я зразумеў, што яна пайшла… што я болей не ўбачу яе, не змагу гаварыць з ёю ў гэты вечар, у гэты апошні вечар, калі магчыма выратаванне… і гэтак я стаяў нейкі момант, знерухомеўшы на месцы, пакуль не ўсвядоміў гэтага… а потым… потым…
Але пачакайце… пачакайце… Гэтак вы не зразумееце ўсёй недарэчнасці, усяго глупства майго ўчынку… спачатку я павінен апісаць вам месца дзеяння… Гэта было ў вялікай зале ўрадавага будынка, у вялізнай зале, залітай святлом і амаль пустой… пары пайшлі танцаваць, мужчыны — гуляць у карты… толькі па кутках размаўлялі невялічкія купкі гасцей… Дык вось, зала была пустая, самы нязначны рух кідаўся ў вочы ў яркім святле… і яна павольнаю лёгкаю хадою ішла па прасторнай зале, узняўшы плечы, зрэдку адказваючы на паклоны… ішла з тым цудоўным высакамерным непарушным спакоем, які так захапляў мяне ў ёй… Я… я заставаўся на месцы, як я вам ужо казаў; я быў быццам паралізаваны, пакуль не зразумеў, што яна пайшла… а калі я гэта зразумеў, яна была ўжо ў другім канцы залы каля самага выхаду… Тут… о, дагэтуль мне сорамна ўспамінаць пра гэта… тут нешта раптам штурханула мяне, і я пабег… я не пайшоў, а пабег услед за ёю, і грук маіх абцасаў гучна адбіваўся ад сценаў залы… Я чуў свае крокі, бачыў здзіўленыя позіркі, звернутыя на мяне… я згараў ад сораму… я ўжо ў час бегу разумеў, што я вар’ят… але не мог… не мог спыніцца… Я дагнаў яе каля дзвярэй… Яна павярнулася… яе вочы шэраю сталлю ўпіліся ў мяне, ноздры задрыжалі ад гневу… Я толькі быў разявіў рот… як яна… раптам гучна засмяялася… звонкім, бесклапотным, шчырым смехам і сказала… гучна, каб усе чулі:
— Ах, доктар, толькі цяпер вы ўспомнілі пра рэцэпт для майго хлопчыка… ах, ужо мне гэтыя вучоныя…
Госці, якія стаялі паблізу, дабрадушна засмяяліся… я зразумеў, я быў моцна ўражаны, як па-майстэрску выратавала яна сітуацыю… Я хуценька вырваў з блакнота чысты лісток… яна спакойна ўзяла яго і… пайшла… падзякаваўшы халоднаю ўсмешкаю… У першы момант я абрадаваўся… я бачыў, што яна ўмела загладзіла мой недарэчны ўчынак, выратавала становішча… але я тут жа зразумеў, што для мяне ўсё страчана, што гэтая жанчына ненавідзіць мяне за маю шалёную гарачнасць… ненавідзіць мацней за смерць… зразумеў, што магу сотні разоў падыходзіць да яе дзвярэй, і яна будзе сотні разоў праганяць мяне, як сабаку.
Хістаючыся, ішоў я па зале… і адчуваў, што на мяне глядзяць людзі… у мяне быў, відаць, вельмі дзіўны выгляд… Я пайшоў у буфет, выпіў запар дзве, тры, чатыры чаркі каньяку… гэта выратавала мяне ад непрытомнасці… нервы болей не вытрымлівалі, яны быццам абарваліся… Потым я выбраўся цераз бакавы выхад, тайком, як злачынца… Ні за якія багацці на свеце не прайшоў бы я зноў па той зале; дзе сцены яшчэ хавалі водгук яе смеху… Я пайшоў… дакладна не ведаю, куды я пайшоў… у нейкія шынкі — і напіўся… напіўся, як чалавек, які хоча ўсё забыць… але… але мне не ўдалося адурманіць сябе… яе смех гучаў ува мне, рэзкі і злосны… гэты пракляты смех я ніяк не мог заглушыць… Потым я блукаў па беразе каля гавані… рэвальвер я пакінуў у гатэлі, а то абавязкова застрэліўся б. Я болей ні аб чым не думаў і з адною гэтаю думкаю пайшоў да сябе… з думкаю аб левай шуфлядцы камоды, дзе ляжаў мой рэвальвер… толькі з адною гэтаю думкаю.
Читать дальше