— Дазвольце прапанаваць вам гарбату? — пытаюся я. Яна, не паварочваючыся, працягвае разглядаць каранцы кніг.
— Не, дзякуй, доктар… нам трэба зараз жа ехаць далей… у мяне мала часу… гэта ж была проста прагулка… Ах, у вас ёсць і Флабер, ён мне так падабаецца… цудоўная, выдатная рэч яго «Education sentimentale» [48] «Выхаванне пачуццяў» (фр.)
… Я бачу, вы чытаеце і па-французску. Чаго толькі вы не ведаеце!.. Так, немцы… іх усяму вучаць у школе… Сапраўды, цудоўна — ведаць столькі моў!.. Віцэ-рэзідэнт марыць аб вас і ўвесь час паўтарае, што вы адзіны хірург, якому ён лёг бы пад нож… Наш стары доктар прыдатны толькі для гульні ў брыдж… Дарэчы, ведаеце (яна ўсё яшчэ гаворыць не паварочваючыся), сёння мне самой прыйшло ў галаву, што добра было б параіцца з вамі… а мы якраз праязджалі міма, і я падумала… Ну, вы сёння, мусіць, заняты… я лепей прыеду другім разам.
«Нарэшце ты раскрыла свае карты!» — адразу ж падумаў я. Але я і выгляду не падаў і запэўніў яе, што буду лічыць за гонар быць карысным ёй цяпер ці калі ёй захочацца.
— У мяне нічога сур’ёзнага, — сказала яна, напалову павярнуўшыся да мяне і ў той жа час перагортваючы кнігу, якую яна ўзяла з паліцы, — нічога сур’ёзнага, драбяза… жаноцкія справы… галавакружэнне, мленне. Сёння раніцаю, калі мы ехалі, на павароце мне раптам зрабілася дрэнна, я самлела, raide morte… бой вымушаны быў дапамагчы мне і прынесці вады… Ну, можа, шафёр занадта хутка ехаў… як вы думаеце, доктар?
— Вось так адразу цяжка вызначыць. Вы часта так млееце?
— Не… хоць, зрэшты, часта… апошнім часам, якраз самым апошнім часам… так… непрытомнасць і млосць.
Яна ўжо зноў павярнулася да кніжнай шафы, ставіць кніжку на месца, вымае другую і пачынае яе гартаць. Дзіўна, чаму гэта яна ўсё гартае… так нервова, чаму не падымае вачэй з-пад вуаля? Я наўмысна нічога не кажу. Мне хочацца прымусіць яе чакаць. Нарэшце яна зноў пачынае тонам бесклапотнай балбатні:
— Праўда, доктар, у гэтым няма нічога сур’ёзнага? Гэта ж не якая-небудзь небяспечная… трапічная хвароба?
— Я павінен спачатку пабачыць, ці няма ў вас гарачкі. Дазвольце ваш пульс…
Я накіроўваюся да яе, але яна лёгенька адхіляецца ўбок.
— Не, не, у мяне няма гарачкі… безумоўна, безумоўна няма… я мераю тэмпературу кожны дзень, з таго часу… з таго часу, як я пачала траціць прытомнасць. Гарачкі няма, заўсёды трыццаць шэсць і чатыры. І страўнік у парадку.
Я маруджу. У мяне паступова расце падазрэнне: я адчуваю, што гэтая жанчына чагосьці ад мяне хоча, сюды не прыязджаюць пагаварыць пра Флабэра. Я застаўляю яе чакаць хвіліну, другую.
— Прабачце, — гавару я потым проста, — дазвольце мне задаць вам некалькі пытанняў?
— Канечне, доктар! Вы ж урач, — адказвае яна, але тут жа зноў паварочваецца да мяне спінаю і пачынае перабіраць кнігі.
— У вас ёсць дзеці?
— Так, сын.
— А ці было ў вас… ці было ў вас раней… я хачу сказаць… тады… ці былі ў вас падобныя адчуванні?
— Так.
Яе голас стаў цяпер зусім іншы, выразны, без аніякай манернасці і нервовасці.
— А магчыма, каб вы… прабачце пытанне… магчыма, каб цяпер была тая ж прычына?
— Так.
Коратка, быццам вострым нажом, адрэзала яна. Нічога не здрыганулася на яе твары, які быў мне відаць у профіль.
— Лепей за ўсё, васпані, каб я агледзеў вас… дазвольце папрасіць вас… перайсці ў другі пакой?
Тут яна раптам паварочваецца. Праз вуаль я адчуваю яе халодны, рашучы позірк, скіраваны на мяне.
— Не… гэта непатрэбна… я зусім дакладна ведаю прычыну майго недамагання.
Голас на момант змоўк. У цемры зноў бліснула напоўненая чарка.
— Дык вось слухайце… але спачатку паспрабуйце ўдумацца ва ўсё гэта: да чалавека, які гіне ў адзіноце, урываецца жанчына, упершыню за шмат гадоў белая жанчына пераступае парог яго пакоя… І раптам я адчуваю прысутнасць у пакоі чагосьці злавеснага, нейкай небяспекі. Я ўвесь пахаладзеў: мною авалодаў страх перад жалезнаю рашучасцю гэтай жанчыны, якая прышла з лёгкаю балбатнёю, а потым раптам агаліла сваё патрабаванне, як клінок. Я ж ведаў, чаго яна ад мяне хацела, адгадаў гэта адразу — не ў першы раз жанчыны звярталіся да мяне з такою просьбаю, але яны прыходзілі інакш, прыходзілі прысаромленыя, умольвалі, плакалі і закліналі выратаваць іх. Але тут была… тут была жалезная, нібы мужчынская рашучасць… з першай хвіліны адчуў я, што гэтая жанчына мацней за мяне… што яна можа падпарадкаваць мяне сваёй волі… Аднак… аднак… ва мне расла нейкая злосць… мужчынская гордасць, крыўда, бо… я сказаў ужо, што з першай хвіліны, нават раней, як я пабачыў гэтую жанчыну, я адчуў у ёй ворага.
Читать дальше