Менавіта ў рэчышчы «інтэлектуальнага рамана» стварае Т. Ман самыя значныя з наступных сваіх твораў, у тым ліку раман «Чароўная гара» ( Der Zauberberg , 1924). У 1912 г. пісьменнік наведаў высакагорны швейцарскі санаторый у Давосе для хворых на сухоты, дзе знаходзілася на лячэнні яго жонка. Падчас абследавання невялікі ачаг быў знойдзены і ў лёгкіх самога Т. Мана, аднак прапанову прайсці курс тэрапіі ён рашуча адхіліў (цяжкія наступствы хваробы – абсцэс лёгкіх і звязаная з гэтым аперацыя – дадуць аб сабе знаць у 1947 г.). Затое нарадзілася ідэя новага твора, у аснову якога якраз і пакладзена гісторыя тыповага («сярэдняга») маладога немца Ганса Кастарпа, які прыехаў у швейцарскі санаторый Берггоф дзеля сустрэчы з хворым на сухоты кузэнам усяго на тры тыдні, але з-за выяўленай і ў яго самога хваробы мусіў затрымацца тут на доўгія сем гадоў.
Герметычна замкнёны ў сабе «свет шыкоўнага лёгачнага санаторыя» з яго задушлівай атмасферай фізічнага і маральнага распаду, са смяротна хворымі насельнікамі – людзьмі розных нацыянальнасцяў, прафесій, палітычных перакананняў і філасофскіх поглядаў, адукаванымі, але бяздзейнымі і эгацэнтрычнымі, – гэта, па сутнасці, своеасаблівая мадэль духоўна хворай перадваеннай Еўропы, гатовай абрынуцца ў бездань нечуванай цывілізацыйнай катастрофы. «Тут, наверсе», дзе паўнакроўнае жыццё падменена, паводле Т. Мана, яго «сурагатам», Ганс Кастарп, «нічым не прыкметны малады чалавек» з купецкага роду, і праходзіць свае сапраўдныя «ўніверсітэты». Жывое ўвасабленне «адкрытай свядомасці», tabula rasa , ён становіцца спакуслівай прынадай для двух «выхавальнікаў», якія змагаюцца за яго розум і душу. Першы – красамоўны «адвакат працы і прагрэсу», дабра і справядлівасці, літаратар-гуманіст, італьянец Ладовіка Сэтэмбрыні, другі – «адвакат антырозуму», тэрарызму і дыктатуры, «сумнеўны містык», аўстрыйскі падданы Леа Нафта. Паміж іх пазіцыямі – кранальна-наіўнай і разбуральна-агрэсіўнай адпаведна – і павінен выбіраць Кастарп. Але Ганс у рэшце рэшт робіць выбар на карысць вяртання «туды, на раўніну», дзе ўжо распаліла «грознае вогнішча» Першая сусветная вайна: у фінале рамана мы бачым яго на фронце, у непралазным акопным брудзе, пад агнём снарадаў. «Усход або Захад? Гэта раўніна, гэта вайна» [9] Манн Т. Волшебная гора / Пер. с нем. В. Станевич, В. Куреллы. М., 2010.
.
Ад самага пачатку раман «Чароўная гара» і быў задуманы, паводле аўтара, як «гісторыя з педагагічна-палітычнай тэндэнцыяй, дзе малады чалавек мае справу з самай спакушальнай сілай – смерцю, і камічна-жахлівым чынам праходзіць праз духоўныя супярэчнасці рамантызму і гуманнасці, прагрэсу і рэакцыі, здароўя і хваробы, але хутчэй імкнучыся да пазнання, чым дзеля прыняцця рашэнняў» [10] Цит. по: Якушева Г. В. Томас Манн // Литературный процесс в Германии первой половины ХХ века (ключевые и знаковые фигуры) / Отв. ред. В. Д. Седельник, Т. В. Кудрявцева. М., 2015. С. 339–340.
. Відавочна, чытач мае справу з новым варыянтам грунтоўна распрацаванага на нямецкай літаратурнай глебе «рамана выхавання» ( Bildungsroman ). У складанай правобразнай структуры галоўнага героя распазнаюцца і рыцар Тангейзер, які вымушаны быў сем гадоў правесці ў чароўным гроце Венеры, і Сімпліцый Сімпліцысімус з раманнага цыкла Грымельсгаўзена, і бяскрыўдны прасцяк Вальтэра, і гётэўскі нястомны шукальнік Фаўст, і князь Мышкін Дастаеўскага, і многія іншыя знакамітыя персанажы нямецкай і сусветнай літаратуры. Але, па словах Т. Мана, Ганс Кастарп – гэта перадусім «маленькі Вільгельм Мейстэр», і сама гэтая згадка гётэўскага героя сведчыць аб свядомым аўтарскім суаднясенні «Чароўнай гары» менавіта з «раманам выхавання», які ў нямецкай мастацкай традыцыі ўзыходзіць да дылогіі Гётэ пра Вільгельма Мейстэра.
Якраз на душэўна-духоўным развіцці, выхаванні і сталенні свайго героя пісьменнік акцэнтуе ўвагу ва ўводзінах да «Чароўнай гары», падкрэсліваючы яго «актывізацыю», «прыпадыманне над першапачатковым узроўнем», над «смерцю і ўсімі цёмнымі, патаемнымі бакамі жыцця», якім ён не дае «духоўна ўзяць верх над сабою» [11] Манн Т. Введение к "Волшебной горе". Доклад для студентов Принстонского университета / Пер. с нем. Ю. Афонькина // МаннТ. Собр. соч. Т. 9. С. 167.
. Так, праз універсалізацыю задумы, праз сінтэзаванне «сродкаў рэалістычнага рамана» з нечуванай сімвалізацыяй і абагульненнем персанажы Т. Мана – пры ўсёй іх канкрэтыцы – экзістэнцыяльна паглыбляюцца, становяцца, паводле аўтара, «ганцамі і пасланцамі, прадстаўнікамі духоўных сфер, прынцыпаў і светаў» [12] Там же. С. 166.
, а твор у цэлым вырастае ў чарговы «дакумент эпохі», набывае выразныя якасці «інтэлектуальнага рамана», маштабы эпічнага аповеду.
Читать дальше