Томас Ман
Смерць у Венецыі (зборнік)
© Tomas Mann
© Папковіч У. А., пераклад на беларускую мову, 2018
© Выдавец А. М. Янушкевіч, 2018
© ТАА «Электронная кнігарня», 2019
Летапісец эпохі
Штрыхі да творчасці томаса мана
«Я свята веру, што мне дастаткова распавесці пра сябе, каб загаварыла эпоха, загаварыла чалавецтва, і без гэтай веры я б наогул адмовіўся пісаць» [1] Манн Т. По поводу "Королевского высочества" / Пер. с нем. И. Татариновой // Манн Т. Собр. соч.: В 10 т. М., 1959–1961. Т. 9. С. 35–36.
. Гэтыя словы былі прамоўлены вялікім нямецкім пісьменнікам, лаўрэатам Нобелеўскай прэміі (1929) Томасам Манам ( Thomas Mann , 1875–1955) у 1920 г., але яны месцяць у сабе сутнасць усёй яго творчасці. Аўтабіяграфічнае, перажытае, зведанае на ўласным вопыце займае выключна важнае месца ў яго прозе, яскрава ілюструючы ўвасобленую ў ёй нацыянальную і агульнаеўрапейскую духоўную гісторыю ХХ стагоддзя.
Як і многія іншыя мастакі слова, што ўвайшлі ў літаратуру на мяжы XI–XX стст., Т. Ман успрымаў свой час як канец бюргерскай эпохі ( Bürgzeit ), як перыяд разбурэння маральных асноў, распаду гуманістычных традыцый. «Раманам канца» назаве пісьменнік свой слынны твор «Доктар Фаўстус», але ж і яго «нобелеўскі» раман «Будэнброкі» – гэта таксама «гісторыя гібелі адной сям’і». Выключэннем з’яўляецца хіба раман «Чароўная гара», у суадпаведнасці з адкрытым фіналам якога біяграфія галоўнага героя выходзіць за межы сюжэта; сама атмасфера кнігі, аднак, гранічна насычана ўсё тымі ж хваробай, смерцю, тленам.
Першы раман Томаса Мана «Будэнброкі» ( Buddenbrooks. Verfall einer Familie ), з якога пачнецца слава нямецкага празаіка, выйшаў з друку ў 1901 г. Яго мастацкая структура традыцыйная, выкладанне гісторыі сям’і любекскіх купцоў у ім храналагічна паслядоўнае, сэнс твора празрысты – прынамсі, у параўнанні з наступнымі раманамі пісьменніка. Спачатку аўтар хацеў напісаць чарговую навелу, у якой збіраўся развіць толькі гісторыю апошняга прадстаўніка дынастыі ды хіба яшчэ яго бацькі Томаса Будэнброка. Аднак сюжэт запатрабаваў маштабаў раманных, эпічных.
Многія рэаліі запазычаны пісьменнікам непасрэдна з рэчаіснасці, уласных успамінаў аб дзяцінстве ў Любеку, лістоў і аповедаў сваякоў, сямейных паданняў і дакументаў (з кулінарнымі рэцэптамі ўключна). Між тым гэты твор – зусім не прыватны сямейны выпадак; пазней сам аўтар вызначыць «Будэнброкі» як «схаваны пад маскай сямейнай хронікі сацыяльна-крытычны раман» [2] Манн Т. Об одной главе из "Будденброков" / Пер. с нем. Ю. Афонькина // Там же. С. 195.
. На прыкладзе чатырох пакаленняў аднаго сямейнага клана Т. Ман паказаў скон нямецкага (і ўвогуле еўрапейскага) бюргерства, пры гэтым скразной лініяй рамана з’яўляецца гісторыя трэцяга пакалення Будэнброкаў – Томаса, Тоні, Хрысціяна і Клары. Час дзеяння – з 1835 г. да канца XIX ст. Мастак даследуе працэс памірання сям’і ў эканамічным, грамадскім і біялагічным аспектах, узаемазвязаных і ў пэўнай ступені ўзаемаабумоўленых.
Найбольш відавочны дзелавы, эканамічны крах сям’і. Стары Ёган Будэнброк, прадстаўнік самага старэйшага пакалення, яшчэ можа адчуваць задавальненне ад сваёй камерцыйнай дзейнасці: паміраючы, ён пакідае квітнеючую фірму і багацце, дзеля прымнажэння якога ўсё жыццё «працаваў не шкадуючы сіл». Пасля яго смерці значная частка капіталу была страчана, і не толькі па аб’ектыўных прычынах – у якасці пасагу і іншых выплат, але і з-за нежадання новага гаспадара, консула Будэнброка, весці смелыя, рызыкоўныя аперацыі. Яго сын Томас Будэнброк, які славіўся ў горадзе як «чалавек дзейны», спачатку сапраўды паспрыяў пэўнаму ўздыму фірмы, але ў хуткім часе справы пачынаюць рухацца гэткім «панурым тэмпам», што становяцца прадметам плётак. «Удачы і поспехі ў мінулым», «капеечныя абарачэнні» і «мізэрная эканомія» не могуць паправіць становішча. Фірма апынулася на ўзбочыне прадпрымальніцтва, а пасля смерці Томаса Будэнброка была ліквідавана.
Эканамічны заняпад суправаджаецца, аднак, ростам грамадскага аўтарытэту, праўда, аўтарытэту не ўсёй сям’і, а толькі старэйшага ў ёй – Томаса Будэнброка. У той час як яго брат Хрысціян, гэты «блудны сын», «вырадак, нарыў на целе сям’і», кампраметуе сваякоў, ды і Тоні, бясконца адданая традыцыям, пакідае сваімі шлюбамі «плямы» на рэпутацыі сям’і, сам Томас Будэнброк абіраецца гараджанамі ў сенат. Але і яго аўтарытэт з самага пачатку не абяцае быць трывалым і працяглым, бо грунтуецца на хісткім эканамічным падмурку.
Читать дальше